Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы (22 мая) | Друк |
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
18.05.2016 12:08

Каментарый да літургіі

Так шмат у сучасным свеце не хапае адзінства ў сям'і, ў сферы сацыяльнай ці грамадскай. Шмат маглі б мы дасягнуць, калі б пазбавіліся ў нашым жыцці падзелаў, якія выкліканы адсутнасцю любові. Замест таго, каб будаваць, мы прыносім спусташэнне, каб даваць супакой - уводзім падзел. Гэта ўсё адбываецца як вынік недахопу любові.

Сапраўдная любоў мае сваю крыніцу ў Святой Тройцы. Бог Айцец паслаў у свет «Сына, Слова Праўды і Духа Суцяшыцеля», для таго, каб мы разумелі эканоміку Божай любові, якая адрозніваецца ад чалавечай. Адзінства Божах Асобаў заклікае нас таксама да адзінства з Паўсюдным Касцёлам.

Адкрыем нашы сэрцы на Божую ласку, няхай Дух Святы напоўніць нашыя сэрцы, каб мы бачылі вачыма веры на алтары дзеянне Святой Тройцы.

Каментарый да літургіі слова

Тэксты сённяшняй літургіі гавораць аб адносінах паміж Асобамі Тройцы. Бог Айцец паслаў у свет з місіяй выратавання Езуса Хрыста, які праз праліццё сваёй крыві ачышчае нас ад усялякага граху, і даў нам свайго  Духа, які напаўняе нас любоўю.

Няхай сённяшняе слуханне Божага слова абудзіць у нашых сэрцах імкненне да яднання з Богам. Таму што словы, якія чуем, Бог накіроўвае да нас, людзей, якія жывуць у дваццаць першым стагоддзі.

Малітва вернікаў

Умацаваныя Божым словам, давайце адкрыем перад Богам у Тройцы Адзіным нашыя сэрцы у пакорнай малітве:

1. Молімся за Касцёл Святы – няхай няспынна абвяшчае Добрую Навіну ўсім народам. Цябе просім...
2. Молімся за Айца Святога, біскупаў і святароў, каб, напоўненыя моцаю Духа Святога, кіравалі Касцёлам. Цябе просім...
3. Молімся за сем’і, каб, моцныя Богам, выхоўвалі дзяцей паводле хрысціянскіх каштоўнасцяў. Цябе просім...
4. Молімся за хворых, бедных і самотных, каб сустрэлі на сваёй дарозе жыцця людзей, якія змогуць ім дапамагчы. Цябе просім...
5. Молімся за нашых памерлых родных і сяброў – няхай жывуць у Богу на векі. Цябе просім...
6. Молімся за нас, прысутных на гэтай святой Імшы, – няхай наша жыццё станецца праслаўленнем  Найсвяцейшай Тройцы. Цябе просім...

Божа, выслухай нашы просьбы, якія ў Духу Святым узносім да Цябе ў Імя Езуса Хрыста, нашага Збаўцы, які жыве і валадарыць на векі вечныя.
                                                                                                           
C. Людміла Леўдаровіч MChR

 
© 2003-2024 Catholic.by