На Святой Зямлі завяршылася Пленарная Асамблея РБКЕ з удзелам Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча | Друк |
Іерархі
16.09.2015 21:35

16 верасня на Святой Зямлі завяршылася Пленарная Асамблея Рады Бiскупскiх Канферэнцый Еўропы. Асамблея праходзіла шэсць дзён, беларускі епіскапат на ёй прадстаўляў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Апошні, шосты дзень асамблеі пачаўся ранняй святой Імшой на пустым гробе Езуса. Малы пераносны алтар быў усталяваны ўнутры гробу, бiскупы i вернiкi занялi месцы вакол. Эўхарыстыю ўзначалiў Старшыня РБКЕ кардынал Пэтэр Эрдзё.

Апошні дзень Асамблеі

У гамiлii кардынал адзначыў, што ўпершыню старшынi Бiскупскiх Канферэнцый Еўропы цэлебруюць Iмшу на месцы, дзе змянiлася гiсторыя свету, дзе жыццё перамагло смерць, а дабро — зло.

Сёння для вырашэння праблем сучаснага свету i хрысцiянства наогул ва ўсiм свеце i асаблiва на Блiзкiм Усходзе неабходна распачаць усё нанова ад гэтага месца, бо яно з’яўляецца, выкарыстоўваючы словы вялiкага Архiмеда, той кропкай апоры, дзякуючы якой можна зрушыць свет з месца, вывесцi яго з духоўнай стагнацыi i змянiць на лепшы, звярнуў увагу іерарх.



У гэтым святым для ўсяго хрысцiянства месцы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч ахвяраваў Iмшу ў iнтэнцыi таго, каб Беларусь была краінай уваскрасення.

Сустрэча з Прэзідэнтам Ізраіля

Потым бiскупы скіраваліся ў рэзідэнцыю Прэзiдэнта Ізраiля Рэўвена Рыўліна. Уваход у рэзідэнцыю быў вельмi простым. «Некаторыя бiскупы не ўзялі з сабой пашпарты, але iх нiхто не пытаўся: дастаткова было таго, што кiраўнiцтва РБКЕ прадстаўляла кожнага іерарха», — расказаў Catholic.by Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.



На пачатку сустрэчы Прэзідэнт прывiтаў усiх прысутных i выказаў сваё задавальненне тым, што такое вялікае прадстаўнiцтва Каталiцкага Касцёла Еўропы праводзіла свой форум у Iзраiлi. Кіраўнік дзяржавы асабліва падкрэслiў неабходнасць сумесных высiлкаў розных веравызнанняў у барацьбе супраць тэрарызму. Таксама Рэўвен Рыўлін выказаў задавальненне сустрэчай са Святым Айцом Францiшкам, якая адбылася два тыднi таму.

Таксама па тэме:

Прэзідэнт Ізраіля нагадаў, што 15 верасня габрэi распачалi Новы год, i пажадаў свайму народу, усiм прысутным i ўсяму свету, каб ён быў годам мiру i Божага благаслаўлення.

У адказным слове Старшыня РБКЕ кардынал Пэтэр Эрдзё падзякаваў Прэзідэнту Iзраiля за магчымасць сустрэцца з iм, за сумесныя з iншымi веравызнаннямi намаганнi разам вырашаць узнiкаючыя праблемы i адначасова звярнуў увагу на неабходнасць хутчэйшага вырашэння праблемы ў сферы адукацыi ў хрысцiянскiх школах.

На гэтым завяршыўся гiстарычны сход бiскупаў Еўропы на Святой Зямлi, якi стаў месцам абмену вопытам еўрапейскiх Касцёлаў у справе адказу на выклiкi часу, лепшага пазнання жыцця Каталiцкага Касцёла на Святой Зямлi i Блiзкiм Усходзе, новай нагодай для праяўлення салiдарнасцi з iм i пілiгрымкай бiскупаў па Зямлi Езуса.



«За ўсё няхай будзе хвала Богу i няхай ажыццявiцца план сустрэчы РБКЕ ў Мiнску», — сказаў Catholic.by з гэтай нагоды Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Беларускі арцыпастыр дадаў, што гэтага яму сёння жадалi многiя бiскупы i аб гэтым ён у сваю чаргу просiць малiцца, перадаючы свае найлепшыя пажаданнi i благаслаўленне са Святой Зямлi.

(DN), (AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by