Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пятніца — другі звычайны тыдзень
Год І

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

Гбр 8, 6–13

Пасрэднікам лепшага запавету

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Браты:

Цяпер жа Ён атрымаў настолькі вышэйшае служэнне, наколькі стаў пасрэднікам лепшага запавету, заснаванага на лепшых абяцаннях. Калі б першы запавет быў беззаганны, не шукалі б месца для другога. Бо як дакор ім гаворыцца: Вось надыходзяць дні, — кажа Пан, — і Я ўстанаўлю з домам Ізраэля і домам Юды новы запавет. Не такі запавет, які ўстанавіў Я з айцамі іхнімі ў дзень, калі ўзяў іх за руку, каб вывесці іх з егіпецкай зямлі, таму што яны не вытрывалі ў Маім запавеце, і Я перастаў клапаціцца пра іх, — кажа Пан.   

Вось той запавет, які заключу з домам Ізраэля пасля гэтых дзён, — кажа Пан, — Я ўкладу законы Мае ў розум іхні і на сэрцах іхніх напішу іх, і буду для іх Богам, а яны будуць для Мяне народам. І ніхто больш не будзе вучыць бліжняга свайго, і ніхто — свайго брата, кажучы: Пазнай Пана, — таму што ўсе яны, ад малога да вялікага, будуць ведаць Мяне. Таму што буду міласцівы да несправядлівасцяў іхніх і больш не буду ўспамінаць іхніх грахоў.

Кажучы пра новы запавет, Ён абвяшчае састарэлым першы; а тое, што становіцца даўнім і старэе, блізкае да знішчэння.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 85 (84), 8 і 10. 11–12. 13–14  (Р.: 11а)

Рэфрэн: Міласэрнасць і вернасць сустрэнуцца разам.

8. Пакажы нам, Пане, сваю міласэрнасць
і дай нам сваё збаўленне.
10. Сапраўды, Яго збаўленне блізкае †
для тых, хто баіцца Яго, *
і слава Божая будзе жыць на нашай зямлі.

Рэфрэн:

11. Міласэрнасць і вернасць сустрэнуцца разам, *
справядлівасць і спакой пацалуюцца.
12. Вернасць вырасце з зямлі, *
а справядлівасць будзе пазіраць з нябёсаў.

Рэфрэн:

13. Пан адорыць нас шчасцем, *
а зямля наша дасць свой плён.
14. Справядлівасць пойдзе перад Ім *
і паставіць на шлях крокі свае.

Рэфрэн:
а

Год ІІ

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

1 Сам 24, 3–21

Не ўзніму рукі сваёй на яго, бо ён памазанік Пана

Чытанне Першай кнігі Самуэля.

У тыя дні:

Узяў Саўл тры тысячы выбраных мужоў з усяго Ізраэля і пайшоў шукаць Давіда і людзей ягоных на Скалах Горных Коз. І падышоў ён да авечых загонаў, што былі пры дарозе.

Была там пячора, у якую ўвашоў Саўл, каб пакрыць сабе ногі, а Давід і ягоныя людзі сядзелі ў глыбіні пячоры. Людзі Давіда сказалі яму: Вось дзень, пра які Пан казаў табе: Я аддам табе ворага твайго, каб ты зрабіў яму, як будзе заўгодна ў вачах тваіх. Давід устаў і ціхенька адрэзаў край вопраткі Саўла. Пасля гэтага задрыжала сэрца Давіда, што ён адрэзаў край вопраткі Саўла. І сказаў ён людзям сваім: Няхай міласцівы будзе да мяне Бог, каб я не ўчыніў гэтага гаспадару майму, памазаніку Пана, каб я не ўзняў рукі сваёй на яго, таму што ён памазанік Пана. І стрымаў Давід людзей сваіх словамі, і не дазволіў ім паўстаць на Саўла. Тады падняўся Саўл з пячоры і вярнуўся на дарогу.

Падняўся за ім і Давід і, выйшаўшы з пячоры, закрычаў за спінаю Саўла: Валадару, кароль мой!  Саўл азірнуўся, а Давід схіліўся нізка да зямлі і пакланіўся Саўлу, кажучы: Навошта слухаеш ты словы людзей, якія кажуць: Давід задумаў ліхое супраць цябе? Вось сёння ўбачылі вочы твае, што ў пячоры Пан аддаў цябе ў рукі мае. І казалі мне забіць цябе, але я пашкадаваў цябе і сказаў: Не ўзніму рукі сваёй на валадара свайго, бо ён памазанік Пана. Айцец мой, ці ж не бачыш і не пазнаеш край вопраткі сваёй ў руках маіх? Калі я адразаў край вопраткі тваёй, я не хацеў забіваць цябе. Прыгледзься і зразумей, што няма ў руцэ маёй ні зла, ні злачынства, і не грашыў я  супраць цябе. А ты шукаеш жыцця майго, каб забраць яго. Няхай Пан рассудзіць паміж мною і табою і няхай адпомсціць табе за мяне, але рукі маёй над табою не будзе. Як гаворыцца ў даўняй прымаўцы: Ад беззаконных выходзіць беззаконне, — таму не будзе рукі маёй на табе. Каго пераследуе кароль Ізраэля? За кім ты гонішся? За мёртвым сабакам, за адною блыхою? Няхай Пан будзе суддзёю, і рассудзіць паміж мною і табою, і ўбачыць, і вырашыць справу маю, і вырве мяне з рук тваіх.  

Калі Давід закончыў гэтую прамову да Саўла, сказаў Саўл: Ці гэта твой голас, Давідзе, сыне мой? Саўл ўзняў голас і заплакаў. І сказаў Давіду: Ты больш справядлівы, чым я, таму што ты рабіў мне дабро, а я адплачваў табе злом. Сёння ты паказаў мне, як добра ты абышоўся са мною, калі Пан аддаў мяне ў рукі твае, а ты не забіў мяне. Бо хто ж, знайшоўшы ворага свайго, адпусіў бы яго ў добры шлях? Але Пан узнагародзіць цябе за тое, што сёння ты зрабіў са мною. Цяпер я ведаю, ты сапраўды будзеш валадарыць і мець ў руцэ сваёй каралеўства Ізраэля.  

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

            Пс 57 (56), 2. 3-4. 6 і 11 (Р.: 2а)

Рэфрэн: Змілуйся, Божа, змілуйся нада мною.

2. Змілуйся нада мною, Божа, змілуйся нада мною,*
бо на Цябе спадзяецца душа мая.
Я схаваюся ў цені крылаў Тваіх, *
пакуль не прамінуць няшчасці.

Рэфрэн:

3. Я паклічу Найвышыйшага Бога, *
Бога, які робіць для мяне дабро.
4. Ён з нябёсаў пашле і ўратуе мяне †
пасароміць тых, хто прыгнятае мяне; *
спашле Бог сваю міласэрнасць і праўду сваю.

Рэфрэн:

6. Будзь праслаўлены вышэй за нябёсы, Божа, *
па-над усёй зямлёй Твая слава.
11. Бо да нябёсаў узвышаецца міласэрнасць Твая, *
і вернасць Твая да аблокаў.

Рэфрэн:

а

СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ

2 Кар 5, 19
Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Бог у Хрысце паяднаў з сабою свет,
даючы нам слова паяднання.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Мк 3, 13–19

Паклікаў да сябе тых, каго сам хацеў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус узышоў на гару і паклікаў да сябе тых, каго сам хацеў, і яны прыйшлі да Яго. І выбраў Дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі, каб яны былі з Ім, каб паслаць іх прапаведаваць і каб яны мелі ўладу выганяць злых духаў.

Выбраў Ён Дванаццаць: Сымона, якому даў імя Пётр, Якуба, сына Зэбэдэя, і Яна, брата Якуба, і даў ім імёны Боанэргес, што азначае «сыны грому». І Андрэя, і Філіпа, і Барталамея, і Мацвея, і Тамаша, і Якуба, сына Алфея, і Тадэвуша, і Сымона Кананіта, і Юду Іскарыёта, які і выдаў Яго.

Гэта слова Пана.


Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 21.01.2010 11:51
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.