Гамілія на І Нядзелю Адвэнту (27 лістапада) | Друк |
Нядзельнае казанне
25.11.2016 17:48

“Будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў тую гадзіну, калі вы не думаеце”.

Дарагія браты і сёстры!

Зараз у літургіі Касцёла распачаўся перыяд, які характарызуецца чаканнем Пана – называецца ён, як вы ўсе добра ведаеце, Адвэнт. Аб гэтым чаканні мы можам разважаць у розных аспектах, перадусім у аспекце чакання, якое цеплілася ў сэрцах людзей часоў Старога Запавету, якія чакалі прыйсця Месіі Збаўцы. Таксама адвэнтавае чаканне закранае і Парузію – другое прыйсце Хрыста напрыканцы вякоў.

Божае слова ў гэты перыяд адкрывае вельмі шмат прароцтваў, дзе распавядаецца аб прыйсці Езуса Месіі, каб у нашых сэрцах абудзіць трывалую надзею, моцнае прагненне і патрэбу Бога. Абяцанні, якія змяшчаюцца ў прароцтвах Старога Запавету, рэалізоўваюцца праз таямніцу Уцелаўлення і Нараджэння Езуса Хрыста. Такім чынам, чаканне Старога Запавету цалкам адлюстроўваецца ў Новым.

Сёння літургія слова заахвочвае нас да чування, да гатоўнасці да прыйсця Пана, спаткання з Ім, каб навучыцца Яго шляхам. Гэтая думка вельмі выразна бачная ў першым чытанні з кнігі прарока Ісаі: “Прыйдзіце, і ўзыдзем на гару Пана…і навучыць Ён нас сваім шляхам”. Прароцтвы гэтыя апавядаюць аб Хрысце, які прынясе святло іншым народам, не толькі Выбранаму, і спазнаюць святло Божага збаўлення. Чуем гэта сёння ў словах заахвочвання: “Прыйдзіце, і пойдзем у святле Пана”.

Дарагія! Ці гатовы мы стаць перад абліччам Хрыста? Ці гатовы да таго, як напісана ў сённяшнім першым чытанні: перакуюць мечы свае на плугі, і дзіды свае на сярпы; ці здольныя стаць у праўдзе перад сабою, бліжнім і Богам і ці здольныя ад сэрца прабачыць? Вось добрыя пытанні на пачатак новага літургічнага перыяду.

Святы Павел у Пасланні да Рымлянаў заахвочвае, каб мы адкінулі ўчынкі цемры і апрануліся ў зброю святла. Іншымі словамі, Апостал народаў хоча, каб веруючы ў Хрыста чалавек заўсёды быў падрыхтаваны да перспектывы вечнасці, якая яго чакае. Бо тое прагненне і чаканне, якое было яшчэ ў Старым Запавеце, ужо адбылося, рэалізавалася, і мы пакліканы да Святла, якім ёсць Хрыстус Збаўца. І таму нельга сябе паводзіць, як быццам бы была цемра безнадзейнасці: нельга праводзіць жыццё ў гулянках ды п’янстве, у распусце ды разбэшчанасці, у сварках ды зайздрасці. Зброя Святла - гэта не што іншае, як сам Езус Хрыстус, у якога апранаецца чалавек, калі прымае Яго і жыве адпаведным стылем. Ды і сам Хрыстус у Евангеллі сёння кажа: чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе.

Мае дарагія! Паставай чування напоўнена ўся сённяшняя літургія слова: чуваннем перад прыйсцем Пана. І яно нам прынясе не асуджэнне і пакаранне, але радасць, спакой і выкананне ўсіх нашых добрых і карысных мараў. Словы прарокаў не маюць на мэце нас запалохаць, а святыя Новага Запавету зусім не ставяць невыканальных патрабаванняў на шляху да святасці. Таму ўсё ў нашых руках. А гэта дае нам надзею і матывацыю, каб у радасці і спакоі духу перажываць сваё хрысціянскае пакліканне.

Дарагія браты і сёстры! Гатовымі да прыйсця Пана мы павінны быць заўсёды. Час Адвэнту - гэта толькі акрэслены літургічны перыяд, які нам яшчэ раз нагадвае аб гэтай праўдзе. Ад нас залежыць пастава гатоўнасці і чування. Дзякуючы Эўхарыстыі гэтая падрыхтоўка становіцца моцнай і сапраўднай, а нашае чуванне пастаянным. Езус сёння кожнага з нас запрашае на гару перамянення сэрца, да навяртання. Каб мы пакінулі ўсё тое, што перашкаджае гэтаму спатканню. Каб мы ішлі да Хрыста з радасцю, бо мэта нашай хрысціянскай вандроўкі заключаецца ў збаўленні і вечным шчасці. А зараз гэты час Адвэнту абвяшчае аб Божым Нараджэнні.

А. Андрэй Авен OCD

 
© 2003-2024 Catholic.by