Школа аніматараў у Докшыцах: хочаш казаць іншым пра Бога? Слухай Яго | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
13.03.2012 14:00

Каб казаць іншым пра Бога, найперш трэба самому слухаць Яго. Каб навучыць, трэба самому быць вучнем адзінага Настаўніка. З гэтай мэтай была арганізавана «школа» для аніматараў рэкалекцый «Аазіс жыцця». Прайшла яна ў Докшыцах 9–10 сакавіка 2012 г.

Гэта быў час адпачынку і духоўнай фармацыі. Удзельнікі мелі шмат часу на супольныя размовы і больш цеснае знаёмства паміж сабой, што паспрыяла ўмацаванню адзінства сярод анімататраў. Таксама ў праграме была супольная малітва, святая Імша, Крыжовы шлях і арганізацыйная сустрэча па падрыхтоўцы наступных моладзевых рэкалекцый. Духоўная ж фармацыя для аніматараў уключала тры навучанні.

Гаварыць ад сэрца да сэрца
(с. Маргарыта Аўгустын ASC)

Каб быць сапраўдным сведкам Хрыста, трэба гаварыць ад сэрца да сэрца. Не варта баяцца распавядаць аб сабе і сваім жыццёвым досведзе іншым, хаця гэта можа быць нялёгка. Гэта патрэбна маладым людзям, якія сёння часта губляюць надзею. Таксама трэба іх любіць.

Аднойчы я згубіла залаты пярсцёнак, і была вымушана шукаць яго сярод смецця. Пошукі трывалі доўга, але гэта было вартым таго — пярсцёнак жа залаты. Таксама і ў кожным з нас схаваны гэтыя каштоўнасці. Праца з чалавекам асноўваецца на тым, каб адшукаць за ўсімі яго грахамі і праблемамі сапраўднае аблічча Божага дзіцяці. Калі мы будзем моцна верыць, што кожны чалавек — гэта каштоўнасць, то не будзем стамляцца ў змаганні за яго душу.

Наш вораг
(а. Віталь Юркевіч OFM Cap)

У сённяшнім свеце маладыя людзі часта паддаюцца ўплыву злога духа, і несвядома рызыкуюць трапіць у вялікую небяспеку. Злы дух можа прыходзіць праз самотнасць, адчай, пачуццё страху. Яго можна ўпусціць у сваё жыццё таксама праз акультныя практыкі ці розныя грахі.

Трэба ведаць, дзе ёсць наш вораг, каб змагацца з ім, і ведаць, што толькі Бог дае перамогу. Таму трэба моцна трымацца Яго слова і святых сакрамэнтаў і, нарэшце, патрэбна быць радаснымі. Бо злы дух баіцца радасных людзей.

Паслухмянасць Касцёлу
(а. Марэк Пасют OFM Cap)

Падчас апошняга навучання а. Марэк, пробашч парафіі ў Докшыцах, звярнуў увагу на паслухмянасць — таямніцу і дар.

Касцёл — гэта супольнасць, а не армія. Бо ў арміі таксама ёсць паслухмянасць, але няма любові. І таму гэта зусім іншае. Хрыстус быў паслухмяны Айцу дабравольна аж да смерці крыжовай. І наша паслухмянасць Касцёлу таксама павінна быць дабравольнай, павінна вынікаць з любові і кіравацца любоўю. Бо сэрца паслухмянасці — гэта любоў.

…І некалькі слоў аб евангелізацыі. Хто такі сапраўдны евангелізатар? Гэта не той, хто шмат гаворыць. Трэба браць прыклад з Марыі, якую называюць «Зоркай Евангелізацыі», — яна не гаварыла шмат. Яна слухала. Калі мы хочам евангелізаваць, то перш за ўсё павінны ўмець слухаць. Часта чалавек не будзе ўспрымаць нашых слоў, але можа мець патрэбу выказацца. І калі ўмееш выслухаць яго з усімі яго праблемамі, то ўжо сама твая пастава будзе сведчыць пра любоў добрага Бога.

Аляксандра Шчыглінская

 
© 2003-2024 Catholic.by