Быць першымі ці апошнімі? Гамілія на 25 жніўня | Друк |
Нядзельнае казанне
23.08.2013 21:39

Дарагія браты і сёстры! Хачу сканцэнтраваць нашу ўвагу на апошніх радках сённяшняга Евангелля: «апошнія, якія стануць першымі, і першыя, якія стануць апошнімі».

Гэтыя словы мы неаднойчы чулі, магчыма сустракалі, чытаючы Святое Пісанне. Можа, мы нават ужывалі гэтыя ці падобныя словы, устаўляючы іх у кантэкст сваёй жыццёвай сітуацыі. Давайце разам паразважаем, у якім кантэксце гэтыя словы сёння прамаўляе Езус да нас.

Напэўна, тэма, над якой засяроджваецца не толькі сённяшняе Евангелле, але і ўся літургія слова - гэта збаўленне, а дакладней кажучы, у цэнтры гэтай тэмы знаходзіцца пытанне: хто будзе збаўлены? Не памылюся, калі скажу, што гэта даволі актуальнае пытанне - такім яно было, ёсць і будзе.

Дарагія! У сваім сэрцы мы неаднойчы задаем Езусу падобнае пытанне: Пане, няўжо мала тых, хто будзе збаўлены? І калі ў гэты момант не знойдзецца мудрага настауніка ў асобе святара ці чалавека свецкага, які дасць адказ у святле навучання Касцёла, то чалавек можа згубіць правільны арыенцір. Напрыклад, можна трапіць пад уплыў сведкау Іеговы, погляды якіх далёкія ад хрысціянскіх. Або стварыць свой светапогляд і сваю ўласную дактрыну збаўлення.

Езус сёння адказвае на гэтае пытанне, але вельмі асцярожна. Ён злёгку як бы прыадкрывае праўду аб збаўленні. Езус кажа: Імкніцеся прайсці праз вузкую браму, бо, кажу вам, многія будуць спрабаваць увайсці, але не змогуць.

Мае дарагія! Па-першае, гэтую вузкую браму сімвалізуе зараз навучанне Касцёла. Толькі паглядзіце: калі мы чытаем Святое Пісанне, то ў нас можа ўзнікнуць безліч хвалюючых пытанняў, і шматлікія ўрыўкі з Бібліі, без настаўніцтва Касцёла, можна зразумець памылкова. Напрыклад, з Апакаліпсіса, дзе напісана аб 144 тысячах збаўленых. Але на самой справе лічба гэтая не мае ў сабе лічэбнага зместу, яна паведамляе аб незлічонай колькасці збаўленых з 12 пакаленняў ізраэльскага народу. Калі вырваць гэтую лічбу з кантэксту, то можна не толькі памыліцца, але і згубіць усялякую надзею на збаўленне.

Па-другое, вузкая брама, пра якую кажа нам Хрыстус, — гэта мае паводзіны, мае ўчынкі, мой стыль жыцця, які я свядома абіраю. Бо сярод мноства шляхоў і дарог, якія існуюць у свеце, Езус паказвае тую адзіную простую дарогу, на якой брамаю становяцца Божыя запаведзі. А паколькі запаведзі патрабуюць ад нас пэўнай працы над сабою і над сваім жыццём увогуле, то брама да збаўлення  - вузкая.

Першае чытанне вельмі добра раскрывае ўніверсалізм збаўлення. Гэта значыць, што дар збаўлення належыць не толькі выбранаму ізраэльскаму народу, але і ўсім народам свету. Бо Езус жадае, каб вучні распаўсюджвалі Добрую Вестку па ўсім свеце. Ён кажа: Ідзіце і абвяшчайце Евангелле. Не думайце, што гэты заклік Езуса Хрыста сёння неактуальны. Гэта не так. Сёння свет, сёння мы, сёння кожны патрабуе новай евангелізацыі, новага адкрыцця Хрыстовай праўды аб збаўленні, каб нанова жыць евангельскім стылем зараз, выкарыстоўваючы сучасныя сродкі, тэхніку, інфармацыю, каб Добрая Навіна Езуса стала нормай нашага жыцця. Бо гэта той сапраўдны шлях да збаўлення -  каб Святое Пісанне стала для нас інструкцыяй да разумення, што рабіць, каб стаць добрым чалавекам і добрым хрысціянінам. Каб падобнай інструкцыяй не былі для нас гараскопы, варажба і г.д.

Езуса, Марыю, святых належыць наследаваць у сваім жыцці, а не зорак спорту, эстрады, кіно і да іх падобных. Ведаю, гэта складана. Але няма нічога лёгкага ў нашым жыцці. Каштоўнае, вартаснае, праўдзівае заўсёды каштуе, таму мы, калі хочам ператварыць нашае жыццё ў евангельскі скарб, павінны нямала папрацаваць, а яшчэ больш павінны даверыцца Езусу, які ёсць даўцам збаўлення.

Дарагія браты і сёстры! У Хрысце, сваім Сыне, Бог дае нам дэпазіт веры, якая, у сваю чаргу, і ёсць гарантам нашага збаўлення. Нас, веруючых, можна назваць першымі, нас, каму так шмат дадзена. А як ведаем са Святога Пісання, са словаў самога Езуса, каму шмат дадзена, ад таго шмат і патрабавацца будзе. Добра, калі мы з апошніх станем першымі, горш, калі з першых зробімся апошнімі. Чаму? Бо чакае тады нас лёс выкінутых вон. А гэтага Езус нам не жадае. Застаецца апошняе пытанне: чаго для сябе жадаем мы — быць першымі ці апошнімі?! Няхай кожны сабе адкажа на гэтае пытанне індывідуальна.

A. Андрэй Авен OCD    

Адноўлена 11.09.2014 17:32
 
© 2003-2024 Catholic.by