Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ксёндз Віктар Бурлака пра сёлетнія ўрачыстасці Маці Божай Будслаўскай (інтэрв’ю Сatholic.by)
Інтэрв'ю
14.07.2009 14:49
1 ліпеня, перад распачаццем галоўных урачыстасцяў свята Маці Божай Будслаўскай, кусташ нацыянальнага санктуарыя кс. Віктар Бурлака распавёў пра асаблівасці сёлетняга свята, найбольш цікавыя мерапрыемствы, запланаваныя ў межах урачыстасці, а таксама пра арганізацыю гэтай важнай падзеі для Каталіцкага Касцёла на Беларусі.

— Кс. Віктар, у чым адметнасць святкавання ўрачыстасці Маці Божай Будслаўскай у 2009 г.? З якой нагоды на дэкарацыі побач з дэвізам пазначаны 1209 год?

Само мястэчка Будслаў пачало існаваць у 1504 годзе, калі першыя манахі прыехалі сюды, каб тут загатоўваць лес для будаўніцтва кляштара ў Вільні. А вось 1209 год, які ўказаны на дэкарацыі галоўнага алтара (1209 — Будслаў — 2009. — Заўвага рэд.), гэта юбілейны год для ордэна францішканаў. Менавіта ў 1209 годзе Папа Рымскі Інакенцій III падпісаў Статут ордэна братоў меншых. Гэта значыць, што сёлета францішкане ва ўсім свеце адзначаюць 800-годдзе заснавання іх ордэна.

— Ці запланаваны пэўныя мерапрыемствы, якія б сталі адметнасцю гэтага года?

— Вельмі выдатнай падзеяй будзе тое, што сёлета мы разам з усім Каталіцкім Касцёлам у Беларусі адзначаем 70-годдзе святарскіх пасвячэнняў кардынала Казіміра Свёнтка. Пра гэта асаблівым чынам будзе ўзгадана падчас галоўнай Імшы. Таксама ў гэтым годзе адзначаем 25-годдзе святарскіх пасвячэнняў дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Казіміра Велікасельца. Дарэчы, сёння ў 20.30 ён будзе цэлебраваць святую Імшу для новапрэзбітараў — маладых святароў, якія сёлета прынялі святарскія пасвячэнні. Ведаем, што Беларусь, як і ўвесь каталіцкі свет, адзначае сёлета Год святарства. Таму галоўнай тэмай сёлетніх урачыстасцяў стане сакрамэнт святарства, яго значэнне ў жыцці Касцёла, жыцці вернікаў і, перш за ўсё, у жыцці кожнага святара — тых, хто ўжо раней прыняў гэты сакрамэнт, і тых, хто сёлета атрымаў гэты дар Божай ласкі, каб яшчэ раз нанава перажыць вялікі дар. Як казаў Слуга Божы Ян Павел II, «святарства — гэта дар і таямніца». Вось у такім накірунку і будуць праходзіць галоўныя мерапрыемствы гэтых дзён.

— Сёлета ў нашай архідыяцэзіі адбываецца перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага. Як вядома, з 1 па 2 ліпеня Будслаў стане чарговым месцам яго ўшанавання…

— Так, сапраўды, па ўсёй Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбываецца перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага. Падчас адпустовых урачыстасцяў у Будславе 1–2 ліпеня абраз будзе прабываць у нашай святыні. Разам будзем маліцца перад абразом Езуса Міласэрнага і рэліквіямі благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі, духоўнага кіраўніка сястры Фаустыны Кавальскай. У гэтым годзе начная працэсія вакол парка будзе крыху іншай, бо несці будзем адразу тры абразы — Езуса Міласэрднага, Маці Божай Будслаўскай і благаслаўлёнага ксяндза Міхала. Такога яшчэ не было ў Будславе: раней у працэсіі заўсёды неслі толькі абраз Маці Божай.

— Кс. Віктар, ці вядома ўжо дакладная колькасць пілігрымак, якія ў гэтым годзе прыйдуць памаліцца перад абразом Маці Божай Будслаўскай?

— Калі казаць пра пешых пілігрымаў, то, зыходзячы з той інфармацыі, якую я маю на цяперашні час, іх колькасць будзе крыху меншай, чым звычайна. Цяжка сказаць, з чым гэта можа быць звязана. Магчыма, з гэтым пытаннем трэба звяртацца да тых святароў, якія арганізуюць пілігрымкі. Мы, як гаспадары, прымаем пілігрымаў і робім усё магчымае, каб арганізаваць усё належным чынам.

— Можна з упэўненасцю казаць, што арганізацыя мерапрыемстваў у вас атрымалася. З кожным годам якасць падрыхтоўкі становіцца усё лепшай.


— За гэта дзякую Богу!

— Вялікі дзякуй Вам, кс. Віктар, за размову.

Размаўляла Алена Рулевіч
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.