Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кс. Артур Малафей: «Спорт — вялікае поле дзейнасці для Касцёла»
Інтэрв'ю
21.11.2014 15:26

Чаму святары ў Польшчы гуляюць у футбол лепш за ўсіх? У чым поспех святароў Гродзенскай дыяцэзіі на чэмпіянатах па міні-футболе сярод святароў Беларусі? Пра гэтыя і іншыя тэмы мы гутарым з кс. Артурам Малафеем, душпастырам спорту ў Гродзенскай дыяцэзіі.

— Ксёндз Артур, мяркую, з дзяцінства Вы хацелі стаць футбалістам. Адкуль у святара такое захапленне футболам?

— Для многіх хлопцаў у дзяцінстве гульня ў футбол — гэта від спорту нумар адзін. Я палюбіў футбол з першага візіту на стадыён. З ранняга ўзросту якраз футбол быў маім любімым відам спорту.

Больш за ўсё мне падабалася гуляць брамнікам. Крыху пазней спрабаваў свае сілы і як ігрок на полі.

У маёй роднай парафіі Св. Апостала Андрэя ў Слоніме пасля святой Імшы мы часта збіраліся з моладдзю і ішлі гуляць у футбол. Я займаўся футболам на ўзроўні «аматара», трэніраваўся з касцёльнай камандай, а ў вольны час наведваў трэніроўкі ў футбольнай школе Слоніма. Мара стаць футбалістам не пакідала мяне ні на хвіліну.

Шкадаваў аб тым, што прафесійна не займаўся футболам з ранняга дзяцінства. Заўсёды здавалася, што можна было б многага дасягнуць у гэтай гульні. Ёсць футбалісты і любімыя каманды, якія мне вельмі падабаліся і стыль якіх я стараўся пераймаць (каманда «Спартак», напрыклад).

— Як Вы лічыце, наколькі прыклад святара, які займаецца спортам, паказальны сёння для маладых хлопцаў, якія звязваюць пакліканне да святарства з адмаўленнем ад прывычнага ўкладу жыцця?

— Калі святар займаецца спортам, то робіць гэта для таго, каб перадаваць сапраўдныя каштоўнасці, іх евангелізацыйны сэнс, прысутны ў кожным жыццёвым выпрабаванні моладзі.

Прыклад святара ў спалучэнні веры і спорту вельмі важны для маладога пакалення. Святы Ян Боско казаў: «Пасля Божай ласкі здароўе — гэта першы скарб». Спорт дапамагае маладому чалавеку, таксама святару, акрамя сваіх асноўных абавязкаў умець правільна клапаціцца пра здароўе фізічнае, адпачываць і праслаўляць Бога кожным сваім дзеяннем.

 

— Сёння Вы з’яўляецеся «адказным за спорт» у Гродзенскай дыяцэзіі. Як Вы лічыце, наколькі нераскрытым застаецца сёння спартыўны патэнцыял у Каталіцкім Касцёле?

— Патэнцыял, скрыты ў спорце, робіць яго асабліва важным элементам у развіцці чалавека. Асноўным заданнем у раскрыцці спартыўнага патэнцыялу ў Касцёле будуць два элементы: душпастырства ў спорце і выхаванне праз спорт.

Душпастырства спартсменаў ставіць задачай духоўны і пастаральны клопат пра людзей спорту: удзельнікаў, трэнераў, прафесійных спартсменаў і балельшчыкаў.

Для іх арганізоўваюцца рэкалекцыі, дні засяроджання і фармацыйныя сустрэчы. Таксама праводзіцца аплатковая сустрэча спартсменаў, сустрэча на Вялікдзень, пілігрымкі, парафіяда, навуковы сімпозіум. Мэтай такіх мерапрыемстваў з’яўляецца насычэнне спорту евангелізацыйнымі і хрысціянскімі каштоўнасцямі.

Мэтай душпастырства спартсменаў з’яўляецца евангелізацыя людзей спорту, а таксама тых, хто ў ім удзельнічае.

У межах душпастырства спартсменаў вылучаем душпастырства спорту, у якім спорт выкарыстоўваецца як вялікі забаўляльны і прыняты моладдзю выхаваўчы метад і фармацыйны, які абапіраецца на хрысціянскі гуманізм і асобу, якія адносяцца да такіх каштоўнасцяў, як супакой, прыязнасць, любоў, шанаванне годнасці, салідарнасці, справядлівасці і будаўніцтва супольнасці.

— Як выглядае практыка спорту ў Касцёле ў іншых краінах?

— У Польшчы згодна з мясцовым заканадаўствам многія каталіцкія парафіі маюць права пры касцёлах засноўваць афіцыйна спартыўныя клубы з адпаведнай інфраструктурай і трэнерскім штабам, пры гэтым займаюцца рознымі відамі спорту. Напрыклад, у Венгрыі ў невялікім горадзе Д’юла існуе нават каталіцкая акадэмія футболу.


— Ужо два гады запар футбольная каманда Гродзенскай дыяцэзіі становіцца лепшай на Чэмпіянаце па міні-футболе сярод святароў. У чым сакрэт поспеху?

— Няма ніякіх сакрэтаў. Са спартыўнага пункту гледжання найбольшая колькасць святароў у Беларусі якраз у Гродзенскай дыяцэзіі, гэта азначае, што ёсць з каго выбіраць. Трэніровачны працэс заўсёды арганізаваны напярэдадні спаборніцтваў. З намі займаюцца два трэнеры, мы карыстаемся спартыўнай залай высокага ўзроўню, неабходны спартыўны інвентар і галоўнае — жаданне ўсёй каманды перамагчы.

— Ваш прагноз на сёлетні чэмпіянат?

— Настрой усіх каманд абяцае быць па-за межамі! Мяркую, сёлета можа з’явіцца новы пераможца спаборніцтваў.


— Мяркуючы па еўрапейскіх чэмпіянатах сярод святароў, якія краіны можна назваць найбольш спартыўнымі?

— Самыя спартыўныя каманды святароў у Польшчы, Партугаліі, Харватыі, Босніі і Герцагавіны. Напрыклад, у польскай камандзе святароў амаль усе раней займаліся футболам і гулялі ў прафесійных футбольных клубах.

— Ці ёсць нейкія асаблівыя правілы для святароў-футбалістаў падчас спаборніцтваў (магчыма, малітва брэвіярыя прамаўляецца адразу на ўвесь дзень ці ежа на абед выбіраецца найбольш каларыйная)?

— Думаю, большасць святароў прамаўляе малітву брэвіярыя штодня, ежа заўсёды каларыйная, але ўсё залежыць ад апетыту кожнага асобнага святара (усміхаецца — заўв. аўт.). Асаблівасць жа ў тым, што на пляцоўцы мы гуляем па сістэме 5+1.

— Якія магчымасці адкрывае ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі спорт і развіццё спартыўнай культуры?

— Відавочна, што праз спорт мы можам нават хутчэй «дастукацца» да моладзі. Спорт сёння — адзін з тыпова моладзевых заняткаў. Гэта адна са з’яваў свецкага характару, адна з тых, якая прыцягвае шмат людзей, якія яшчэ зважаюць на рэлігійны аспект. Гэта дапамагае ў развіцці асобаў.

Спорт часам становіцца тым асяродкам, у якім могуць нараджацца фундаментальныя пытанні аб сэнсе жыцця і накірунку далейшага развіцця. Спорт — вялікае поле дзейнасці для Касцёла, якое стварае магчымасці для выхаваўчай працы! Варта дадаць словы св. Яна Боско: «Выхоўвайце моладзь сумленнымі грамадзянамі і добрымі хрысціянамі».

Ілья Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.