Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Панядзелак — трынаццаты звычайны тыдзень
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Быц 18, 16–33

Няўжо Ты загубіш справядлівага разам з нягоднікам?

Чытанне кнігі Быцця.

Калі мужы адышлі ад дубоў Мамрэ, яны скіраваліся ў Садом. Абрагам ішоў разам з імі, каб правесці іх. І сказаў Пан: Ці магу Я ўтаіць ад Абрагама тое, што павінен зрабіць, бо ён стане вялікім і магутным народам, і будуць благаслаўлёныя ў ім усе народы зямлі? Бо Я выбраў яго, каб ён наказаў сваім дзецям і свайму дому пасля сябе трымацца шляху Пана і чыніць справядлівасць і правасуддзе, каб Пан здзейсніў на Абрагаме ўсё, што казаў яму. I сказаў Пан: Узмоцніўся крык супраць Садома і Гаморы, і грахі іхнія сталі вельмі цяжкімі. Сыду і пагляджу, ці сапраўды чыняць згодна з нараканнем, якое даходзіць да Мяне, ці не; Я даведаюся.

I павярнуліся мужы гэтыя, і пайшлі ў Садом. Абрагам жа яшчэ стаяў перад Панам. Наблізіўшыся, Абрагам сказаў: Няўжо Ты загубіш справядлівага разам з нягоднікам?  Калі знойдзецца ў горадзе пяцьдзесят справядлівых, няўжо Ты загубіш і не пашкадуеш горада дзеля пяцідзесяці справядлівых, калі будуць у ім? Не рабі гэтак, каб забіць справядлівага з нягоднікам, і ўчыніць са справядлівым, як з нягоднікам, не рабі так! Ці ж суддзя ўсёй зямлі не чыніць правасуддзя?

I Пан сказаў: Калі я знайду ў горадзе Садоме пяцьдзесят справядлівых, то Я дарую ўсяму гораду дзеля іх.

I сказаў Абрагам у адказ: Вось я, будучы пылам і попелам, адважыўся гаварыць з Панам. А што, калі да пяцідзесяці будзе неставаць пяці справядлівых? Знішчыш ўвесь горад дзеля пяці?

Ён сказаў: Не знішчу, калі знайду там сорак пяць.

I зноў кажа Яму: Можа, знойдзецца там сорак.

Ён сказаў: Не ўчыню і дзеля сарака.

I сказаў: Няхай не гневаецца Пан мой, калі скажу: можа, знойдзецца там трыццаць.

Ён сказаў: Не ўчыню, калі знайду там трыццаць.

I сказаў: Вось жа, я пачаў гаварыць з Панам: можа, знойдзецца там дваццаць?

Ён сказаў: Не зруйную дзеля дваццаці.

I сказаў: Прашу, няхай не гневаецца Пан мой, калі скажу яшчэ раз: можа, знойдзецца там дзесяць? Ён сказаў: Не знішчу дзеля дзесяці.

I адышоў Пан, скончыўшы гаварыць з Абрагамам, а Абрагам вярнуўся на сваё месца.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 103 (102), 1–2. 3–4. 8–9. 10–11 (Р.: 8а)

Рэфрэн: Міласэрны ёсць Пан і ласкавы.

13. Благаславі, душа мая, Пана, *
і ўсё нутро маё, імя Яго святое.
14. Благаславі, душа мая, Пана *
і не забывай пра ўсе Яго дабрадзействы.

Рэфрэн:

15. Ён адпускае ўсе беззаконні твае *
і вылечвае ўсе твае хваробы.
16. Ён жыццё тваё ратуе ад загубы, *
літасцю і міласэрнасцю цябе карануе.

Рэфрэн:

8. Міласэрны ёсць Пан і ласкавы, *
доўгацярплівы і шматміласцівы.
9. Не злуецца вечна *
і не палае гневам навекі.

Рэфрэн:

10. Не чыніць з намі паводле  грахоў нашых *
і не адплачвае паводле правінаў нашых.
11. Бо, як высока ўзносіцца неба над зямлёю, *
настолькі вялікая міласэрнасць Пана да тых, хто Яго баіцца.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Ам 2, 6–10. 13–16

Сціраюць у пыл галовы бедных

Чытанне кнігі прарока Амоса.

Так кажа Пан:

За тры злачынствы Ізраэля і за чатыры не адвярну свайго пакарання, бо справядлівага прадаюць за срэбра і беднага — за пару сандаляў. Сціраюць у пыл зямны галовы бедных і шлях паслухмяных скрыўляюць. Бацька і сын ходзяць да адной жанчыны, каб знеслаўляць Маё святое імя. На вопратцы, узятай у заклад, ляжаць каля кожнага ахвярніка і віно асуджаных п’юць у доме Бога свайго. А Я знішчыў перад абліччам іх Амарэя, які быў высокі як кедр і моцны, як дуб; Я знішчыў плод яго наверсе і карэнне яго ўнізе.

А вас Я вывеў з зямлі егіпецкай і вадзіў вас па пустыні сорак гадоў, каб вы атрымалі ў спадчыну зямлю амарэйскую.  Вось Я прыцісну вас да зямлі, як цісне воз, нагружаны снапамі. І хуткі не зможа ўцячы, і моцны не ўзмоцніць сваёй сілы, і магутны не ўратуе свайго жыцця,  не выстаіць ні лучнік, ні хутканогі не ўцячэ, ні вершнік не ўратуе свайго жыцця. І самы адважны ў сэрцы сярод моцных уцячэ голы ў той дзень, — кажа Пан.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 50 (49), 16bc–17. 18–19. 20–21. 22–23  (Р.: 22а)

Рэфрэн: Зразумейце гэта вы, хто забывае Бога.

16. Нашто пералічваеш мае наказы *
і ў вуснах носіш мой запавет,
17. а сам ненавідзіш настаўленне *
і словы Мае кідаеш за сабою?

Рэфрэн:

18. Калі бачыш злодзея, захапляешся ім *
і сябруеш з чужаложнікамі.
19. Вусны свае адкрываеш дзеля зла, *
і язык твой сплятае падман.

Рэфрэн:

20. Сядзіш і гаворыш супраць брата свайго, *
зневажаеш сына тваёй маці.
21. Ты гэта рабіў, а Я маўчаў. *
Ты думаў, што Я падобны да цябе?

Рэфрэн:

22. Зразумейце гэта вы, хто забывае Бога, *
каб Я не схапіў, і не будзе каму ратаваць.
23. Хто прыносіць ахвяру падзякі, той Мяне шануе, *
і таму, хто беззаганных паводзінаў, пакажу Божае збаўленне.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

пар. Пс 95 (94), 8ab
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Сёння не рабіце цвёрдымі вашыя сэрцы,
але слухайце голас Пана.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 8, 18–22

Ідзі за Мною

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус, убачыўшы вакол сябе натоўп, загадаў пераплыць на другі бераг. Тады адзін кніжнік падышоў і сказаў Яму: Настаўнік, я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў. І кажа яму Езус: Лісы маюць норы і птушкі нябесныя гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву.

Другі ж з вучняў Ягоных сказаў Яму: Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць бацьку майго. Езус жа сказаў яму: Ідзі за Мною і пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 17.06.2010 13:25
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.