Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на сакавiк 2013
01.03.2013 11:43

Прэзентацыя на сакавік >>>

«Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень» (Ян 8, 7).

Калi Езус навучаў у храме, кніжнікі і фарысеі прывялі да Яго жанчыну, якую злавілі на чужаложстве, і спыталiся ў яго: «У Законе ж Майсей наказаў нам каменаваць такіх. А Ты што скажаш?» (Ян 8, 5).

Так яны хацелі заманіць Яго ў пастку. Сапраўды, калі б Езус быў супраць пабівання камянямі, яны маглi б абвінавацiць Яго ў тым, што Ён супраць Закону. Насамрэч, згодна з Законам, сведкі павінны былi першымі кінуць камень у чалавека, які здзейсніў грэх, а ўжо пасля iх — астатнiя людзі. Аднак, калі б Езус пацвердзіў смяротны прысуд, у гэтым праявiўся б канфлікт з Ягоным навучаннем пра міласэрнасць Бога да грэшнікаў.

Але Езус, нахіліўшыся, пiсаў пальцам знакі на зямлi, выказваючы тым самым свой непахісны супакой. Падняўшыся ж, Ён сказаў: «Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень».

Пачуўшы гэтыя словы, абвінаваўцы, пачынаючы ад самых старых, пачалі адзін за адным адыходзiць. Пан, звярнуўшыся да жанчыны, спытаў: «Дзе яны? Ніхто не асудзіў цябе?» — «Ніхто, Пане», — сказала яна. «І Я не асуджаю цябе. Ідзі і адгэтуль больш не грашы» (пар. Ян 8, 10–11).

«Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень»

Гэтыя словы, вядома, не паказваюць, што Езус згаджаецца з такім злом, як чужаложства. Ягоныя словы «ідзі і адгэтуль больш не грашы!» відавочна кажуць, што гэта Божы запавет.

Езус хоча выкрыць крывадушнасць чалавека, які робіць сябе суддзёю сваёй грахоўнай сястры, але не прызнае, што ён таксама грэшнік. Езус падкрэслівае такім чынам вядомую праўду: «Не судзіце, каб вас не судзілі. Бо якiм судом вы судзіце, такім і вас асудзяць» (Мц 7, 1–2).

Кажучы так, Езус звяртаецца таксама да людзей, якія безапеляцыйна асуджаюць вінаватых, не прымаючы пад увагу, што ў іх сэрцах можа абудзіцца пакаянне. I ясна паказвае, што Ягонае стаўленне да чалавека, які ўпаў: аказаць міласэрнасць. Калі ж гэтыя людзі адышлі ад блудніцы, «засталіся двое, — як кажа св. Аўгустын, біскуп Гiпонскi, — няшчасце і міласэрнасць» (Каментар да Евангелля паводле св. Яна 33, 5).

«Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень»

Як жа жыць гэтым Словам?

У адносінах да кожнага з нашых братоў або сясцёр будзем прыпамінаць сабе, што мы таксама грэшнікі. Мы ўсе зграшылі, і нават калі нам здаецца, што нашыя правiны не вельмi сур’ёзныя, мы заўсёды павінны мець на ўвазе, што мы можам не ведаць пра важнасць абставінаў, якія прывялі кагосьці да настолькі глыбокага падзення, да аддалення праз гэта ад Бога. А як бы мы павялі сябе на ягоным месцы?

Мы таксама часам парывалi повязь любові, якая павінна яднаць нас з Богам, мы таксама не былі Яму верныя.

Калі Езус, адзіны чалавек без граху, не кінуў у блудніцу камень, тым больш не варта і нам учыняць гэта супраць каго б гэта ні было.

I таму: май міласэрнасць да ўсіх, супрацiўляйся парывам асуджаць без літасці. Мы павінны ўмець прабачыць і забыць, не захоўваць у сэрцы парэшткаў крыўды, асуджэння, за якімi могуць хавацца гнеў і нянавісць, аддаляючыя нас ад нашых братоў. Глядзіце на кожнага так, як бы ён быў новым чалавекам.

Захоўваючы ў сэрцы любоў і мiласэрнасць да кожнага чалавека, а не абвінавачванне і асуджэнне, мы дапаможам камусьцi пачаць новае жыццё, дадамо яму мужнасці, каб за кожным разам распачынаць нанова.

К’яра Любіч
Надрукавана: «Nowe Miasto» 1998/1

Адноўлена 01.03.2013 11:49
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.