|  Каментарый да літургіі 
 Прыходзім сёння ў святыню, каб напоўніцца Божаю любоўю, якая яднае сэрцы верных на нядзельнай святой Эўхарыстыі.
 
 Сам Езус набліжаецца да нас і прагне наталіць наш духоўны голад сваім святым Словам, аздараўляе нашыя душы і целы, даючы нам найкаштоўнейшую ахвяру – найвялікшы дар: Хрыстус умацоўвае нас сваім Найсвяцейшым Целам і Найдаражэйшаю Крывёю!
 
 Эўхарыстыя – падзяка за любоў,
 Эўхарыстыя – падзяка за збаўленне!
 
 Таму зараз адкрыем нашыя сэрцы, каб годна прыняць Езуса, які прыйшоў у свет, каб служыць, і жыццё сваё аддаў для адкуплення многіх!
 
 Каментарый да літургіі слова
 
 Сёння ў святым Божым слове ў першым чытанні з кнігі прарока Ісаі мы пачуем, што Бог вельмі шчодра ўзнагароджвае за цярпенні: абяцае прабачэнне грахоў і вечнае жыццё, збаўленне душы. Але сэнс у тым, што кожнае наша цярпенне мы павінны прымаць з любоўю, толькі тады заяснее святло Божай справялівасці і міласэрнасць Божая заўжды будзе над намі.
 
 Святы Апостал Павел у Пасланні да Габрэяў заклікае нас з даверам наблізіцца да трону ласкі.
 
 Алтар у святыні, да якога мы зараз прыходзім, – гэта трон Божай міласэрнасці! Бог шчодры ў сваёй любові і міласэрнасці да кожнага чалавека. Ён ведае ўсе нашыя праблемы, думкі, прагненні, нашыя радасці і смуткі. Таму менавіта з любові Езус, які сам зведаў усе выпрабаванні, акрамя граху, дапамагае нам, калі мы адкрываем свае сэрцы, слухаем Божы голас і цалкам Яму давяраем!
 
 Але Збаўца папярэджвае, каб мы ніколі, ні пры якіх абставінах, не ўзвышаліся над нашымі бліжнімі. Езус сёння прамаўляе да нашых сэрцаў: “…хто хоча быць найбольшым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх”. Бог шчодра благаслаўляе сваім дзецям, якія чыстыя і пакорныя сэрцам. Калі мы хочам наследаваць Хрыста, мы павінны служыць іншым, таму што жыццё хрысціяніна – гэта шлях служэння, шлях імкнення да супольнага дабра, да святасці, да вечнага жыцця ў Валадарстве Божым.
 
 Малітва вернікаў
 
 З вялікім даверам з глыбіні сэрцаў у духу пакоры цяпер узнясём да нашага Нябеснага Айца супольныя малітвы:
 
 1. Молімся за святы Касцёл каталіцкі, каб, асвечаны святлом Божай міласэрнасці, кожны дзень крочыў дарогамі веры, надзеі і любові да святасці. Цябе просім…
 2. Молімся за Айца Святога Францішка і ўсё духавенства, хто зараз удзельнічае ў Сінодзе ў Ватыкане, каб, умацаваныя дарамі Духа Святога, прымалі верныя рашэнні, кіруючыся Божай мудрасцю. Цябе просім…
 3. Молімся за сучасныя сем’і, каб у іх запанавала згода і ўзаемаразуменне і каб кожны дзень у сем’ях узносіліся супольныя малітвы, таму што малітва яднае сэрцы ў любові да Бога і бліжніх. Цябе просім…
 4. Молімся аб навяртанні грэшнікаў, асабліва за тых, хто звяртаецца да магаў, варажбітак і экстрасэнсаў, шукаючы вырашэння ўсіх сваіх жыццёвых праблем, каб Добры Бог даў ім ласку навяртання і шчырага пакаяння. Цябе просім…
 5. Молімся за ненароджаных дзяцей, якім пагражае небяспека аборту, а таксама за іх бацькоў, каб яны зразумелі, што аборт – гэта забойства чалавека. Божа! Уратуй ад такога жудаснага злачынства! Цябе просім…
 6. Молімся за душы, якія церпяць у чысцы, асабліва за тыя, за якія ніхто не моліцца, каб, ачышчаныя, абмытыя святой Крывёю Хрыста Збаўцы, яны змаглі ўвайсці ў Нябеснае Валадарства. Цябе просім…
 7. Молімся за нас, прысутных на нядзельнай святой Эўхарыстыі, каб, паяднаўшыся ў святой Камуніі з Хрыстом, мы навучыліся служыць бліжнім: проста, шчыра і бескарысліва. Цябе просім…
 
 Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
 
 Анастасія Блусянкова
 
 |