Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Перадапошні дзень Пленарнай Асамблеi РБКЕ: у якасці сталіцы Пленарнай Асамблеі ў 2017 г. прапанаваны Мiнск
Іерархі
16.09.2015 00:19

Перадапошнi дзень Пленарнай Асамблеi Рады Бiскупскiх Канферэнцый Еўропы, 15 верасня, пачаўся малiтвай у каплiцы каталiцкага цэнтра Нотр-Дам у Ерузалеме. Асамблея праходзіць на Святой Зямлі з 11 па 16 верасня, беларускі епіскапат на ёй прадстаўляе Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Пасля малітвы ў канферэнц-зале цэнтра адбылася вялікая лекцыя Лацiнскага Патрыярха Ерузалема Фуада Туаля, у прысутнасцi ардынарыяў каталiцкiх дыяцэзiй Святой Зямлi, на тэму «Дасведчаннi хрысцiян на Блiзкiм Усходзе». Патрыярх распавёў пра гiсторыю хрысцiянства на Святой Зямлi, дзе яно нарадзiлася.

Сёння, як было адзначана, яно складаецца з 13 розных  канфесій i перажывае небывалы крызiс, выклiканы складанымi ўмовамi iснавання, дзейнасцi i вялiкай эмiграцыяй хрысцiян з мэтай знайсцi лепшае месца для жыцця i практыкавання хрысцiянскай веры.

Асаблiвую ўвагу Патрыярх звярнуў на праблему iснавання i дзейнасцi каталiцкiх i наогул хрысцiянскiх школ, якiх у Iзраiлi 47 i ў якiх вучацца дзеці не толькi хрысцiян, але таксама габрэяў i мусульман. Без хрысцiянскiх школ, як было сказана ў лекцыі, хрысцiяне Блiзкага Усходу страцяць сваю iдэнтычнасць. Хрысцiянскiя школы для гэтага геапалітычнага раёна – праблема жыцця або смерцi для хрысцiян.


Каталiцкi Касцёл, як было адзначана, займае важнае месца ў жыццi грамадства на Блiзкiм Усходзе. Сведчаннем гэтаму з’яўляюцца не толькi каталiцкiя школы, але i 11 каталiцкiх шпiталяў толькi ў самім Iзраiлi.

Патрыярх заклiкаў да малiтвы i салiдарнасцi з хрысцiянамi Блiзкага Усходу, бо, як заўважыў, за мiльярды долараў можна адбудаваць збураныя гарады i вёскi, але хто вылечыць раны дзяцей, якiя ўжо з ранніх гадоў перажылi войны i тэрарыстычныя акты, пахавалi сваiх бацькоў, былi выкiнуты на вулiцу i застаюцца без апекi?

Затым бiскупы Еўропы падзялiлiся вопытам правядзення падобных форумаў i разгледзелi перспектывы на будучыню. Было вырашана, што наступная Пленарная Асамблея Рады Бiскупскiх Канферэнцый Еўропы адбудзецца ў Манака 6-9 кастрычнiка 2016 г.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч запрасiў бiскупаў Еўропы на гэты форум у Мiнск у 2017 г. Хаця запрашэнне беларускага арцыпастыра было ўспрынята апладысментамi, аднак пакуль невядома, цi атрымаецца правесцi асамблею ў сталiцы Беларусi.

Рашэнне будзе прынята ў наступным годзе ў Манака, i ёсць таксама iншыя кандыдаты, сярод якiх самым сур’ёзным апанентам з’яўляецца Фацiма (Партугалія), тым больш што ў 2017 г. свет будзе адзначаць 100-годдзе фацiмскiх аб’яўленняў Маці Божай.

«На карысць Мiнска прамаўляюць добрыя экуменiчныя адносiны ў нашай краiне i яе адкрытасць на экуменiчны i мiжрэлiгiйны дыялог, дыялог памiж дзяржавай i веравызнаннямi, дынамiчнае адраджэнне Касцёла пасля доўгiх гадоў ганенняў, сведчанне веры многiх мучанiкаў i сведкаў веры, а таксама тое, што фацiмскiя аб’яўленнi датычаць Беларусi i ажыццяўляюцца ў ёй, – распавёў Catholic.by пра гэтае рашэнне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. – Нашым плюсам ёсць таксама i тое, што Пленарныя Асамблеi, як правiла, адбываюцца па чарзе на Усходзе i Захадзе Еўропы».

Таксама, як распавёў Мітрапаліт, ёсць i сур’ёзны мiнус: гэта складаная для замежных біскупаў працэдура атрымання вiзы, на што беларускаму іерарху адразу звярнулi ўвагу многiя ўдзельнікі асамблеі.

«Правядзенне такога прадстаўнiчага форуму еўрапейскiх бiскупаў мела б вялiкае значэнне для Касцёла ў Беларусi i яго развiцця. Яно мела б значэнне для развiцця экуменiчных i мiжрэлiгiйных адносiн, а таксама адносiн памiж Касцёлам i дзяржавай, – сказаў Мітрапаліт Catholic.by. – Гэты форум таксама меў бы вялiкае значэнне для папулярызацыi Беларусi, яе гiсторыi i культуры ў Еўропе».

Таксама было прынята Пасланне Пленарнай Асамблеi Рады Бiскупскiх Канферэнцый Еўропы. Пасланне звяртае асаблiвую ўвагу на вельмi складаную сiтуацыю хрысцiян на Блiзкiм Усходзе, заклiкае дзяржавы Еўропы i свету і мiжнародныя арганiзацыi спрыяць устанаўленню мiру на Блiзкiм Усходзе i ва Украiне. Бiскупы выказалi занепакоенасць крызiсам сям’i такiмi выклiкамi, як тэорыя гэндэрызму, якая «каланiзуе Еўропу» i не можа быць прынята веруючымi.

З нагоды наступаючага Года мiласэрнасцi, як Года вялiкай Божай ласкi, бiскупы звяртаюцца да людзей i дзяржаў Еўропы з заклікам прыняць Божае слова, указваючы пры гэтым, што толькi ў Хрысце можна знайсцi адказы на ўзнiкаючыя праблемы i для будовы еўрапейскага гуманiзму.


Пасля ўдзельнiкi форуму накiравалiся ў Бэтлеем, дзе наведалi некаторыя каталiцкiя пункты дабрачыннасцi i пазнаёмілiся з iх працай. Пры наведваннi дабрачынных арганiзацый бiскупы раздзялiлiся на дзевяць груп. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч увайшоў у склад групы, якая наведала дабрачынны цэнтр Святой Сям’i для бяздомных дзяцей, якiх там больш за 100.

Цэнтрам апякуюцца сёстры св. Вiнцэнта дэ Поля. У цэлым у Палесцiне гэтыя манахіні маюць шэсць дамоў, у якiх займаюцца дабрачыннай працай у розных напрамках. Дзецi застаюцца там да шасці гадоў, а затым iх выхаваннем займаюцца незамужнія жанчыны, якiх яны называюць мамамi. Потым яны пасылаюць гэтых дзяцей у школу, каб такiм чынам падрыхтаваць да самастойнага жыцця.

Гэты працэс вельмі паспяховы, i многiя iх выхаванцы працягваюць вучобу ва ўнiверсітэце. Фiнансавае забеспячэнне адбываецца з дабравольных ахвяраванняў: напрыклад, адзiн ананiмны чалавек ужо дзевяць гадоў аплачвае два днi месячных расходаў гэтага цэнтра.

Таксама бiскупы наведалi Грот Нараджэння Езуса, а ў касцёле св. Кацярыны, якi знаходзiцца побач, цэлебравалi святую Iмшу, якую ўзначалiў Лацiнскi Патрыярх Ерузалема Фуад Туаль. У гамiлii Патрыярх адзначыў, што Езус прынёс мiр на зямлю, але яго няма – няма не толькi таму, што iснуюць сцены, якiя раздзяляюць народы, але і таму, што iснуюць сцены духоўныя, якiя раздзяляюць сэрцы. Найперш трэба разбурыць гэтыя сцены, будаваць сапраўдны мiр на духоўных каштоўнасцях, падкрэсліў іерарх.


Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў гэтую Імшу ў iнтэнцыi таго, каб Езус нарадзіўся на беларускай зямлi i ў нашым народзе.

Пасля Iмшы адбылася сустрэча ўдзельнікаў асамблеі з пробашчамi i кансэкраванымi асобамi (лацiнскага абраду, мелхiтамi i сiра-католiкамi). Дзень завяршыўся вячэрай з прадстаўнiкамi хрысцiянскiх Цэркваў Ерузалема, у якой прыняў удзел грэчаскі праваслаўны Патрыярх, якi рэзідуе ў Ерузалеме.

Таксама ўсім бiскупам падарылi копiю выявы Апошняга суду з касцёла ў Domus Galileae і копiю абраза Марыi Апякункі Еўропы, спецыяльна напiсаную да Пленарнай Асамблеі.

(DN), (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію