Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на XXVI Звычайную нядзелю, Год А (28 верасня) | Друк |
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
27.09.2014 15:41

Каментарый да літургіі

Касцёл, выконваючы Божую волю, заклікае да навяртання і напаўнення надзеяй на тое, што Бог клапоціцца аб людзях, любіць кожнага, усіх жадае адарыць збаўленнем. Праз ахвяру Хрыста да нас набліжаецца збаўленне, яно становіцца нашым удзелам. Няхай жа наш удзел у нядзельнай Эўхарыстыі будзе выразам нашага чакання і поўным веры выкананнем волі Бога, каб атрымаць прабачэнне, надзею і абяцанне збаўлення.

Спынімся над нашымі паводзінамі, перапросім за зло нашых грахоў, каб у пакоры чакаць прабачэння. Каб праз пакору ў адносінах да Бога дасягнуць поўнай перамогі, якая ёсць дарам уваскрослага Пана.

Каментарый да літургіі слова

Прыналежнасць да Божага Валадарства засноўваецца не на вусным дэклараванні, а на веры і поўным добрай волі даверы Хрысту. Пыхлівыя фарысеі не прынялі навукі Хрыста, а прынялі яе пакорныя мытнікі і грэшнікі. Бог заўсёды чакае навяртання і адорвае жыццём тых, хто, прызнаючы сваю віну, знаходзіць да Яго шлях, як вучыць прарок Эзэхіэль. Шлях пакоры, які вядзе да перамогі, указаў нам Хрыстус – знішчаны і ўваскрослы.

Малітва вернікаў


Молімся ў пакоры Богу, які прагне збаўлення ўсіх людзей, які заўсёды чакае навяртання.

1. Няхай Касцёл абуджае надзею на прабачэнне сярод сваіх дзяцей.
— Пачуй нас, Пане, і адары збаўленнем.
2. Няхай Хрыстус сваёй пакорай умацоўвае тых, хто адрокся ад усяго, каб служыць Богу і людзям.
3. Няхай супакой Хрыста напаўняе свет і чалавечыя сэрцы.
4. Няхай бедныя і няшчасныя знойдуць дапамогу ў Бога і сваіх бліжніх.
5. Няхай нашы памерлыя ўвойдуць у Валадарства нябёсаў.
6. Няхай грэшнікі ў сакрамэнце пакаяння знойдуць вялікую любоў Бога і сапраўдную радасць.
7. Няхай наша прысутнасць на святой Імшы будзе заўсёды знакам веры, добрай волі і навяртання.

Ты, які заклікаеш да навяртання, умацоўваеш слабых, напаўняеш весялосцю, выслухай нашу малітву, каб, верна выконваючы Тваю волю, мы заслужылі ўваходу ў Валадарства нябёсаў. Праз Хрыста, Пана нашага.

(JM)

 
© 2003-2024 Catholic.by