Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на Пальмовую нядзелю (29 сакавіка) | Друк |
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
27.03.2015 21:19

Каментарый да літургіі

“Благаслаўлёны той,
хто прыходзіць у імя Пана!”

Пальмовая нядзеля - гэта ўспамін таго, як Езус Хрыстус уехаў у Ерузалем. Ён прыехаў з вядомай ужо Яму і Богу мэтай – збаўленне свету праз сваю смерць і ўваскрасенне. Для сучаснага тэмпу жыцця тыдзень не з’яўляецца доўгім часам, але, разважаючы ў Вялікі тыдзень над вядомым кожнаму шляхам Езуса, варта пастарацца быць уважлівым да кожнай хвіліны і кожнага дзеяння Пана ў дачыненні да нас, як шмат гадоў таму, так і цяпер.

Каментарый да літургіі слова

“Хрыстус прынізіў сябе,
будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай…”


Слухаючы ўважліва словы з Евангелля, давайце сёння пастараемся нанова ўявіць сабе ўсе падзеі крок за крокам. Допыт, асуджэнне, насмешкі, укрыжаванне, смерць… А што б сталася, калі б Езус не ўваскрос? Так, мы б не мелі жыцця. Гэты надыходзячы час Вялікага тыдня і дадзены нам на дэтальнае перажыванне і ўсведамленне каштоўнасці таго, што ўжо здзейснілася. Сёння няма гаворкі пра ўваскрасенне, каб даць нам шанс прайсці разам з Хрыстом і памерці.

Малітва вернікаў

Да Бога Усемагутнага ўзнясём нашыя малітвы:

  • Молімся за ўвесь Касцёл, каб крочыў шляхам збаўлення, прыклад якога нам даў Хрыстус.
  • Молімся за Папу Францішка, усіх біскупаў, святароў і дыяканаў, каб, годна выконваючы свае абавязкі на зямлі, мелі перад сабой вобраз Уваскрослага Хрыста.
  • Молімся аб супакоі ва ўсім свеце, каб не кіравала людзьмі нянавісць і помста, а толькі любоў і прабачэнне.
  • Молімся за краіны, у якіх пераследуюцца хрысціяне, каб у іх запанавала любоў, цярплівасць і міласэрнасць.
  • Молімся за людзей, церпячых ад цяжкіх хваробаў, каб заўсёды адчувалі прысутнасць і падтрымку Езуса Хрыста.
  • Молімся за ўсіх хрысціян, каб знайшлі час і сілы на перажыванне Вялікага тыдня ў супольнасці Касцёла.
  • Молімся за нас, тут сабраных, каб ніколі нам не забракла веры, надзеі і любові, прыклад якіх нам даў Хрыстус.


Усемагутны Божа, дапамагай нам у кожную хвіліну яднацца глыбей і глыбей з Табой, крыніцай Святла і Жыцця, праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Рэгіна Атрашкевіч


 
© 2003-2024 Catholic.by