Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на ІІ Нядзелю Адвэнту, Год С (6 снежня) | Друк |
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
05.12.2015 00:29

Каментарый да літургіі

“…І малюся за тое, каб любоў вашая яшчэ больш узрастала...”

Адвэнт, як ведаюць усе вернікі, – перыяд радаснага чакання прыйсця Збаўцы. Наш Збаўца ёсць любоўю. І, чакаючы Яго, такім чынам мы чакаем і ўдасканальваем гэтую цноту ў адносінах да свету, да ўсіх, хто ёсць навокал нас, а таксама ў дачыненні да сябе, бо, каб любіць усіх, трэба і да сябе ставіцца з любоўю і павагай.

Каментарый да літургіі слова

“…Падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму…”

Раўняць сцежкі. Што б гэта магло значыць у кантэксце хрысціянскага жыцця? Раўняць нешта, хутчэй за ўсё пагодзіцца кожны, – гэта ўдасканальваць штосьці да стану гладкага, нават дасканалага. Рабіць максімальна добрым, простым  і адкрытым сваё сэрца, – ці не гэта задача для нас? У прыгожае і шчырае сэрца Пану будзе магчымасць прыйсці значна хутчэй. Праз свае пастановы, удзел у Раратах і рэкалекцыях, а таксама праз асэнсаваную штодзённасць мы адкрываем яшчэ шырэйшую дарогу ў сваю душу на прыйсце Езуса.  

Малітва вернікаў

У шчырай пакоры просім Бога нашага:

  • Падтрымай нашага Папу Францішка і ўсіх біскупаў свету, каб іх штодзённая цяжкая праца прыносіла добры плён у сэрцах вернікаў.
  • За кіраўнікоў дзяржаў, каб мудра і сумленна ставіліся да сваіх абавязкаў.
  • За дабрадзеяў нашага Касцёла, каб Бог шчодра ўзнагародзіў іх дар сэрцаў і благаславіў за праяўленую шчодрасць.
  • За бацькоў, якія чакаюць нараджэння дзіцяці, каб былі клапатлівымі і адказнымі ў дачыненні не толькі да дабрабыту, але і да духоўнага выхавання ў сям’і.
  • Падтрымай хворых, пашлі на іх шляху добрых і шчырых людзей.
  • Дадай любові сем’ям, якія перажываюць цяжкасці, каб ніколі не страчвалі надзеі.
  • Прымі ў сваё Валадарства ўсіх, хто пакінуў гэты свет, няхай цешацца з Табой у вечнасці.
  • Благаславі нас, якія сабраліся ля Твайго алтара, каб праз гэты Адвэнт яшчэ больш удасканальвалі цноту любові.


Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.

Рэгіна Рудкоўская

 
© 2003-2024 Catholic.by