Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рэкалекцыі «Аазіс жыцця» прайшлі ў Докшыцах
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
09.01.2012 21:32

З 3 па 7 студзеня 2011 г. у Докшыцах адбыліся моладзевыя рэкалекцыі «Аазіс жыцця», якія сабралі каля 60 ўдзельнікаў з розных куткоў Беларусі. «Аазіс жыцця» — гэта месца, дзе спалучаюцца гучныя забавы і ціхая малітва, вясёлыя жарты і глыбокія тэмы навучанняў. Тут удзельнікі пераўтвараюцца ў адну вялікую сям’ю, каб разам ісці за Богам.

Праводзілі рэкалекцыі браты капуцыны і свецкія аніматары са «Школы хрысціянскага жыцця і евангелізацыі». Кожны дзень рэкалекцый быў вельмі насычаным і цікавым. Але некаторыя моманты запомніліся ўдзельнікам найбольш. Ад’ехаўшы дадому, яны яшчэ доўгі час будуць узгадваць менавіта гэта...

Адносіны паміж хлопцам і дзяўчынай

Гэтая тэма, напэўна, самая хвалюючая для падлеткаў. Менавіта ёй былі прысвечаны ўсе навучанні падчас рэкалекцый. Якімі Бог стварыў мужчыну і жанчыну? Якімі павінны быць адносіны паміж хлопцам і дзяўчынай і навошта патрэбна чысціня да шлюбу? Як збудаваць здаровую сям’ю і добрыя адносіны? Адказы на гэтыя пытанні аказаліся вельмі важнымі і своечасовымі.

Брат Войтэк

Гэта капуцын з рыжай барадой і добрай усмешкай, які працуе на кухні ў Докшыцах. Напэўна, кожнага ўдзельніка здзівіла яго майстэрства і дабрыня. Ён частаваў усіх свежаспечаным хлебам, смачнымі блінамі або катлетамі, а затым выходзіў у сталовую, каб паназіраць за задаволенымі дзецьмі. Не раз у яго пыталіся: «Вы, напэўна, вельмі любіце гатаваць?», а ён адказваў: «Не, я проста люблю дзяцей».

Падарункі для Езуса

Што я магу падарыць Езусу? На гэтае пытанне кожны павінен быў адказаць сам і зрабіць сімвалічны падарунак сваімі рукамі. Для адных гэта было сэрца, для іншых свой час або ўласныя грахі ці слабасці. Ахвяравалі ўсё гэта Езусу падчас вячэрняй малітвы.

І пачалася яна незвычайна. Каб падкрэсліць урачыстасць моманту, удзельнікаў уводзілі ў касцёл па адным і вялі да самага алтара, дзе ляжала фігурка Дзіцятка Езуса. Яму прыносілі свае падарункі і, укленчыўшы, маліліся. «Гэта быў вельмі хвалюючы момант, — апавядалі пасля многія, — падобны да асабістага спаткання, дзе ёсць толькі я і Бог».

Бог дае натхненне

Улад прыехаў на «Аазіс жыцця» ўпершыню. Бог адарыў яго прыгожым талентам: пісаць песні. Удзячны Богу за ўсе Яго ласкі, хлопец вырашыў уславіць Бога сваім новым спевам, і напісаў яго менавіта падчас рэкалекцый. Гэта быў прыгожы спеў-малітва ў моладзевым стылі «рэп», выкананы пад жывыя музычня інструменты. Усе ўдзельнікі рэкалекцый сустрэлі яго бурнымі апладысментамі і здзіўленнем. Але ўразіў іх не прафесіяналізм ці незвычайны музычны стыль. Уразіла шчырае жаданне праславіць Бога.

Пазней Улад падзяліўся сваімі думкамі:

«Для мяне Бог — гэта мой Бацька, бо мы ўсе з’яўляемся Яго дзецьмі. Але асабліва я адчуваю Яго як таго, хто дае натхненне. Ён спасылае свае ласкі, свае чыстыя і добрыя думкі, якія дапамагаюць мне ў творчасці, ў жыцці і адносінах.

На гэтых рэкалекцыях Бог таксама даў мне натхненне, праявіўшы сваю святую дабрыню і любоў. Ён дапамог мне напісаць песню, якая вельмі спадабалася ўсім астатнім. Яна называецца „Мараната — гэта маё жыццё“. І я быў вельмі шчаслівы, калі ўбачыў, што песня закранула сэрцы і душы іншых людзей. Я бачыў усмешкі і радасць на іх тварах і адчуў любоў, якую ім дае Пан Бог.

На гэтых рэкалекцыях я ўпершыню, але мне вельмі спадабалася. Іх можна назваць нейкім цудам. Насамрэч усё залежыць ад таго, як хто да гэтага паставіцца, і я паставіўся вельмі адказна. Я пастараўся адчуць гэтую ніць сувязі з Богам, адчуць Яго любоў і благаслаўленне, што я — Яго дзіця, а Ён — мой Айцец. Бог дапамог мне знайсці адказы на мае жыццёвыя пытанні і праблемы. З гэтага вельмі цешуся. Таксама я знайшоў тут спакой і пачаў па-іншаму ставіцца да розных сітуацый».

Напрыканцы Улад дадаў: «Увогуле, калі я ехаў сюды, я паставіў сабе мэту: адкрыць дзверы свайго сэрца як найбольш для Бога. І гэтай мэты я дасягнуў. Але не хачу спыняцца на гэтым, ніколі нельга спыняцца».

На твары хлопца была ўсмешка, і яго вочы свяціліся ад радасці: неілжывай, хрысціянскай, сапраўднай.

Аляксандра Шчыглінская

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме