Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Практыка семінарыста: сведчанне і ўражанні
Інтэрв'ю
19.07.2013 13:16

Кожны год навучэнцы пятага курса Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне праходзяць практыку ў парафіях дыяцэзіі, каб набрацца вопыту, паглядзець уласнымі вачыма на служэнне святара, прымяніць у жыцці набытыя ў семінарыі веды. Семінарыст Юрый Садоўскі праходзіў у гэтым годзе практыку ў гродзенскай парафіі Св. Францішка Ксавэрыя. Ён падзяліўся сваімі ўражаннямі і сведчаннем аб спробе данесці Хрыста людзям.

— Раскажыце крыху, калі ласка, пра парафію, у якой Вы праходзілі практыку.

— Касцёл, дзе я праходзіў практыку, — адна з візітных картак горада. І гэта нездарма, бо ён мае багатую гісторыю. Будаўніцтва вялося з 1678 па 1700 год. Касцёл быў кансэкраваны ў 1705 годзе. Ён зведаў шмат за гэты час. Адносна нядаўна, у 2006 годзе, у святыні быў пажар. Тады здарыўся цуд: абраз Маці Божай Кангрэгацкай (Студэнцкай), які знаходзіўся пры бакавым алтары, не згарэў.

Набірацца святарскага вопыту мне дапамагаў пробашч парафіі кс. Ян Кучынскі. Касцёл амаль кожны дзень наведваюць пілігрымы з розных куткоў Беларусі і з-за мяжы. Самі вернікі парафіі вельмі адкрытыя і добразычлівыя.

— Практыка ў парафіі працягвалася год. Чым ён быў адметны?

— Калі я даведаўся пра сваё накіраванне ў Гродна, мне было крыху боязна, бо я адчуваў вялікую адказнасць. Але з першых дзён, пасля сустрэчы з пробашчам парафіі, які мне ўсё патлумачыў і расказаў, страх паступова знік. За гэты год я навучыўся працаваць з людзьмі, наладжваць кантакты, весці канцылярскую справу. Да мяне прыйшло ўсведамленне адказнасці і самастойнасці за тое, што я раблю.

— Што з семінарыйнага жыцця Вы прымянілі на практыцы?

— Тыя веды, што былі атрыманы за 5 гадоў навучання, я  выкарыстоўваў на практыцы. Перш за ўсё гэта тое, што, калі сустракаўся з маладымі парамі, якія хацелі ўзяць шлюб, мне дапамагалі веды з маральнай тэалогіі. Вывучэнне Святога Пісання ў семінарыі дапамагло адказаць людзям на цікавячыя пытанні, вырашыць праблемныя сітуацыі. Таксама, маючы шмат абавязкаў, я заўсёды знаходзіў час на малітву, аддаючы цяжкасці і свае думкі ў рукі Пана.

— З якімі цяжкасцямі Вы сустракаліся?

— Мая родная парафія ў Астраўцы менш, чым тая, дзе я праходзіў практыку. Таму справаў у Гродне было нашмат больш. Патрэбна было паступова звыкнуцца і ўвайсці ў гэтае кола падзей. У кожнага чалавека адчувалася рознасць думак і поглядаў. Да кожнага патрэбны свой падыход. Я вучыўся і стараўся зразумець кожнага. Здараліся дні, калі трэба было адначасова зрабіць некалькі розных справаў. Гэта загартоўвала і рабіла мяне мацнейшым псіхалагічна і фізічна.

— Чаму практыка ў парафіі патрэбна для семінарыстаў?


— Практычная дзейнасць заўсёды патрэбна ў любой справе. Семінарыст рыхтуецца да святарства. Ён бачыць служэнне Пану і людзям, бачыць, што яго чакае ў будучыні. Тады, пасля практыкі, робяцца высновы наконт таго, ці зможа ён несці ўсе цяжкасці святарскага жыцця. Пабачыўшы ахвярнасць служэння, якое нясе святар, асабіста я з адказнасцю і адданасцю прымаю жыццё для Пана і для людзей.

— Што б Вы пажадалі семінарыстам, якія ў наступным годзе пойдуць на пратыку?

— Я жадаю будучым практыкантам вытрымаць у любой складанай сітуацыі. Памятайце, што толькі Езус дапаможа вам здабыць адказы на ўсе пытанні. Прыміце гэты год з радасцю ў сэрцы і нясіце яе ўсім вернікам, якіх вы спаткаеце.

Размаўляла Ірына Грэйць

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.