Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на ХХХІІІ Звычайную нядзелю, Год А | Друк |
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
14.11.2014 10:48

Каментарый да літургіі

«…Няхай благаславіць цябе Пан з Сіёну,
і ўбачыш дабрабыт Ерузалема ва ўсе дні жыцця свайго...»


Усё, што мы маем у нашым жыцці, што нас акружае — створана Богам. Але таксама і тое, што Ён дае нашаму сэрцу: вера, надзея, любоў. Толькі ад нас залежыць, ці будзем мы прымаць гэтыя дары, ці застанемся без благаслаўлення і Яго апекі… Бо мы можам не толькі атрымаць, але і памножыць Божыя дары праз добрыя учынкі, а Ён зноў для нас і ў нас памножыць ласкі праз Эўхарыстыю.

Каментарый да літургіі слова

«…Па доўгім часе прыходзіць гаспадар слугаў гэтых і патрабуе ад іх рахунку…»

Кожны чалавек атрымаў ад Бога свае здольнасці. Гэтыя здольнасці могуць альбо затухаць, альбо павялічвацца. І тут важным з’яўляецца супрацоўніцтва з Богам праз тыя магчымасці, якія Ён нам дае. Менавіта пра гэта нам сёння кажа Евангелле. Нехта павялічыць здольнасці, нехта застанецца з тым, што мае. І ў выніку мы будзем стаяць перад Богам і адказваць за тое, як мы выкарысталі жыццё і тое, што Ён нам даў.

Малітва вернікаў

Шчырым сэрцам просім Пана нашага:

  • Адары нашага Папу Францішка і ўсіх біскупаў свету мудрасцю ў іх пастырскім служэнні.
  • Дадай уладам усіх краін разважлівасці ў дзеяннях, каб усё рабілі для дабрабыту грамадзян.
  • Даручаем Табе ўсіх церпячых і хворых, дадай ім вытрымкі і вернасці Табе.
  • Прымі ў сваё Валадарства ўсіх, хто пакінуў гэты свет, няхай цешацца з Табой у вечнасці.
  • Благаславі нас, прысутных ля Твайго алтара, каб вучыліся плённа выкарыстоўваць атрыманыя ад Бога дары.


Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Падрыхтавала Рэгіна Атрашкевіч

Адноўлена 14.11.2014 10:56
 
© 2003-2024 Catholic.by