Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на IV Велікодную нядзелю (26 красавіка) | Друк |
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
22.04.2015 10:40

Каментарый да літургіі

Сёння мы сустракаемся ў радасны велікодны перыяд, каб святкаваць Уваскрасенне Езуса Хрыста. Ён, як Добры Пастыр, збірае нас усіх разам і прапануе прайсці дарогай ад смерці да жыцця. Гэтай авечкай, якая мае паўторна нарадзіцца да жыцця, з’яўляецца кожны з нас, адкуплены Збаўцам на крыжы.

Нядзеля Добрага Пастыра распачынае ў Паўсюдным Касцёле тыдзень малітваў аб пакліканнях да Божай службы. Малімся падчас гэтай святой Імшы аб новых і святых пакліканнях да святарства, кансэкраванага жыцця і місіянерскай службы.

На пачатку гэтай Эўхарыстыі станем перад Добрым Пастырам у шчырасці сэрца і перапросім Яго за ўсе слабасці і грахі.

Каментарый да літургіі слова


Хрыстус хоча, каб мы сабраліся ў статку, імя якому - Касцёл. Ён за кожнага чалавека аддаў сваё жыццё, таксама і за нас. Ён хоча, каб мы былі свабоднымі ад граху і маглі прыняць удзел у “святкаванні жыцця вечнага”. У першым чытанні прыкладам выбаўлення ад сваіх грахоў з’яўляецца хворы, які “ў імя Езуса Хрыста” быў ачышчаны. Апостал Ян у другім чытанні заклікае нас развіваць свядомасць сваёй годнасці дзяцей Божых.

Малітва вернікаў


Езусу, які аддаў за нас сваё жыццё, прадставім нашыя просьбы:

1. Езу, Добры Пастыр, просім за Касцёл Святы, каб, як Ты, з адказнасцю апекаваўся даверанымі людзьмі і вёў да збаўлення. Цябе просім...
2. Езу, Добры Пастыр, просім за Айца Святога, біскупаў і святароў, каб, свядомыя свайго паклікання, прысвячалі ўсе сілы супольнасцям, якім служаць. Цябе просім...
3. Езу, Добры Пастыр, просім за маладых людзей, каб з адвагай адказалі на Тваё запрашэнне да святарства, манаскага і місійнага жыцця. Цябе просім...
4. Езу, Добры Пастыр, просім Цябе, дазволь нашым блізкім памерлым цешыцца вечнай радасцю ў небе. Цябе просім...
5. Езу, Добры Пастыр, просім за нас, сабраных вакол алтара, адары, праз моц сакрамэнтаў, нашае жыццё любоўю і ўзаемнай дабрынёй. Цябе просім...

Пане, які з дабрынёй і любоўю збіраеш усе народы свету ў адзіную сям’ю - Святы Касцёл - пакорліва просім, прымі нашыя малітвы, які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.

С. Людміла Леўдаровіч MChR

 
© 2003-2024 Catholic.by