Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у ІІ Каталіцка-праваслаўным форуме на Родасе | Друк |
19.10.2010 17:52

ІІ Каталіцка-праваслаўны форум сёлета сабраўся на Родасе (Грэцыя). З 18 па 22 кастрычніка яго ўдзельнікі будуць разважаць на тэму «Адносіны Касцёл-дзяржава: тэалагічныя і гістарычныя перспектывы». Каталіцкі Касцёл у Беларусі на форуме прадстаўляе Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які сёння выступіў на ім з дакладам.

Даклад беларускі іерарх прысвяціў тэме форуму і прааналізаваў адносіны Касцёл-дзяржава. «Прысутнасць хрысціянства ў свеце само па сабе ставіць праблему яго адносінаў з грамадствам і дзяржавай. Касцёл, як богачалавечы арганізм, пакліканы будаваць адносіны з грамадствам і дзяржавай такім чынам, каб умацоўваць прынцыпы любові і справядлівасці на зямлі, а таксама весці людзей да Валадарства Нябеснага», — адзначыў на пачатку свайго выступлення арцыбіскуп Кандрусевіч.

Як нагадаў беларускі арцыпастыр, «Касцёл зацвярджае прынцыпы Валадарства Нябеснага на зямлі, асвячае веруючых, кіруе імі і вядзе да жыцця вечнага». «Дзяржава, — дадаў іерарх, — паклікана наладжваць жыццё людзей, для чаго яна выкарыстоўвае інстытуты ўлады, ідэалогію, а таксама матэрыяльныя рэсурсы».

 
© 2003-2024 Catholic.by