Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на ІІІ Звычайную нядзелю (Год B) | Друк |
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
22.01.2015 19:53

Каментарый да літургіі

Касцёл, выконваючы Божую волю, заклікае да навяртання і напаўнення надзеяй на тое, што Бог клапоціцца аб людзях, любіць кожнага, усіх жадае адарыць збаўленнем. У Касцёле ў нашай краіне мы перажываем Год навяртання. У гэты час мы павінны вярнуцца да крыніцы – значыць да Божай ласкі.

Таму адкрыемся на Божы заклік, паўстанем з цемры граху і будзем ісці да святла – нашага збаўлення.

Каментарый да літургіі слова

Бог праз вусны свайго Касцёла ўкажа нам заклік: устань, ідзі і абвяшчай! Нельга марудзіць з адказам на гэты заклік. Мы ўжо не маем часу на маруджанне, бо „наблізілася Валадарства Божае”. На ўзор рыбакоў з сённяшняга Евангелля, якія пакінулі ўсё і пайшлі, адкажам неадкладна на гэты заклік, поўны любові, каб Езус не пайшоў далей без нас, а мы каб не засталіся ў цемры свайго смутку, роспачы і пасіўнасці.

„Мінае вобраз гэтага свету”, таму, услухаўшыся ў Божы заклік, скіраваны да нас, і ўсведамляючы нялёгкі шлях, які нас чакае, будзем прасіць разам з псальмістам: навучы мяне сцежкам Тваім!

Малітва вернікаў

Бог ёсць Любоў, якая нястомна да нас прыходзіць і прытуляе нас да свайго сэрца, таму будзем прасіць Яго за тое, што непакоіць нашы сэрцы:

1. За Касцёл, каб нёс надзею туды, дзе пануе сумнеў, радасць туды, дзе ёсць смутак, любоў туды, дзе яе не хапае.
2. За тых, хто выконвае ў Касцёле адпаведныя задачы, каб у выкананні сваіх абавязкаў былі слугамі любові, справядлівасці і міру.
3. За ўсіх хрысціян, каб будавалі свае адносіны на аснове закону любові і жылі ў згодзе і еднасці.
4. За ахвяраў розных залежнасцяў, якія не бачаць безнадзейнасці сваёй сітуацыі, каб у іх сэрцах зноў нарадзілася адчувальнасць і жаданне барацьбы.
5. За тых, хто гэтай ноччу адкрыў вочы на другім баку жыцця, каб, агорнутыя святлом Уваскрасення, праславілі Бога ў вечнасці.
6. За нас саміх, якія прыйшлі на Вячэру Баранка, каб наша малітва вяла нас да ўбогіх, пакрыўджаных і хворых.

Благаславі нас, Божа, і дазволь нам поўнасцю даверыцца Табе. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Кс. Юрый Марціновіч

 
© 2003-2024 Catholic.by