Вернісажам — вынікам працы 30 мастакоў — завершыцца мастацкі пленэр у Друі | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
19.07.2016 16:58

Вернісажам у калідорах друйскага кляштара 24 ліпеня завершыцца другі мастацкі пленэр «Пачаткі», на якім у гэтым годзе ўдзельнічае ўдвая больш мастакоў, чым у мінулым. Перад вернісажам адбудзецца святая Імша, якую ўзначаліць біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Другі мастацкі пленэр «Пачаткі» ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Друі распачаўся 17 ліпеня.

«Аднак мастакі прыехалі на дзень раней, 16 ліпеня, — адзначыў кс. Сяргей Сурыновіч, пробашч друйскай парафіі. — У гэтым годзе ў пленэры прымаюць удзел 30 мастакоў, сярод якіх выкладчыкі беларускіх мастацкіх навучальных установаў і іх навучэнцы».

Мастак-мэтр Дзмітрый Сурыновіч за працай

Тыя мастакі, якія прымалі ўдзел у мінулым годзе, адразу прыняліся за працу, бо ўжо ведалі, што будуць рабіць. Для «новых» жа былі зроблены спецыяльныя «ўводзіны» і знаёмства з друйскімі ваколіцамі.

Як адзначыў кс. Сяргей Сурыновіч, пакуль што працуюць мастакі з Беларусі, але звярталіся з пытаннямі аб удзеле і мастакі з іншых краін, напрыклад, Румыніі, Галандыі і Польшчы.

Верагодна, у чарговы раз пленэр зможа набыць міжнародны характар.

Кожны з мастакоў, які прыехаў на пленэр, пакіне ў Друі па адной сваёй працы.


Пакуль да завяршэння пленэру яшчэ далёка, у мастакоў «кіпіць праца».

Нават у дажджлівы дзень мастакі не сядзелі без працы, знайшлі цікавы аб’ект — гаспадара кс. Сяргея Сурыновіча:

21 ліпеня да мастакоў завітае хрысціянская пісьменніца Ірына Жарнасек.

«Галоўная мэта пленэру — наладжванне мастоў паміж рэлігіяй і мастацтвам, — падкрэслівае кс. Сяргей Сурыновіч. — Прыезд жа да нас пісьменніцы Ірыны Францаўны — гэта пошук сувязі паміж рэлігіяй, жывапісам і літаратурай».

Аксана Ючкавіч

Фотаздымкі са старонкі кс. Сяргея Сурыновіча ў facebook

 
© 2003-2024 Catholic.by