Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на ІІ Нядзелю Вялікага посту (1 сакавіка) | Друк |
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
28.02.2015 14:53

Каментарый да літургіі

“Калi Бог за нас, хто ж супраць нас”

Сёння ўжо другі тыдзень Вялікага посту. Гэта сапраўды цудоўны і адказны час, у які асабліва пакаяцца, навярнуцца і верыць у Евангелле нас запрашае Пан - не часова, але так, каб гэтае вяртанне да дому Айца, падарожжа разам з Хрыстом было трывалым і плённым. “Калi Бог за нас, хто ж супраць нас”? Гэта вельмі моцны выраз, які падтрымлівае нас у цяжкія хвіліны. Мы ўсведамляем, што маем наймацнейшую падтрымку, калі толькі не становімся самі супраць сябе…

Каментарый да літургіі слова

“І захавалі наказ, разважаючы між сабою, што значыць «уваскрэснуць»”.


Што значыць “уваскрэснуць”? Хіба мы не зможам адказаць на гэта адназначна і ўпэўнена, бо не мелі ўваскрасення яшчэ, але праз Езуса, праз Яго прыклад, маем надзею. Дзеля гэтага, мне здаецца, мусім браць ужо паказаны узор жыцця Езуса: шчырага, адкрытага, які нарадзіўся і праз увесь свой шлях даваў прыклад прыгожага жыцця. Бо калі праз усё жыццё не змагаешся за ўзбагачэнне свайго ўнутранага і навакольнага свету, не спрабуеш рабіць добрыя і патрэбныя рэчы, то які сэнс уваскрасення? Апетыт узрастае ў працэсе ежы. Гэтай “ежай” у выпадку кожнага добрасумленнага чалавека з’яўляецца развіццё сваіх талентаў, узбагачэнне сваёй душы. Чым больш узбагачаем сваю душу, тым больш набліжаемся на таго поўнага багацця – Уваскрасення.

Малітва вернікаў

Дзякуем Усемагутнаму Богу, што ўчыніў нас годнымі сёння праслаўляць Яго, і пакорна молім:

  • Умацоўвай свой Святы Касцёл і падтрымлівай тых, хто Ім кіруе ў сапраўднай любові.
  • Спашлі супакой свету, каб ніхто не цярпеў ад вайны ці якога-кольвечы іншага прыгнёту.
  • Каб біскупы, святары і дыяканы былі нястомнымі абвяшчальнікамі Евангелля аж да краю зямлі.
  • Каб нашыя памерлыя цешыліся ў Нябесным Валадарстве еднасцю з Богам у Тройцы.
  • Дай нам, удзельнікам гэтай нядзельнай Эўхарыстыі, навяртацца ўсё болей да Бога і Яго светлых спраў.


Схіляемся перад Тваёй веліччу, Божа, і просім, абарані нас ад усялякага зла, праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Рэгіна Атрашкевіч


 
© 2003-2024 Catholic.by