Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас урачыстасцяў Маці Божай Браслаўскай – Валадаркі азёраў: «Марыя – паратунак людской надзеі»

Браслаў, 22 жніўня 2015 г.

Вашы Эксцэленцыі, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры, дарагія пілігрымы!

1. Сардэчна вітаю ўсіх вас з нагоды традыцыйнага свята Божай Маці – Валадаркі азёраў. Дзякую віцебскаму ардынарыю Яго Эксцэленцыі біскупу Алегу Буткевічу за запрашэнне ўзначаліць гэтую святую Імшу і маліцца разам з вамі. Заўсёды ўспамінаю Браслаў, яго слаўную гісторыю і цудатворны абраз Маці Божай Браслаўскай, перад якім многія пакаленні нашых продкаў маліліся, праслаўляючы Бога і просячы аб свабодзе веравызнання ў часы ганенняў на Касцёл.

2. Сёння Каталіцкі Касцёл успамінае Марыю як Каралеву. Гэтае свята з’явілася ў літургічным календары параўнальна нядаўна, хаця яго паходжанне і культ даўнія. Яго ўстанавіў Папа Пій XII у 1954 г. на завяршэнне Года Марыі, прызначаючы яо святкаванне на 31 мая. Тады Пантыфік сказаў, што Марыя з’яўляецца Каралевай больш, чым кожнае іншае стварэнне, з-за ўзнёсласці Яе душы і атрыманых дароў, і Яна адорвае чалавецтва скарбамі сваёй любові і клопату (пар. http://gosc.pl/doc/1270989.Papiez-Maryja-to-krolowa-ktora-sluzy).

Цяпер, пасля саборнай адновы літургіі, гэтае свята адзначаецца праз тыдзень пасля ўрачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Можна нават сказаць, што сёння завяршаецца актава гэтага свята, якое прыгадвае нам завяршэнне зямнога шляху Марыі. За свае заслугі ў справе збаўлення чалавецтва Марыя з душой і целам была ўзята на неба, каб падкрэсліць сціслую сувязь паміж валадарствам Марыі і праслаўленнем Яе душы і цела побач са сваім Сынам.

3. Ад хвіліны Звеставання Марыя мела ўдзел у Валадарстве Яе Сына. Менавіта тады арханёл Габрыэль сказаў Ёй, што Яе Сын будзе валадарыць над домам Якуба і Яго Валадарству не будзе канца (пар. Лк 1, 33). Калі Марыя стала пад крыжам, то сваім сэрцам прымала цярпенні свайго Сына. Як ніхто іншы, Яна прымала ўдзел у збаўчай крыжовай ахвяры Езуса, як Яго Маці. І гэты ўдзел у Яго ахвяры Езус пацвердзіў тым, што ў асобе св. апостала Яна ўчыніў Яе нашай духоўнай Маці. Ён тады, звяртаючыся да Марыі, сказаў: “Вось сын Твой” - і, звяртаючыся да Яна, сказаў: “Вось Маці твая” (Ян 19, 26-27). Таму валадарства Марыі бярэ свой пачатак у Яе адзінстве з крыжам і смерцю Яе Сына, –  вучыць св. Ян Павел II (пар. http://ekai.pl/biblioteka/dokumenty/x514/przemowienie-wygloszone-w-czasie-koronacji-obrazow-matki-bozej/).

Марыя з’яўляецца Каралевай, бо Яна асаблівым чынам звязана са сваім Сынам як у зямным жыцці, так і ў вечнасці. Як сцвярждае Яфрэм Сірыйскі, каралеўскасць Марыі паходзіць ад Яе Боскага мацярынства, бо Яна з’яўляецца Маці Збаўцы, Валадара валадароў (пар. Іс 9, 1-6). І паказвае нам Езуса як наша жыццё, збаўленне і надзею, –  як кажа Папа Бэнэдыкт XVI (пар. http://gosc.pl/doc/1270989.Papiez-Maryja-to-krolowa-ktora-sluzy).

Другі Ватыканскі Сабор вучыць, што Марыя з душой і целам была ўзята да нябеснай славы і ўзвышана Панам як Валадарка ўсяго, каб больш прыпадобніцца да свайго Сына, Валадара валадароў (пар. LG 59). Лагічна, што Яна была каранавана як Каралева неба і зямлі, бо займае месца побач са сваім Сынам, які з’яўляецца Валадаром сусвету.

4. Што азначае тытул “Марыя Валадарка”? Ці гэта толькі адзін з многіх тытулаў, якімі чалавецтва праслаўляе Марыю? Яе каралеўскасць з’яўляецца вынікам лучнасці з Яе Сынам Езусам Хрыстом. Яна прымае ўдзел у адказнасці Бога за свет і любові Бога адносна свету.

Мы добра ведаем, што такое кароль і каралева. Звычайна гэта людзі, якія маюць уладу і багацце. Аднак гэта не той тып валадарства, якім валодае Езус і Марыя. Езус прыйшоў паслужыць (пар. Мк 10, 45). Таксама і Марыя паклікана служыць Богу і людзям. У хвіліны Звеставання Яна кажа: “Вось я, слуга Пана” (Лк 1, 38).

У Ларэтанскай літаніі мы праслаўляем Марыю як Каралеву анёлаў, патрыярхаў, прарокаў, апосталаў, мучанікаў, веравызнаўцаў, паннаў, усіх святых, сем’яў, супакою. Чарга гэтых заклікаў, якая склалася гістарычна, дапамагае нам зразумець, што Найсвяцейшая Панна Марыя ёсць з намі заўсёды. Таму тытул “Валадарка” з’яўляецца выразам нашага даверу, радасці і любові. Тая, якая ў пэўным сэнсе трымае ў сваіх руках лёсы свету, дапамагае нам заўсёды, – як вучыць Папа Бэнэдыкт XVI (пар. http://gosc.pl/doc/1270989.Papiez-Maryja-to-krolowa-ktora-sluzy).  

5. Злучаная з Езусам у таямніцы Уцелаўлення, у зямным жыцці, цярпеннях і Унебаўзяцці, Марыя застаецца такой і ў нябесным Яе праслаўленні. І хаця Яе Валадарства не з гэтага свету, яно ўкаранілася ў гісторыі чалавецтва і  трывае ў розных кутках зямлі, у тым ліку і ў Браславе.

Сёння, паводле добрай традыцыі, мы збіраемся на берагах славутых Браслаўскіх азёраў, каб у гэтым годзе праслаўляць Марыю – Валадарку азёраў, як паратунак у людской надзеі.

Першы цуд Езус учыніў у Кане Галілейскай па просьбе Марыі. Айцы Касцёла сцвярджаюць, што Яна заўсёды была прысутная пры цудах, якія здзейсніў Езус, – фізічна або маральна. Стаўшы нашай духоўнай Маці, Яна працягвае гэтую практыку. Люд Божы прыбягае да Яе, шукаючы паратунку, і Марыя не пакідае нас адных. Вядома, што цуд можа здзейсніць толькі Бог, але найкарацейшай дарогай да Яго ёсць Марыя. Нездарма лацінская прыказка кажа: “Ad Jesum per Mariam” – “Да Езуса праз Марыю”.

Аб даверы людзей да Марыі сведчаць шматлікія санктуарыі і касцёлы на ўсіх кантынентах ў Яе гонар. Гэта знак асаблівага даверу і ўдзячнасці Марыі за Яе апеку. Нездарма святы Бернард кажа, што ніхто і ніколі не чуў, каб быў пакінуты, калі прыбягае да Марыі.

Наша краіна, Беларусь, як іншыя краіны былога Савецкага Саюза, перажыла жахлівыя часы пераследу веры. Аднак падчас гэтага доўгага перыяду з намі была Марыя ў сваім фацімскім пасланні, якое давала надзею, нават насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18). Тры пакаленні прыгнечаныя народы жылі гэтай надзеяй і не падмануліся. Сёння мы маем свабоду веравызнання і цешымся ёю.

6. Аднак злы дух не дрэмле. Ён, як рыкаючы леў, кружыць вакол і шукае, каго праглынуць (пар. 1 Птр 5, 8). Спаўняецца прыказка, што “цямней за ўсё пад лямпай”. Мы маем усё больш магчымасцяў для жыцця ў святле Евангелля, але ў той жа час выбіраем жыццё ў грахоўнай цемры. Гэтай цемрай з’яўляецца амаральнае жыццё і залежнасці, у якія трапляе сучасны чалавек.

Мы добра ведаем, якой бядой нашага грамадства з’яўляецца алкагалізм. Трэба з удзячнасцю прыняць ініцыятывы многіх грамадскіх арганізацый і ўладаў некаторых беларускіх гарадоў, дзе абмяжоўваецца продаж алкаголю. Аднак, тым не менш, у краіне непараўнальна больш крамаў і пунктаў продажу алкаголю, чым аптэк, што спрыяе лячэнню, калі так можна выказацца, зялёным змеем.

У апошнія часы да алкагольнай залежнасці дадалася вельмі небяспечная нарказалежнасць, якая праяўляецца ў настойлівай патрэбе ў спажыванні псіхаактыўных рэчываў, што разбурае чалавечую псіхіку, так што ён становіцца практычна неадказным за свае дзеянні.

Пагаршаецца сітуацыя сям’і. Усё больш разводаў, сужэнскай нявернасці, жыцця без шлюбу і нават дзяржаўнай рэгістрацыі. І ўсё гэта вельмі часта расцэньваецца як прагрэс і праяўленне свабоды.

Неўтаймаванае імкненне да абагачэння любым коштам і дух спажывецтва вядуць да таго, што з’яўляецца новы бог, імя якому матэрыялізм. Замест ідэалагічнага атэізму ўкараняецца матэрыялістычны.

Самы каштоўны Божы дар, якім ёсць жыццё, становіцца таварам, які можна купіць, прадаць, знішчыць. Аб гэтым сведчаць законы аб абортах і эўтаназіі. У некаторых краінах свету з’явіліся клінікі “Butiful children” – “Прыгожыя дзеці”, калі, выкарыстоўваючы самыя сучасныя дасягненні генетыкі, можна паўплываць на колер скуры, вачэй, валасоў і г.д. будучага дзіцяці. Усё больш распаўсюджваецца нязгоднае з Божым правам апладненне in vitro. Вялікай маральнай праблемай з’яўляецца кланаванне, якое можа быць выкарыстана таксама і ў адносінах да людзей. У сувязі з гэтым паўстае пытанне: “Ці часам сучасны чалавек не імкнецца зрабіць фабрыку прадукцыі людзей або запчастак да іх?”

У савецкія часы з СССР у Амерыку эміграваў комік Якаў Смірноў, вядомы сваім выказваннем: “America: What a country” – “Амерыка: што за краіна!” (https://en.wikipedia.org/wiki/Yakov_Smirnoff#.22America:_What_a_country.21.22) У той час у Амерыцы многае яго вельмі здзіўляла. Стыль жыцця амерыканцаў, чарнаскурыя людзі на вуліцах, колькасць тавараў у крамах і многае іншае. Вялікае здзіўленне выклікала парашковае малако і парашковыя сокі. Дадай вады - і маеш малако ці сок. Сёння мы да гэтага прызвычаіліся, але 50-60 гадоў таму мы таксама моцна здзіўляліся бы. І вось аднойчы гэты комік зайшоў у прадуктовую краму, убачыў дзіцячы парашок і ўсклікнуў: “Амерыка, што за краіна! Мала таго, што калі дадаш вады, то маеш малако ці сок, але таксама і дзіця!”

Сёння шмат гаворыцца аб правах чалавека, і гэтая тэма з’яўляецца вельмі актуальнай. Аднак у той жа час неабходна клапаціцца аб развіцці культуры правоў чалавека, якая магла б мудра спалучаць індывідуальны аспект з памерам агульнага дабра, – як кажа Папа Францішак (пар. http://w2.vatican.va/content/francesco/pl/speeches/2014/november/documents/papa-francesco_20141125_strasburgo-parlamento-europeo.html).

Вялікай праблемай з’яўляюцца сучасныя ліберальныя медыя, якія ў імя фальшыва зразуметай свабоды прадстаўляюць амаральны стыль жыцця як сучасны і пазітыўны і такім чынам фармуюць чалавека, які не будуе свайго жыцця на маральных каштоўнасцях.

Святы Ян Павел II, звяртаючыся да моладзі ў Каўнасе ў 1993 г., папярэджваў аб згубных наступствах амаральнага выкарыстання свабоды, падкрэсліваючы, што яно вядзе да анархіі (пар. http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/it/speeches/1993/september/documents/hf_jp-ii_spe_19930906_giovani-lituania. html). Ён таксама казаў, што дэмакратыя без захавання Божага права перараджаецца ў таталітарызм (пар. VS 101). І сапраўды, сёння мы ўсё часцей адчуваем подых дыктатуры лібералізму. Калі лібералам дазваляецца ўсё: крытыкаваць Касцёл і маральны закон, то веруючым неабходна бараніць свае правы. У колькі краінах Еўропы забаронены хрысціянскія сімвалы?! Але Еўропа вырасла з хрысціянства. Еўрапейская цывілізацыя прасякнута хрысціянскімі каштоўнасцямі. І Еўропа ў наш час, у імя фальшыва зразуметай свабоды, сама адракаецца ад сваіх хрысціянскіх каранёў. Гэта трагедыя, якую мы цяпер перажываем.

7. Дзе шукаць паратунку? Хто верне надзею, нават насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18)? Нашы позіркі сёння накіраваны да Марыі. Яна ў 1917 г. у Фаціме дала надзею на свабоду веравызнання, і мы яго атрымалі. Гэта дар, але адначасова заданне, выканаць якое ў абставінах выклікаў сучаснасці, якія ўзмацняюцца, становіцца ўсё цяжэй. Марыя ў Фаціме казала: “Калі навернецеся і будзеце маліцца, то ўсё будзе добра. Калі не, то вас чакаюць вялікія цяжкасці”. Гэтыя словы Марыі актуальныя і сёння і ўяўляюць сабой праграму да будавання шчасця ў гэтым жыцці і дасягнення яго ў вечнасці.

Марыя, будзь нам прытулкам у надзеі. Ласкава паглядзі на сабраны тут верны народ. Сярод яго мучанікі і сведкі веры, а таксама моладзь, якая знаходзіцца на скрыжаванні дарог і не ведае, якой пайсці, каб з аднаго боку быць сучаснай, а з іншага захаваць сваю хрысціянскую тоеснасць.

Твой Сын над берагамі Галілейскага возера чыніў цуды. Выпрасі ў Яго ласку, каб цуд навяртання і трывання ў моцнай веры стаўся над берагамі Браслаўскіх азёраў, каб па паверхні іх водаў пранеслася моцнае рэха Твайго “Fiat”, якое сведчыць, што мы выбіраем Бога, адзіную нашу надзею. Амэн.

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:


1. Ян Павел II. Энцыкліка “Veritatis splendor” (VS).
2. http://ekai.pl/biblioteka/dokumenty/x514/przemowienie-wygloszone-w-czasie-koronacji-obrazow-matki-bozej/.
3. http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/it/speeches/1993/september/ documents/hf_jp-ii_spe_19930906_giovani-lituania.html.
4. http://gosc.pl/doc/1270989.Papiez-Maryja-to-krolowa-ktora-sluzy.
5. http://w2.vatican.va/content/francesco/pl/speeches/2014/november/documents/papa-francesco_20141125_strasburgo-parlamento-europeo.html.
6. https://en.wikipedia.org/wiki/Yakov_Smirnoff#.22America:
_What_a_country.21.22.


Адноўлена 21.08.2015 16:32
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі