Лк 2, 22-32 | Друк |
02.02.2016 03:00

«Вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё»

 Калі мінулі дні іх ачышчэння паводле Закону Майсея, бацькі Езуса прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць перад Панам, як напісана ў Законе Пана, што кожнае першароднае дзіця мужчынскага полу павінна быць прысвечана Пану; каб прынесці ў ахвяру, як сказана ў Законе Пана, пару туркавак або два галубкі.

 Жыў у Ерузалеме чалавек, імя якога Сімяон. Быў гэта чалавек праведны і пабожны, які чакаў суцяшэння Ізраэля, і Дух Святы спачываў на ім. Адкрыў яму Дух Святы, што ён не ўбачыць смерці, пакуль не ўбачыць Месію Пана. І прыйшоў, натхнёны Духам, у святыню. І калі бацькі прынеслі Дзіця Езуса, каб учыніць з Ім паводле звычаю Закона, ён узяў Яго на рукі, благаславіў Бога і сказаў:

Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару, 
паводле слова Твайго, у спакоі; 
бо вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё, 
якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў:
святло для асвятлення язычнікаў 
і хвалу народа Твайго Ізраэля.

 
© 2003-2026 Catholic.by