Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на ХХХІІ Звычайную нядзелю, Год В (8 лістапада) | Друк |
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
06.11.2015 12:39

Каментарый да літургіі

Падчас кожнай нашай сустрэчы з Хрыстом Ён глядзіць на нашае сэрца. Ён добра ведае, што ў ім схавана. Эўхарыстыя – гэта асаблівы момант сустрэчы нашага сэрца з міласэрным і любячым Сэрцам Хрыста. Ён глядзіць на нашае сэрца так, як глядзеў на скарбонку ў святыні, і добра бачыць, што мы здольныя аддаць. Ён патрабуе ад нас даверу. Таму пакінем на час літургіі ўсе справы, якія турбуць і непакояць нашае сэрца, і з вялікім даверам і пашанай будзем удзельнічаць у святой Літургіі.

Каментарый да літургіі слова  

“Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае”


Літургія слова на сённяшні дзень звяртае ўвагу з аднаго боку на ўбогасць і беднасць. Нездарма Хрыстус называе ўбогіх шчаслівымі і перасцерагае багатых словамі, што цяжка ім будзе ўвайсці ў Нябеснае Валадарства. Але сама па сабе беднасць ці нястача не здольная нам дапамагчы на шляху да Неба, але толькі калі яна перажываецца з Хрыстом.

Амаль кожны сучасны чалавек скардзіцца на недахоп часу, увагі іншага чалавека, любові, супакою. Усё гэта таксама з’яўляецца нашай беднасцю. Але ці здольныя мы дзяліцца тым, чаго нам так не хапае? Аддаць бліжняму свой час, паслухаць старэйшага чалавека, пагуляць з малодшымі, пастарацца зразумець маладога чалавека, які згубіўся ў жыцці.

З іншага боку Божае слова сёння кажа нам пра давер і дае прыклад дзвюх жанчын. У першым чытанні бачым прыклад жанчыны, якая даверылася і паслухалася Бога, які прамаўляў да яе праз прарока. У Евангеллі бачым прыклад беднай удавы, якая аддае апошняе і не думае пра сябе. Няхай яны стануць для нас прыкладамі таго, што Бог атуляе апекай кожнага, а ад нас патрабуе даверу. Калі Ён так прыгожа апранае лілію і дае ёй прыгажосць, то ці можа забыць пра нас, тых, за каго аддаў сваё жыццё?

Малітва вернікаў

Разважаючы над прыкладам беднай удавы, з вялікім даверам узнясём свае малітвы і просьбы да Усемагутнага Бога.

1. Молімся за святы Касцёл, каб быў знакам Божага Валадарства для сучаснага свету.
2. Молімся за святароў, каб так, як прарок Ілля, вучылі людзей давяраць ва ўсім Богу.
3. Молімся за хворых, бедных і самотных, каб былі побач людзі, здольныя дапамагчы.
4. Молімся за тых, за каго маем абавязак маліцца, асабліва за нашых дабрадзеяў, каб Бог адарыў іх усімі неабходнымі ласкамі.
5. Молімся за памерлых, каб атрымалі сваю ўзнагароду на Нябёсах.
6. Молімся за нас, тут прысутных, каб заўсёды памяталі, што Хрыстус глядзіць на сэрца, і ўмелі аддаць апошняе, калі таго патрабуе Бог ці бліжні.

Божа, з вялікім даверам аддаем Табе нашае жыццё і нашыя просьбы. Праз Хрыста, Пана нашага.

С. Таццяна Гмыза SJE

 
© 2003-2024 Catholic.by