Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на II Нядзелю пасля Божага Нараджэння (4 студзеня) | Друк |
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
02.01.2015 15:38

Каментарый да літургіі

У першую нядзелю новага года мы становімся перад Панам, Богам нашым, каб святкаваць гэты дзень, прызначаны на Яго хвалу і замілаванне. На парозе гэтага года складаем пастанаўленне, што не будзем прапускаць ніводнага святога дня, што без паважнай прычыны ніколі не прапусцім святую Імшу, што ў дзень Панскі не будзем выконваць ніякай неабавязковай працы. Няхай кожны з нас прыме зараз гэтыя святыя пастанаўленні ў сваім сэрцы. А Хрыстус, які тут сёння прыходзіць, няхай адорыць нас сваёй моцай, каб мы маглі верна выканаць гэтыя важныя абяцанні.

Каментарый да літургіі слова


Божая Мудрасць, якую паказвае Стары Запавет, з’явілася сярод людзей у Езусе Хрысце. Ён, народжаны перад усімі вякамі, аб’явіўся свету праз сваё прыйсце ва Уцелаўленні. У святле гэтай уцелаўлёнай Мудрасці чалавек можа распазнаць сваё пакліканне, прызначэнне і сэнс жыцця. Таму прыняцце Хрыста – гэта мудрасць жыцця і дар Бога.

Малітва вернікаў

Бог ёсць Мудрасцю, якая ў сваёй дабрыні ахоплівае сусвет, папросім жа ў нашых малітвах, каб зірнуў на нашы чалавечыя беды, якія Уцелаўлёнае Слова прыйшло падзяліць з намі.

1. Молімся, каб святло Хрыста зіхацела ў жыцці ўсіх ахрышчаных. Цябе просім...
2. Молімся, каб Хрыстус, які прыйшоў у тое, што Яму належыць, быў прыняты ў жыцці нашага народа, у нашых дамах і нашых сэрцах. Цябе просім...
3. Молімся, каб у нашы час былі людзі, якія сваім жыццём сведчаць аб Божым святле. Цябе просім...
4. Молімся за тых, якія сваю надзею пакладаюць у матэрыяльных дабротах, каб зразумелі сэнс убогага нараджэння Спрадвечнай Мудрасці. Цябе просім...
5. Молімся за памерлых, каб былі апраменены сузіраннем таго святла, якое спазналі на зямлі праз веру. Цябе просім...
6. Молімся аб святле вачэй сэрца для нас, тут сабраных, і для ўсіх тых, каго любім, каб пазналі, у чым надзея нашага хрысціянскага паклікання. Цябе просім...

Божа, які так палюбіў зямлю, што паслаў на яе Уцелаўлёнае Слова, дай нам, якія моляцца Табе, любоў, якая вядзе да крыніц сапраўднай мудрасці. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

(JM)

 
© 2003-2024 Catholic.by