Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
17 ліпеня ў Баравікоўшчыне ўзгадаюць мучанікаў а. Ахілеса Пухалу і а. Германа Стэнпеня
Анонсы
06.07.2011 13:17

Кожны год 17 ліпеня ў малую вёсачку Баравікоўшчына, што каля Івянца, прыходзяць пілігрымкі з ваколіц, каб разам са сваімі пастырамі маліцца на месцы мучаніцкай смерці двух францішканаў а. Ахілеса Пухалы і а. Германа Стэнпеня.

Сёлета таксама з Івянца вырушыць пілігрымка. Запрашаем усіх жадаючых прыняць удзел у святкаванні. Пілігрымка выходзіць 17 ліпеня а 10-й гадзіне з касцёла св. Міхала Арханёла ў Івянцы. Да вёскі Баравікоўшчына каля васьмі кіламетраў.

У 12 гадзін на месцы смерці мучанікаў адбудзецца ўрачыстая святая Імша і ўшанаванне рэлівій благаслаўлённых. Сардэчна запрашаем.

Больш падрабязная інфармацыя адносна ўдзелу ў пілігрымцы па тэлефоне:

  • +375 29 551 66 42 (МТС) а. Лех Баханэк OFMConv.
  • +375 17 725 31 70
Благаслаўлёны айцец Ахілес Пухала нарадзіўся ў Малапалынчы ў 1911 годзе. У 16 гадоў абраў жыццё ў законнай супольнасці францішканаў. Пасля заканчэння духоўнай семінарыі прыняў сакрамэнт святарства ў ліпені 1936 года. Працаваў у францішканскіх касцёлах у Гродне і Івянцы, абслугоўваў парафію ў Пяршаях, калі там не стала пробашча.

У памяці вернікаў застаўся як працавіты, ахвярны і адданы душпастыр.

Благаслаўлёны айцец Герман Стэнпень нарадзіўся ў Лодзі ў 1910 годзе. У закон францішканаў уступіў у 1929 годзе. Быў здольным, інтэлігентным і прыкладным клерыкам. Накіраваны на вучобу ў Рым, дзе ў 1937 годзе прыняў святарскае пасвячэнне. Пасля вяртання на радзіму працягваў вучобу ў Львоўскім універсітэце, атрымаў званне магістра тэалогіі. Потым працаваў душпастырам пры францішканскіх касцёлах у Радомску, Вільні і Івянцы.

Парафіяне — асабліва з Пяршаяў — памятаюць яго як актыўнага вікарыя, які шмат маліўся і заўсёды быў гатовы служыць вернікам у святыні і па-за ёй.

У час ваеннага тэрору ў чэрвені 1943 года ў Івянцы выбухнула ўзброенае паўстанне супраць гітлераўскіх акупантаў. У адказ на спробу арганізацыі адпору гестапа ўчыніла шматлікія арышты, таксама і ў Пяршаях. Пробашча айца Ахілеса і вікарыя айца Германа папярэдзілі аб арышце. Яны маглі б уратавацца, калі б уцяклі і схаваліся. Але, адчуваючы абавязак адказнасці за парафіянаў у такія цяжкія для іх хвіліны, яны прынялі паставу добрага пастыра, які, убачыўшы ваўка, што набліжаецца да аўчарні, не пакідае яе, як наёмнік.

«Пастыры не могуць пакінуць сваіх вернікаў!» — так адказалі абодва айцы на прапанову дапамагчы ім уцячы. А таму іх далучылі да арыштаваных, сярод якіх толькі яны — двое францішканаў — былі замучаны на ўскраіне вёскі Баравікоўшчына 19 ліпеня 1943 года ў гумне, якое (каб замесці сляды злачынства) гестапаўцы падпалілі. Пасля злачынцы паказалі адной сям’і залітыя крывёю чорныя хабіты і белыя францішканскія паясы.

Потым з-пад галавешак і попелу людзі дасталі астанкі мучанікаў і пахавалі пры касцёле ў Пяршаях. Смерць двух каталіцкіх святароў заспакоіла дзікую прагу акупантаў адпомсціць і ацаліла ўсіх парафіянаў. Памяць аб пралітай крыві двух маладых 33-гадовых законнікаў жыве і сёння.

Са здзіўленнем пераказваецца новым пакаленням, духоўным і свецкім, пра сілу іх духа, а таксама пра гераічную любоў да людзей гэтых святарскіх сэрцаў. Ідуць і едуць да крыжа, што стаіць на месцы іх мучаніцтва, і на гэтым кавалачку святой зямлі, палітай крывёю, моляцца. А яна становіцца насеннем новай веры і надзеі ў замучаным войнамі свеце.

А. Аляксандр Улас OFMConv


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме