Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на І Нядзелю Адвэнту (30 лістапада) | Друк |
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
27.11.2014 15:59

Каментарый да літургіі

Сёння мы распачынаем перыяд Адвэнту, які з’яўляецца часам чакання і падрыхтоўкі да прыйсця Хрыста. Праз некалькі тыдняў мы будзем урачыста адзначаць памяць Яго першага прыйсця на зямлю, а нашы сэрцы і думкі будуць напоўнены чаканнем Яго паўторнага прыйсця ў хвале.

Сённяшняя літургія скіроўвае нашу ўвагу на гэтае прыйсце. Мы чуваем на малітве і з даверам чакаем. Каб нашы малітвы ішлі з чыстага сэрца, перапросім найлепшага Айца за недахоп трываласці і веры ў чаканні прыйсця Яго Сына.

Каментарый да літургіі слова

Сённяшнія чытанні перапоўнены духам чакання прыйсця Хрыста, які заклікае нас да пастаяннай чуйнасці. Пан прыйдзе, а мы павінны быць гатовыя да спаткання з Ім. Адсюль нараджаецца патрэба адпаведнай падрыхтоўкі, але ў гэтай падрыхтоўцы мы не аддадзены толькі на ўласныя сілы, як кажа св. Павел.

Хрыстус будзе нас умацоўваць да часу свайго прыйсця. Услухаемся ў Божае слова, каб яно ўзмацніла нашу веру і надзею на прыйсце Хрыста.

Малітва вернікаў


Да Хрыста, які павінен прыйсці, пакорна ўзнясём просьбы, каб удзяліў патрэбныя нам ласкі ў чаканні Яго прыйсця:

1. Езу, умацуй духоўна і адары здароўем нашага Папу Францішка, каб яго служэнне было сведчаннем сапраўднай Божай любові.
2. Езу, благаславі і напоўні сваімі дарамі біскупаў і святароў, каб мелі моц несці супакой і прабачэнне туды, дзе пануе грэх.
3. Езу, аднаві ўзаемную любоў і пашану ў сужэнствах, якія перажываюць цяжкасці.
4. Езу, навучы нас шанаваць кожнае зачатае жыццё. Няхай кожнае дзіця будзе каханым і чаканым у сваёй сям’і.
5. Езу, Валадар жыцця, прымі нашых блізкіх памерлых у сваё Валадарства.
6. Езу, дапамажы нам вытрываць у нашых адвэнтавых пастановах, каб мы маглі з адкрытым сэрцам прыняць Цябе ў сваё жыццё.

Божа, наш найлепшы Айцец, просім, пачуй нашыя малітвы, якія скіроўваем да Цябе, і ўмацуй нашу веру ў штодзённым жыцці. Амэн.
 

Кс. Юрый Марціновіч

Адноўлена 27.11.2014 16:18
 
© 2003-2024 Catholic.by