Культ Марыі — Маці нашай веры | Друк |
Душпастырства
05.10.2012 14:30

«Шчаслівая тая, якая паверыла…» (Лк 1, 45). Гэтыя словы, скіраваныя да Марыі падчас наведвання Альжбеты, гавораць пра ўвесь Яе жыццёвы шлях. Гэта быў шлях веры — ад звеставання да Кальварыі, да Вячэрніка, да ўнебаўзяцця. З вераю Марыя прыняла словы анёла, Яна паверыла ў вестку аб тым, што стане Маці Бога ў паслухмянасці сваёй адданасці (пар. Лк 1, 38).

Наведваючы Альжбету, Яна ўзнесла хвалебную песню да Найвышэйшага за цуды, якія Ён учыніў для тых, хто давяраецца Яму (пар. Лк 1, 46–55). З радасцю і хваляваннем Марыя нарадзіла свайго адзінага Сына, захаваўшы непарушным дзявоцтва (пар. Лк 2, 6–7). Даверыўшыся свайму абранніку, Юзафу, Яна пайшла з Езусам у Егіпет, каб уратаваць Яго ад пераследаванняў Ірада (пар. Мц 2, 13–15). З такім жа даверам Маці Божая ішла за Панам, які навучаў народ, і засталася з Ім ажно да Галготы (пар. Ян 19, 25–27). У веры Яна радавалася плёну ўваскрасення Езуса і, захоўваючы ў сваім сэрцы ўсе ўспаміны, звязаныя з Ім, распавяла пра іх Дванаццаці Апосталам, якія сабраліся разам з Ёю ў Вячэрніку, каб атрымаць Духа Святога (пар. Дз 1, 14; 2, 1–4).

Марыя — Асоба з незвычайнай вераю. Як Абрагам з’яўляецца нейлепшым прыкладам веры сярод людзей, пра якіх распавядаецца на старонках Старога Запавету, так Марыя — самы дасканалы прыклад веры ва ўсёй гісторыі Збаўлення. Яна самым дасканалым чынам праяўляла паслухмянасць веры (пар. ККК 148). Усё жыццё Марыі — няспынны шлях у веры за Хрыстом. І, як вучыць Другі Ватыканскі Сабор, дзякуючы сваёй веры Яна вядзе ўвесь народ Божы.

«Вера з’яўляецца чынам асабістым, бо гэта дабравольны адказ чалавека Богу, які аб’яўляецца» (ККК 166). Хрысціяне спрадвеку просяць у Марыі заступніцтва і апекі, надаючы Ёй розныя тытулы, напрыклад: Заступніца, Успамога Хрысціянаў, Дапаможца, Пасрэдніца. У адной з самых ранніх марыйных малітваў, антыфоне «Тваёй абароне» (узнікла напрыканцы ІІІ ст. або ў пачатку IV ст.) утрымліваецца элемент закліку да Марыі як Той, якая абараняе сваіх духоўных дзяцей ад усялякай небяспекі. Многія з просьбаў, што хрысціяне ўзносілі і ўзносяць да Марыі, датычыліся ўмацавання ў веры, абароны веры. Гэта выразна відаць у гісторыі Касцёла, а таксама асобных народаў у тыя перыяды, калі свабода пэўных супольнасцяў была пад пагрозаю. Марыя ўшаноўваецца як Тая, якая асаблівым чынам абараняе нашу веру.

Вера Маці Божай праслаўляецца таксама ў Дакументах Другога Варыканскага Сабору, які ў Дагматычнай канстытуцыі пра Касцёл Lumen gentium паказаў Марыю як прыклад веры для пілігрымуючага народа Божага. Гэтую думку яшчэ больш выразна развіў папа Ян Павел ІІ, навучаючы, што Марыя «вядзе нас у веры», г. зн. сама з’яўляецца прыкладам веры і дапамагае нам верна жыць з Богам. Гэтую веру і вернасць Марыі ўжо шмат гадоў праслаўляе Касцёл, называючы Яе ў Ларэтанскай літаніі «Паннай вернаю». Яна на прыкладзе ўласнага жыцця паказала, як жыць з Богам, захоўваючы Яго слова і бязмежна давяраючы Яму, нягледзячы на цяжкасці і выпрабаванні, якія сустракаюцца на нашым шляху. Як духоўная Маці хрысціянаў, Марыя падтрымлівае нашу веру і клапоціцца пра яе ўзрастанне.

Як на Усходзе, так і на Захадзе хрысціяне ў сваіх набажэнствах праслаўляюць Марыю з дапамогаю розных апісанняў, зачэрпнутых са Старога Запавету. Гэта біблійныя сімвалы і характарыстыкі Найсвяцейшай Панны Марыі. Найбольш такіх апісанняў сустракаецца ў Гадзінках аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі і ў Ларэтанскай літаніі (на Захадзе), а таксама ў марыйным гімне «Акафіст»  (на Усходзе). У некаторых з іх Марыя характарызуецца як Тая, якая абараняе нашу веру ў сапраўднага і адзінага Бога.

У гісторыі нашага Касцёла і нашага народа Марыя шматразова станавілася пераможнаю абаронцаю веры. Дзякуючы Ёй Касцёл вытрываў і ўмацаваўся ў час пераследаванняў. Ружанцовая малітва ў перыяд атэізацыі і барацьбы з Касцёлам няспынна была на вуснах веруючых людзей — ва ўсіх гарадах і вёсках, у цэлых сем’ях і ў кожнага паасобку — і стала знакам трываласці ў веры, жадання знаходзіцца ў пастаянным кантакце з Богам. Культ Марыі, які жыве і далей будзе жыць у нашых сэрцах, дае надзею на духоўнае і маральнае адраджэнне нас саміх, нашай Айчыны і ўсяго свету.

Да элементаў марыйнага культу адносяцца:

  • наданне Марыі шматлікіх тытулаў, напрыклад: Найсвяцейшая Панна Марыя, Каралева і інш.;
  • адданне ўсяго народа Яе апецы;
  • выкарыстанне малітваў праз заступніцтва або пасрэдніцтва Марыі (Ружанец, Ларэтанская літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі, Навэнна да Маці Божай Нястомнай Дапамогі);
  • хвалебныя гімны і песні;
  • цэлебраванне набажэнстваў у гонар Маці Божай;
  • адзначэнне марыйных святаў;
  • прынясенне кветак або знічоў да выяваў Марыі, культ Яе абразоў;
  • цырыманіяльнае абнясенне абразоў або статуэтак Марыі — перэгрынацыі, працэсіі;
  • пілігрымаванне да марыйных санктуарыяў;
  • культ Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі.

    Перэгрынацыя копіі абраза Маці Божай Будслаўскай

    Крыніца:
    Перэгрынацыя копіі абраза Маці Божай Будслаўскай падчас Года веры 2012–2013. Набажэнствы падчас трыдуума і перэгрынацыі абраза (дапаможныя матэрыялы)// Мінска-Магілёўская мітрапалітальная курыя. — Мінск, 2012.
 
© 2003-2024 Catholic.by