«Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне»
Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету.
Калі
Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і
напоўнілася Альжбета Духам Святым. І ўсклікнула моцным голасам, і
сказала: Благаславёная Ты між жанчынамі і благаславёны плод улоння
Твайго! І адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? Бо калі
голас прывітання Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася ад радасці
дзіцятка ва ўлонні маім. І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца
сказанае Ёй Панам.
У тыя дні сказала Марыя:
Велічае душа мая Пана,
і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы.
Бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі,
і цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні.
Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны,
а імя Яго святое.
І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне
над тымі, хто Яго баіцца.
Паказаў моц сваёй правіцы,
рассеяў тых, хто пыхлівыя сэрцам.
Скінуў магутных з трону
і ўзвысіў пакорных.
Дабром галодных насыціў,
а багатых ні з чым адправіў.
Прыняў свайго слугу Ізраэля,
памятаючы пра сваю міласэрнасць,
як абяцаў бацькам нашым,
Абрагаму і яго патомству навекі.
І прабыла Марыя ў Альжбеты каля трох месяцаў, і вярнулася ў дом свой.