|  Менавіта сёння, калі сучасная сям’я ў грамадстве перажывае крызіс, варта глыбей прыгледзецца да штодзённага жыцця Святой Сям’і з Назарэта і, наследуючы яе прыклад, праз розныя перашкоды, клопаты і выпрабаванні мужна крочыць Божымі шляхамі да святасці.
  Каментарый да літургіі 
 Усемагутны Бог збірае нас зараз на святочную нядзельную Літургію Божага Слова ў свята Святой Сям’і і запрашае паяднацца з Ім у святой Эўхарыстыі, каб яшчэ больш удасканаліцца ў цнотах веры, надзеі і Божай любові.  Менавіта сёння, калі сучасная сям’я ў грамадстве перажывае крызіс, варта глыбей прыгледзецца да штодзённага жыцця Святой Сям’і з Назарэта і, наследуючы яе прыклад, праз розныя перашкоды, клопаты і выпрабаванні  мужна крочыць Божымі шляхамі да святасці.
 
 Святая Сям’я, якой была даручана справа выхавання і абароны Сына Божага, чэрпала з крыніцы чыстай Божай любові. Сам Езус Хрыстус быў гэтай Любоўю. Найсвяцейшая Панна Марыя і святы Юзаф сузіралі ў сям’і ўцелаўлёную Любоў, услухоўваліся і карміліся кожным словам гэтай Любові.
 
 Таму адкрыем свае сэрцы і ўважліва паслухаем Божае слова. Да кожнага з нас, прысутнага на святой Імшы, Бог прагне прамовіць сёння нешта асаблівае і вельмі важнае, што можа сапраўды перамяніць нашае жыццё на лепшае.
 
 Каментарый да літургіі слова
 
 Божае слова ў першым чытанні з кнігі Самуэля кіруе наш позірк на жыццё сям’і Ганны і Элькана. Ганна паказвае нам прыклад настойлівай і трывалай малітвы, бо менавіта праз малітву яна атрымала Божы дар – нарадзіла сына, якому далі імя Самуэль. Божы Провід прадвызначыў так: “ва ўсе дні, пакуль жыць будзе, ён прызначаны будзе для Пана”.
 
 Таму нашыя сэрцы сугучна спяваюць словамі псальма: “Шчаслівыя, хто жыве ў доме Тваім, Пане!”
 
 Сапраўды, шчаслівы той, хто давярае Пану Богу сваё жыццё і пакладае сваю моц толькі ў Ім. Шчаслівы той, хто трывае ў духоўнай радасці і сэрцам праслаўляе Бога, для каго Бог ёсць адзіным прытулкам і абаронаю ва ўсе дні жыцця.
 
 Шчаслівыя мы – таму што называемся Божымі дзецьмі і імі з’яўляемся! Але зараз мы не ведаем дакладна, чым будзем, калі нам аб’явіцца Айцец у сваёй хвале.
 
 Варта захоўваць Ягоныя запаведзі, старацца спаўняць Божую волю: чыніць тое, што падабаецца Богу.
 
 Найважнейшае, чым мы павінны кіравацца ў сваёй штодзённасці, – гэта вера ў Сына Яго Езуса Хрыста і любоў адзін да аднаго, як Ён загадаў нам. Аб гэтым кажа нам сёння святы апостал Ян у другім чытанні літургіі слова.
 
 Евангелле паводле Лукі паказвае эпізод, калі дванаццацігадовага Езуса Марыя і Юзаф знаходзяць у святыні. Наша ўвага канцэнтруецца на мудрасці Езуса – Божага Сына, а таксама на цнотах разважлівасці і паслухмянасці. У Святой Сям’і пануе згода, узаемаразуменне. Найсвяцейшая Панна Марыя ўсё, што адбываецца, і кожнае слова Езуса, захоўвае і разважае ў сэрцы сваім. Святая Сям’я, а менавіта яе ўкрытае жыццё, таксама з’яўляецца прыкладам удзелу ў справе збаўлення свету.
 
 У сваім штодзённым жыцці Святая Сям’я яднаецца з Уцелаўлёным Божым Словам – з Асобаю Езуса, а праз гэта адбываецца паяднанне Святой Сям’і з усёй Найсвяцейшай Тройцай.
 
 Пазнанне Езуса з Назарэта – гэта важны крок на шляху пазнання самога сябе ў праўдзе без пыхі і адчаю. У выніку – ствараецца поўная даверу сувязь з Езусам. Давер Богу ўмацоўвае веру, паглыбляе надзею і любоў, і, такім чынам, знікаюць страх і розныя сумнівы, так сэрца чалавека перамяняецца.
 
 Малітва вернікаў
 
 У пакоры сэрца праз заступніцтва Святой Сям’і ўзнясём да Айца Нябеснага з вялікім даверам нашыя супольныя малітвы:
 
 молімся за хрысціян ва ўсім свеце, каб па прыкладу Святой Сям’і з Назарэта неслі паўсюдна супакой, узаемаразуменне і бескарыслівую Божую любоў. Цябе просіммолімся за Айца Святога і ўсё духавенства, каб праз сваё ахвярнае служэнне дзеля Божай хвалы нястомна дапамагалі вернікам імкнуцца да святасці. Цябе просіммолімся за сямейныя рухі і супольнасці ў Касцёле, каб на ўзор Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Юзафа з кожным днём узрасталі ў цнотах веры, надзеі і чыстай Божай любові. Цябе просіммолімся за хрысціянскія сем’і, у якіх няма згоды, павагі і ўзаемнай любові, каб з дапамогаю ласкі Божай адкрылі свае сэрцы і аднавілі ўзаемаадносіны, трываючы ў любові Хрыста. Цябе просіммолімся за ўсіх тых, хто рыхтуецца ў бліжэйшы час прыняць сакрамэнт сужэнства, каб, асветленыя святлом Духа Святога, яны заставаліся вернымі свайму пакліканню праз усё жыццё. Цябе просіммолімся за моладзь нашай краіны, якая да гэтага часу яшчэ не змагла  распазнаць сваё пакліканне, каб, робячы ўласны выбар, кіравалася мудрасцю Божай і ішла за голасам свайго сумлення. Цябе просіммолімся за нас, прысутных на святой Імшы, каб мы заўсёды верна выконвалі ў жыцці Божую волю, якая заключаецца ў любові да Бога і бліжняга. Цябе просім
 Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.
 Анастасія Блусянкова
 
 
 |