Каментарый да літургіі і малітва вернікаў на II Нядзелю Вялікага посту, Год А (12 сакавіка) | Друк |
Каментарыі да літургіі і малітва вернікаў
10.03.2017 14:11

Каментарый да літургіі

Літургічны перыяд Вялікага посту — гэта час духоўнага адраджэння для кожнага хрысціяніна, час, дадзены для таго, каб нанова ўсвядоміць, да чаго паклікаў нас Бог.

Хрысціянін пакліканы быць благаслаўленнем для іншых, каб, спадзеючыся на Божую міласэрнасць і трываючы ў боязі Божай, дапамагаць бліжнім знайсці Бога, адкрыць Яго прысутнасць у штодзённым жыцці.


Каментарый да літургіі слова

Літургія Божага слова сёння скіроўвае ўвагу на пакліканне Абрагама, Айца Божага народа. Бог загадаў Абрагаму выйсці з роднай зямлі і даў абяцанне благаслаўлення, якое распаўсюдзіцца на ўсе плямёны зямлі.

У пасланні святога апостала Паўла да Цімафея мы пачуем заклік далучыцца да цярпенняў дзеля Евангелля.

Езус Хрыстус звяртаецца сёння да кожнага з нас, як некалі прамовіў да сваіх вучняў падчас перамянення на гары Табор: «Устаньце і не бойцеся!» Мы не павінны баяцца спакусаў і выклікаў сучаснага свету, трэба толькі трываць у Богу, бо «Ён — наша дапамога і абарона».


Малітва вернікаў

Ойча Спрадвечны, у Табе — наша надзея, падтрымка і абарона, таму зараз з вялікім даверам і надзеяй на Тваю міласэрнасць звяртаемся да Цябе з просьбамі:

  1. Благаславі Святога Айца Францішка і ўсё духавенства, каб верна выконвалі свае абавязкі апостальскага і пастырскага служэння, пашыраючы Божае Валадарства на зямлі. Цябе просім…
  2. Пане Езу, дапамажы тым, хто кіруе дзяржавамі, пашыраць хрысціянскія каштоўнасці ў грамадскім жыцці, а таксама ўчыні спакой і справядлівасць паміж народамі. Цябе просім…
  3. Добры Божа, дадай мужнасці годна бараніць сваю веру і абвяшчаць святое Евангелле тым народам, якія церпяць уціск і пераслед за веру ў Езуса Хрыста. Цябе просім…
  4. Усемагутны Божа, прасвятлі розум тых, хто прабывае ў сваіх грахах, — звяртаецца да варажбітак і экстрасэнсаў, чытае акультную літаратуру — дай ім ласку шчырага пакаяння. Цябе просім…
  5. Міласэрны Божа, скіруй свой позірк на цяжка хворых, церпячых, засмучаных, каб у Табе яны знайшлі сапраўднае суцяшэнне, падтрымку і любоў. Цябе просім…
  6. Ойча Нябесны, прымі ў Валадарства вечнай хвалы і радасці тых, хто сёння адыдзе да вечнага жыцця, а таксама душы, якія церпяць у чыстцы і чакаюць Тваёй міласэрнасці. Цябе просім…
  7. Ойча спрадвечнай любові і міласэрнасці, усім нам, сабраным на нядзельнай Эўхарыстыі, дапамажы глыбей зразумець сваё хрысціянскае пакліканне. Цябе просім…

Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Падрыхтавала Анастасія-Алена Блусянкова

Адноўлена 10.03.2017 14:15
 
© 2003-2024 Catholic.by