Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на II Велікодную нядзелю (3 красавіка) | Друк |
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
31.03.2016 14:40

Каментарый да літургіі

Божая міласэрнасць – гэта любоў самаадданая, яна невычэрпная і незразумелая для чалавечага розуму.

Збіраючыся сёння пры стале Слова і Цела Хрыста, хочам усвядоміць ісціну, што Бог ёсць любоў. Гэтая любоў пераўзыходзіць чалавечую. Бог у сваёй любові будзе прапаноўваць усё, не пакінуўшы сабе нічога. Бо так палюбіў Бог свет, што даў нам свайго Адзінароднага Сына, каб нас вызваліць з нашых грахоў.

Перапросім Бога за слабасць нашай веры і за ўсе правіны, каб умацаваў нас. Няхай нашыя сэрцы будуць адкрытыя на прыняцце Божых дароў.

Каментарый да літургіі слова

Хрыстус пасля свайго ўваскрасення з'явіўся апосталам, адарыў іх  супакоем і даў ім Святога Духа. Іх задачай было прывесці ўсіх людзей да веры і адзінства, а таксама прабачаць ад імя Хрыста. Гэтую місію добра выконвалі першыя хрысціяне, збіраючыся на ламанне хлеба, інакш Эўхарыстыю, і жывучы ў адзінстве і любові. І сёння хрысціяне павінны праз веру сустракацца з Хрыстом, які прысутнічае ў Касцёле.
 
Малітва вернікаў


Трываючы ў супольнасці Касцёла і на ламанні хлеба, занясём да Уваскрослага Хрыста нашыя малітвы.

  1. Пане Езу, просім Цябе, умацуй ва імкненні да святасці свой Касцёл, каб нёс сучаснаму свету святло Евангелля.
  2. Пане Езу, просім Цябе, адары патрэбнымі сіламі і здароўем Святога Айца Францішка.
  3. Пане Езу, просім Цябе, умацуй мір ва ўсіх краінах свету і адары ім краіны, ахопленыя вайной.
  4. Пане Езу, просім Цябе, дазволь нашым блізкім памерлым цешыцца вечнай радасцю ў небе.
  5. Пане Езу, просім Цябе, адары праз моц сакрамэнтаў нашае жыццё супакоем і адзінствам.


Пане, Ты праз Уваскрасенне прынёс людзям мір і прабачэнне; умацуй нашу веру, занясі нашыя малітвы да Айца Нябеснага. Які жыве і валадарыць на векі вечныя.

С. Людміла Леўдаровіч MChR

Адноўлена 31.03.2016 18:30
 
© 2003-2024 Catholic.by