«Марыя, будзь нам прытулкам у надзеі»: у Браславе завяршыліся ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі азёраў (+фота) | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
22.08.2015 15:42
 
22 жніўня святой Імшой на палявым алтары завяршыліся сёлетнія ўрачыстасці ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе.
 
Ранішнюю Імшу ў санктуарыі ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Канцэлебравалі Імшу святары, што паходзяць з Браслаўшчыны — а. Чэслаў Курэчка МІС, пробашч з Росіцы, і а. Аляксандр Сапель SDS, які вывучае кананічнае права ў Рыме.  
 
 
 
У гаміліі біскуп Алег Буткевіч узняў тэму паклікання. «Кожны з нас пакліканы да вечнага жыцця, да ўдзелу ў Божым жыцці», — падкрэсліў іерарх. Біскуп нагадаў, што вельмі важна, каб чалавек здолеў распазнаць сваё пакліканне, а прыкладам павінна служыць Божая Маці. «Не менш адказным з’яўляецца і ўменне адказаць на гэтае пакліканне», — дадаў віцебскі ардынарый.
 
Урачыстасці ў Браславе сталі добрай нагодай, каб успомніць пра тых, хто патрабуе дапамогі іншых — супрацоўнкі дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» збіралі ахвяраванні для дзяцей, хворых на рак. 

Галоўная святая Імша ў 11.00 сабрала вялікую колькасць вернікаў з усіх куткоў дыяцэзіі. Эўхарыстыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. 
 
 
У сваёй гаміліі арцыбіскуп узгадаў гісторыю ўключэння ў літургічны каляндар свята Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы:

«Свята ўстанавіў Папа Пій XII у 1954 годзе на завяршэнне Года Марыі. Тады Пантыфік сказаў, што Марыя з’яўляецца Каралевай больш, чым кожнае іншае стварэнне, з-за ўзнёсласці Яе душы і атрыманых дароў, а таксама скарбамі любові і клопату, якімі Яна адорвае чалавецтва».

«Што азначае тытул “Марыя Валадарка”? Мы добра ведаем, што такое кароль і каралева. Звычайна гэта людзі, якія маюць уладу і багацце. Аднак гэта не той тып валадарства, якім валодае Езус і Марыя. Езус прыйшоў, каб служыць. Таксама і Марыя паклікана служыць Богу і людзям. У хвіліны Звеставання Яна кажа: “Вось я, слуга Пана”.

У Ларэтанскай літаніі мы праслаўляем Марыю як Каралеву анёлаў, патрыярхаў, прарокаў, апосталаў, мучанікаў, веравызнаўцаў, паннаў, усіх святых, сем’яў, супакою. 
 
 
Чарга гэтых заклікаў, якая склалася гістарычна, дапамагае нам зразумець, што Найсвяцейшая Панна Марыя ёсць з намі заўсёды. Таму тытул “Валадарка” з’яўляецца выразам нашага даверу, радасці і любові. Тая, якая ў пэўным сэнсе трымае ў сваіх руках лёсы свету, дапамагае нам заўсёды, – як вучыць Папа Бэнэдыкт XVI», — дадаў іерарх.

Поўны тэкст гаміліі тут

Як адзначыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, сёння, паводле добрай традыцыі, мы «збіраемся на берагах славутых Браслаўскіх азёраў, каб праслаўляць Марыю — Валадарку азёраў, як паратунак у людской надзеі».

Арцыпастыр згадаў, што першы цуд, учынены Езусам у Кане Галілейскай, адбыўся па просьбе Марыі. 
 
«Айцы Касцёла сцвярджаюць, што Яна заўсёды была прысутная пры цудах, якія здзейсніў Езус, — фізічна або маральна. Стаўшы нашай духоўнай Маці, Яна працягвае гэтую практыку. Люд Божы прыбягае да Яе, шукаючы паратунку, і Марыя не пакідае нас адных», — дадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Іерарх адзначыў, што аб даверы людзей да Марыі сведчаць шматлікія санктуарыі і касцёлы ў Яе гонар на ўсіх кантынентах: «Гэта знак асаблівага даверу і ўдзячнасці Марыі за Яе апеку».
 
 
 
«Беларусь, як іншыя краіны былога Савецкага Саюза, перажыла жахлівыя часы пераследу веры. Аднак падчас гэтага перыяду з намі была Марыя ў сваім фацімскім пасланні, якое давала надзею, нават насуперак надзеі. Тры пакаленні прыгнечаныя народы жылі гэтай надзеяй і не падмануліся. Сёння мы маем свабоду веравызнання і цешымся ёю», — падкрэсліў іерарх.
 
«Марыя, будзь нам прытулкам у надзеі. Ласкава паглядзі на сабраны тут верны народ. Сярод яго мучанікі і сведкі веры, а таксама моладзь, якая знаходзіцца на скрыжаванні дарог і не ведае, якой пайсці, каб з аднаго боку быць сучаснай, а з іншага захаваць сваю хрысціянскую тоеснасць», — заклікаў напрыканцы гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
 
 
Напрыканцы Імшы біскуп Віцебскі Алег Буткевіч узгадаў свайго папярэдніка, біскупа на пенсіі Уладзіслава Бліна, які паспрыяў заснаванню санктуарыя Маці Божай Валадаркі азёраў. Затым біскуп прачытаў Акт аддання ў апеку Маці Божай Валадарцы азёраў.  
 
Кацярына Лаўрыненка, фота Аляксандры Шчыглінскай
 
© 2003-2024 Catholic.by