Гамілія на V Велікодную нядзелю, Год А (14 мая) | Друк |
Нядзельнае казанне
12.05.2017 14:19

Чытанні >>>

«Я — дарога і праўда, і жыццё, — кажа Пан.
Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне».

Дарагія браты і сёстры!

Калі чытаем Евангелле паводле св. Яна, можам заўважыць, што аўтар ставіць шэраг важных пытанняў, якія датычаць мэты жыцця чалавека. Сённяшні фрагмент — не выключэнне. Тут Евангеліст апрача пастаўленага пытання пра мэту і годнае жыццё спрабуе паказаць нам магчымасці яго рэалізацыі.

Перад тым як святы Ян, евангеліст, падрабязна раскладзе сваю навуку па паліцах, ён распавядзе пра важны досвед чалавека, пра тое, з чым сутыкаецца кожны на сваім жыццёвым шляху, — пра боязь. Нават той, хто лічыць сябе моцным і адважным, хто па сваім жыцці ўпэўнена крочыць, таксама раней ці пазней сустракаецца з сітуацыяй боязі і трывогі. Няма такога чалавека на зямлі, якога б не палохала складаная сітуацыя, цяжкая хвароба ці небяспека смерці. Боязь уласцівая ўсім.

Нас можа непакоіць той момант, калі мы не ведаем, які выбар зрабіць у жыцці, як паступіць у той ці іншай сітуацыі, які накірунак выбраць, па якім шляху пайсці. Дзе тая дарога, якая вядзе да вырашэння складанай справы? І такая сітуацыя яшчэ больш ускладняецца, калі мы пачынаем свядома задумвацца і ставіць перад сабою пытанне: які кірунак абраць у сваім жыцці? Вельмі добра, калі мы зможам з самага пачатку распазнаць у сабе гэтую боязь і трывогу, якія нам спадарожнічаюць. Чым раней мы гэта зробім, тым хутчэй зможам пазбавіцца таго, што нас прыгнятае.

Сёння Езус кажа нам не толькі пра нашую ўласную боязь, але ўказвае і на тое, як з ёй змагацца і, урэшце, як яе пераадолець. Менавіта моцная вера здольная дапамагчы нам у гэтай справе. Яна з’яўляецца зброяй, якая знішчае ўсялякага роду трывогу і боязь у нашым сэрцы. Гэта канкрэтная вера ў Бога, укаранёная ў Ім. Хрыстус указвае на самога сябе, як на аб'ект веры, пралівае святло на самую важную справу ў хрысціянскім жыцці: вера не з'яўляецца толькі тэорыяй ці прыгожай традыцыяй, яна з'яўляецца чымсьці большым. Давайце паразважаем, чым яна для нас з'яўляецца.

Дарагія! Перадусім вера злучае нас з асобай Хрыста, які знаходзіцца ў супольнасці веруючых. Ён — галава містычнага цела, якім з’яўляецца Касцёл. Без жывой сувязі з Езусам нашая вера становіцца пустой, а наша ўнутраная боязь толькі павялічваецца, бо мы не адчуваем пэўнасці. Вера не можа грунтавацца на нейкіх абстрактных паняццях, яна павінна быць пабудавана на Хрысце. І тут у нас можа ўзнікнуць наступнае пытанне: ці чэрпаю я сваю веру з асабістай сувязі з Езусам Хрыстом? А можа, мая вера абмяжоўваецца толькі вусным вызнаннем, калі чытаю апостальскі Сімвал веры ці даўжэйшы, падчас нядзельнай святой Імшы?

Разважаючы над сённяшнім фрагментам Евангелля, спынімся на моманце, у якім выразна бачна мэта, на якую ўказвае Езус і да якой кожны з нас імкнецца, бо ў ёй заключаецца сэнс нашага жыцця на зямлі. Гэтай мэтай з’яўляецца нашае прабыванне ў доме Айца, з якога выйшаў да нас Езус і да якога вяртаецца, каб падрыхтаваць нам месца.

Колькі ў гэтых словах нашага Збаўцы шчырага клопату пра кожнага з нас, колькі любові супраць нашай злосці і нікчэмнасці. І гэта толькі дзеля таго, каб мы былі там, дзе Ён. Езус не засяроджваецца толькі на абмежаваным зямным прабыванні з намі. Ён хоча быць з намі ўсю вечнасць.

Аднак Езус не толькі ўказвае мэту, не толькі становіцца пуцяводнай зоркаю для тых, хто туды крочыць, але сам акрэслівае сябе, называючы дарогаю. Не толькі паказвае пункт, куды веруючыя павінны дайсці, але накрэслівае напрамак, якім Ён сам з’яўляецца: «Я — дарога і праўда, і жыццё, — кажа Пан. — Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне».

Умілаваныя! Езус не пакінуў нас у страху перад пошукам магчымых шляхоў да шчаслівай вечнасці, але аб’явіў сябе як адзіны беспамылковы шлях да апошняй мэты чалавечага жыцця. Прадметам веры хрысціяніна не з’яўляецца нейкі абстрактны безасабовы бог, але той Бог, які мае канкрэтнае аблічча, чулае сэрца, якому вядомы нашыя пачуцці, імя якога — Езус з Назарэта.

Таму ў нашым жыцці не трэба баяцца, што мы будзем хадзіць па нейкіх невядомых шляхах і дарогах. Езус уваскрослы, якога мы ведаем са Святога Пісання, які рэальна прысутнічае сярод нас, асабліва зараз у сакрамэнце Эўхарыстыі і ў Божым слове, запрашае кожнага да сваёй супольнасці, да таго, каб мы сваю веру ажыўлялі Яго асобаю — жывой і дзейснай у Касцёле, каб мы прабывалі ў лучнасці з Богам.

Ты не ведаеш куды ісці? Імкніся пазнаваць свайго Пана, і Ён пакажа табе сапраўдны шлях, ідучы якім, ты не згубіш свой арыенцір да вечнасці. Слухай Яго слова і пераможаш усялякую боязь і трывогу, якая можа цябе мучыць. Ён з’яўляецца дарогай і праўдай — як сам пра сябе кажа. У Ім, з Ім і дзякуючы Яму ты маеш магчымасць цешыцца паўнатою свайго жыцця ў веры, перспектыва якой бясконца перакрочвае ўсе твае праблемы, клопаты і неспакой, і нават тваю смерць.

Можа, нас здзіўляе той факт, што апостал Тамаш, правёўшы столькі часу з Езусам у коле апосталаў, пасля відавочных цудаў, сведкам якіх ён, без сумніву, быў, задае Езусу такое недарэчнае пытанне пра дарогу да дому Айца: «Пане, не ведаем, куды Ты ідзеш. Як жа можам ведаць дарогу?» Аднак, калі глыбей засяродзімся над прычынаю ўзнікнення падобнага пытання, то прыйдзем да высновы, што яно не было банальным ці толькі для падтрымання размовы. Напэўна, гэта было пытанне, якое ўзнікла ў глыбіні сэрца апостала пад цяжарам нейкага страху ці непакою.

Умілаваныя ў Хрысце Пану! Не памылюся, калі скажу, што кожны з нас жадае ў сваім жыцці зведаць штосьці, што раз і назаўсёды прынясе яму спакой. Многія людзі такое заспакаенне шукаюць у алкаголю, наркотыках, кар’ерызме і ў іншым падобным, што не вядзе да жыцця, а наадварот, вядзе да згубнай залежнасці, якая не толькі знішчае нашае цела, але і душу. Езус Хрыстус жадае бачыць нас у доме свайго Айца. Ён падрыхтаваў месца для кожнага, бо дзеля гэтага ўваскрос і ўзышоў на неба.

Няхай сённяшняе Божае слова, Эўхарыстыя і наш у ёй чынны ўдзел дапамогуць нам яшчэ глыбей спазнаць пачутую сёння праўду, няхай памножаць у нас веру, якая грунтуецца на асобе нашага Збаўцы, і няхай дапамогуць нам верна крочыць да мэты тым шляхам, які нам адкрывае сам Езус. Бо гэта Ён — дарога, праўда і жыццё. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Адноўлена 12.05.2017 14:24
 
© 2003-2024 Catholic.by