Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Аб чым спявае хор касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Докшыцах?
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
13.06.2012 14:29
«Хто спявае — той двойчы моліцца»

Святы Аўгустын

Сёння не кожная парафія Беларусі мае ўласны хор. А нашаму слаўнаму гораду Докшыцы пашчаслівілася мець каталіцкую святыню, у якой дзейнічае змешаны (складаецца з мужчынскіх і жаночых галасоў) аматарскі хор. Дэбютаваў ён 4 красавіка 2010 года на ўрачыстасці Уваскрасення Хрыстова.

Хор адразу крануў прысутных сваёй моцай і шчырасцю, а не канцэртным выкананнем класічных рэлігійных твораў. Сваімі спевамі  харысты ўпрыгожылі святочную літургію і напоўнілі кожнага з прысутных шчырай малітвай.

Хто ж узяў на сябе абавязкі аб’яднаць людзей хрысціянскай песняй у адну групу? Чым павінны валодаць арганізатар і харысты? Пра гэта са слоў кіраўніка хору Веранікі Раманенкавай.

Вераніка нарадзілася ў Докшыцах у сям’і настаўнікаў. Любоў і цікаўнасць да рэлігійнай музыкі вызначылася ў яе яшчэ ў школьныя гады, дзякуючы таленавітаму педагогу Таццяне Суднік, якая паспрыяла таму, што рэлігійная музыка для Веранікі стала сэнсам прафесійнага  жыцця. Пасля заканчэння 9 класаў і мясцовай школы мастацтваў яна паступіла ў Наваполацкі музычны каледж на аддзяленне «харавое  дырыжыраванне», а затым — у Мінск ва ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Потым была магістратура, а цяпер — аспірантура названага  ўніверсітэта і вучоба ў магістратуры  Варшаўскага ўніверсітэта  ў Інстытуце музыкалогіі.

Вераніка 8 гадоў іграе на аргане ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Докшыцах. Два гады назад стварыла хор.

«Усе ўдзельнікі хору, а іх 22 чалавекі, розныя па характары, роду заняткаў, узросту, — гаворыць Вераніка. — Сказаць, што мы спяваем прафесійна, пакуль нельга, але прафесійнасць — гэта не самае галоўнае ў рэлігійным спеве; галоўнае — выразіць спевам малітоўны сэнс. Спевы льюцца проста і шчыра, а гэта лепш, чым роўна і статычна выконваць строга тое, што напісана ў нотах».

«Манера спеваў нашага хору робіць яго каларытным і па-свойму афарбаваным. Харысты спяваюць па нотах, хаця музычнай граматай валодае далёка не кожны. Зрокавае ўспрыманне спрыяе хутчэйшаму запамінанню і дапамагае арыентавацца ў музычнай прасторы», — дадае арганістка.

Песні гучаць па-беларуску, па-польску, па-руску, па-лацінску, па-англійску.  У рэпертуар уваходзяць творы розных жанраў, эпох і кампазітараў. Докшыцкія харысты выконваюць як шэдэўры сусветнай класічнай музыкі («Аллелюя» з араторыі «Месія» Гендэля, «An die Freude» хор з 9-й сімфоніі Бетховена), так і простыя рэлігійныя песні («Аллелюя, Бог уваскрос», «А ўчора з вячора»).

«Удзельнічаючы ў літургіі Рыма-каталіцкага Касцёла, немагчыма абмінуць такі від песнапенняў, як грыгарыянскі (адзіночны адлік) харал — спевы, з якіх бярэ пачатак прафесійная каталіцкая літургічная музыка. Наш хор выконвае тыя старажытныя і распеўныя харалы XIV веку на лацінскай мове, каб захоўваць і ведаць глыбокую традыцыю царкоўнай музыкі, бо менавіта яна крыніца музычнай малітвы, — працягвае Вераніка Раманенкава. —Нязмерную дапамогу пры арганізацыі хору і на працягу ўсяго існавання аказаў айцец Андрэй Жылевіч.  Дырэктарам хору з’яўляецца брат Войтэк Врублеўскі, які вырашае ўсе праблемы, арганізоўвае рэпетыцыі, частуе прысмакамі. Упрыгожваюць музычна-інструментальны блок спеваў таленавітыя музыканты Таццяна Суднік (арган) і Святлана Дзехцяронак (флейта)».  

Звычайна перад кожнай рэпетыцыяй і заўсёды перад пачаткам святой Імшы харысты звяртаюцца да святой Цэцыліі, апякункі і заступніцы касцёльнай музыкі і спевакоў, каб зрабіла іх сэрцы і слых чулымі і каб яны маглі ўсёй душой праслаўляць Бога, адзінага ў Тройцы.

І ў іх, на думку многіх, атрымліваецца гэта на выдатна. Пабываў з музычнай малітвай хор Докшыцкай парафіі ў Валкалаце, Даўгінаве, Гняздзілаве, Бярозаўцы, Порплішчы. Паўсюдна славілі Бога. А той, хто спявае, той двойчы моліцца і тым самым ідзе па шляху да Неба.

Нэлі Бяляўская


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў