Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прынцыпы фармацыі святароў у Беларусі

15 ліпеня 2010 г. Кангрэгацыя Каталіцкай Адукацыі зацвердзіла Ratio institutionis sacerdotalis pro Bielorussia. Гэта першы дакумент Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, які вызначае прынцыпы святарскай фармацыі ў нашай краіне.

Сёння ў Беларусі існуюць дзве навучальныя ўстановы, у якіх выхоўваюцца будучыя святары: Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя ў Пінску і Вышэйшая духоўная семінарыя Гродзенскай дыяцэзіі. Ад іх духоўнага дынамізму, колькасці пакліканняў, фармацыйнага ўплыву выхавацеляў і выкладчыкаў і святасці новапрэзбітэраў залежыць будучыня нашага мясцовага Касцёла. Праграма семінарыйнай фармацыі зацверджанага Ratio была апрацавана адпаведна прадпісанням Апостальскай Сталіцы і з улікам прынцыпаў Балонскага працэсу.

Згодна з вучэннем Святога Айца Слугі Божага Яна Паўла ІІ, змешчаным у апостальскай адгартацыі Pastores Dabo Vobis, мэтаю ўсёй фармацыі кандыдатаў да святарства з’яўляецца іх асаблівая падрыхтоўка да ўдзелу ў любові Хрыста Добрага Пастыра (PDV 57). Каб верна выканаць свой абавязак перад Богам і Касцёлам, а таксама мудра кіраваць сумленнем вернікаў, кандыдат павінен навучыцца слухаць голас Бога, які прамаўляе да яго ў глыбіні сэрца, а таксама поўнай любові і непахіснай паслухмянасці Яго волі (PDV 44).

Дарагія выхавацелі і семінарысты! Няхай гэтая адгартацыя Святога Айца Яна Паўла ІІ вызначае галоўны напрамак фармацыі ў вышэйшых семінарыях у Беларусі. прыміце таксама блізка да сэрца іншыя дакументы Настаўніцкага Інстытута Касцёла, а асабліва навучанне сённяшняга Святога Айца Бэнэдыкта XVI.

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у пасланні да семінарыстаў 18 лістапада 2012 г. пісаў, што той, хто хоча стаць святаром, перадусім павінен быць «чалавекам Божым», як акрэслівае яго св. Павел (пар. 1 Цім 6, 11). Мэтаю семінарыйнай фармацыі павінна быць поўнае з’яднанне з Хрыстом, а таксама фарміраванне кандыдатаў да святарства па прыкладзе Езуса Хрыста — Настаўніка, Святара і Пастыра, каб яны сталі добрымі пастырамі. Такіх святароў паводле Сэрца Езуса, якія ідуць з любоўю і аддана за Хрыстом, верных Евангеллю і Касцёлу, патрабуюць нашы дыяцэзіі, і чакаюць іх вернікі ўсяго Касцёла. Няхай семінарысты маюць глыбокае перакананне, якое паходзіць з веры, што кліча іх да святарства сам Бог праз Хрыста ў Духу Святым, але ў Касцёле, праз Касцёл і для Касцёла.

Словамі Слугі Божага Святога Айца Яна Паўла ІІ жадаю, каб кожная семінарыя «заўсёды стварала праўдзівую супольнасць вучняў, сабраных вакол Хрыста — Добрага Пастыра, якая рыхтуе будучых святароў, свядомых сваёй місіі ў Касцёле і ў свеце».

Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя, Каралева Апосталаў і Маці пакліканняў, а таксама святыя апекуны атуляюць асаблівым клопатам і апекай кожную духоўную семінарыю ў Беларусі. Рэктарам, выхавацелям і выкладчыкам, а таксама ўсім семінарыстам ад сэрца благаслаўляю.

Мінск, 21 кастрычніка 2010 г.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч
Старшыня Канферэнцыі
Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

(Уступнае слова да дакумента Ratio institutionis sacerdotalis pro Bielorussia)

Адноўлена 08.11.2012 15:17
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Дакументы Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

04.05 16:28Паведамленне з 65-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
02.03 16:36Паведамленне з 64-га пленарнага (пазачарговага) пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
12.10 17:58Паведамленне з 63-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
05.07 18:11Паведамленне Старшыні ККББ наконт правядзення Брацтвам св. Пія Х рэкалекцый па метадзе св. Ігнацыя Лаёлы
24.05 15:07Зварот Каталіцкіх Біскупаў Беларусі аб правядзенні Дня перапрашэння (+Набажэнства перапрашэння)
04.02 22:01Паведамленне з 61-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
30.11 14:26Паведамленне ККББ аб правядзенні Дня малітвы за тых, хто дапамагае Касцёлу на Усходзе
21.11 15:49Паведамленне Старшынi Канферэнцыi Каталiцкiх Бiскупаў у Беларусi аб Імшы развітання з арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці
28.10 16:38Паведамленне з 60-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
03.06 17:02Паведамленне з 59-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі