Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на свята Хросту Пана (11 студзеня) | Друк |
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
09.01.2015 20:20

Каментарый да літургіі

“Шукайце Пана, пакуль Ён дазваляе знайсці сябе, клічце Яго, пакуль Ён блізка!”

Сёння Касцёл адзначае свята Хросту Пана. Хрыстус прымае сваю місію і становіцца на шлях прапаведвання пасля хросту. Па-першае, паказваючы людзям сапраўднасць сваёй прыналежнасці да Бога, якую Бог-Айцец адкрывае праз Духа Святога. Па-другое, Езус дае для людзей прыклад ачышчэння і далучэння да збаўчага шляху. Асаблівым чынам давайце ж сёння маліцца за тых людзей, якія рыхтуюцца да прыняцця гэтага сакрамэнту.

Каментарый да літургіі слова

“Ідзе за мною мацнейшы за мяне, якому я не варты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык на ягоных сандалях”.


У Евангеллі сёння мы бачым постаць св. Яна Хрысціцеля, які паказвае і падкрэслівае нам і ўсяму чалавецтву вялікую каштоўнасць Езуса Хрыста, які прыйшоў на гэты свет. І якім бы ты ні быў знакамітым, ці багатым, ці разумным, будзеш “не вартым”, але ў гэтым, як здавалася б, прыніжэнні Бог нас узвялічвае да гонару дзяцей сваіх. Прыгадайма ж наш уласны хрост, каб узнавіць радасць далучэння да супольнасці Касцёла.

Малітва вернікаў

Дзякуем Усемагутнаму Богу, што паслаў свайго Сына нам як Збаўцу, і молімся Яму.

  • Молімся за Папу Францішка і ўсіх біскупаў свету, каб заўсёды прымалі разважлівыя рашэнні.
  • Молімся за ўсіх новаахрышчаных, каб іх заўсёды ўзмацняў Хрыстус на шляху збаўлення.
  • Молімся аб супакоі ва ўсім свеце, а асабліва ва Украіне.
  • Молімся за сем’і, каб не занядбоўвалі рэлігійнае выхаванне сваіх дзяцей.
  • Молімся за дарослых, якія рыхтуюцца да прыняцця хросту.
  • Молімся за памерлых, каб маглі сузіраць Бога тварам у твар.
  • Молімся за ўсіх нас, сабраных каля стала Пана, каб заўсёды падтрымліваў і ахоўваў тых, якія праз хрост сталі да Яго падобнымі.


Рэгіна Атрашкевіч

 
© 2003-2024 Catholic.by