Гамілія на VІІ Велікодную нядзелю, Год А (28 мая) | Друк |
Нядзельнае казанне
25.05.2017 14:44

Чытанні >>>

«Не пакіну вас сіротамі, — кажа Пан, —
іду і прыйду да вас, і ўзрадуецца сэрца вашае».

Дарагія браты і сёстры!

Сённяшняе Евангелле — гэта прыгожы ўрывак з архісвятарскай малітвы Езуса Хрыста. Гэтая малітва на момант вяртае нас да падзеяў Вялікага тыдня. Атмасфера падчас Апошняй Вячэры была надзвычай драматычнай: архісвятарская малітва Езуса, абмыванне ног Апосталам, прадказанне здрады, развітальныя рэплікі. Усё гэта, несумненна, перакрочвала звычайныя катэгорыі чалавечага пазнання і дзейнасці.

Дзякуючы Божай ласцы Апосталы разумелі, што, спажываючы хлеб і віно, якое сталася Целам і Кроўю Хрыста, яны ўдзельнічаюць у жыцці і смерці самога Езуса. Яны таксама выказалі згоду весці такі ж лад жыцця, як і Езус: прысвячаць яго Айцу і ахвяроўваць за людзей.

Аднак таямніца Вячэрніка сягае глыбей: у гэтай таямніцы Езус Уваскрослы будзе сустракацца са сваімі вучнямі. І па волі самога Хрыста ад таго моманту падзеі Мукі, Смерці і Уваскрасення будуць перажывацца няспынна, «аж да сканчэння свету».

У кожным пакаленні, пачынаючы ад Апосталаў, Езус вучыць таямніцы паяднання чалавека з Богам. Самым важным у гэтай таямніцы з’яўляецца тое, каб мы ўсвядомілі сабе прысутнасць і блізкасць Божай любові. Любові Бога, які з’яўляецца Айцом. Гэта значыць, што наш Збаўца блізка, Ён у нашым жыцці, хоць часам мора праблем не дазваляе нам гэтага ўбачыць. І толькі тады наш адказ дасканалы, калі ў ім выражана жаданне з даверам прыняць гэтую любоў.

Перажыванне таямніцы сувязі чалавека з Богам засяроджваецца вакол асобы Езуса Хрыста. Ён як адзіны пасрэднік збаўлення праз свайго Духа моліцца ў кожным з нас да Айца і ахвяруе сябе за нас. Езус праз сваё жыццё, словы і чыны вучыць нас уменню разумець і рэалізоўваць намеры Айца, Яго волю. Каб кожны меў вечнае жыццё, як Адвечны, Адзінародны Сын. Езус, уваходзячы ў глыбіню Божай любові, усё аддае Айцу і ўсё да Яго накіроўвае.

Узгадаем словы з паслання св. Яна Апостала: «І мы бачылі, і сведчым, што Айцец паслаў Сына, Збаўцу свету. Хто вызнае, што Езус — Сын Божы, у тым жыве Бог, а ён — у Богу». Мастак Карла Парызі вельмі глыбока паказаў думку малітвы Езуса ў сваім творы «Хрыстус разважае». На карціне Езус з лёгка схіленай наперад галавой, а рукі Яго складзены як на малітве. Таямніца гэтага вобразу заключаецца ў закрытых вачах Хрыста, якія нібы вядуць у глыб Яго асобы. Тут мы можам заўважыць знак таго, што Езус бачыць задумы і справы Айца і разважае над імі. Калі ўгледзімся ў гэты вобраз, то зможам лепш зразумець словы малітвы Езуса: «...Словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны прынялі іх і сапраўды пазналі, што Я выйшаў ад Цябе, і паверылі, што Ты паслаў Мяне...»

Таксама ў з’яднанні з Богам вельмі важна ўсведамляць, што Бог праз сваю ласку першы аказвае нам сапраўдную любоў, ва ўсім нашым жыцці. Падобна як сёння ў архісвятарскай малітве Езуса Бог дзейнічае праз пераказ слова, якое з’яўляецца праўдай, дзейнічае праз тое, што нас аберагае ад зла, дзейнічае праз радасць — і радасць гэта поўная! — і праз ахвяраванне сябе і свайго Адзінароднага Сына, каб мы былі асвячаныя ў праўдзе.

Дарагія! Варта звярнуць увагу яшчэ на адзін аспект: кожная сустрэча чалавека з Богам вядзе да таго, што чалавек становіцца адкрытым на іншых людзей, у нейкім сэнсе выходзіць у свет. Аднак Езус папярэджвае, што адносіны паміж людзьмі не будуць пазбаўлены нават мінімальных канфліктаў: «Свет узненавідзеў іх, бо яны не са свету, як і Я не са свету». І мы, жывучы ў свеце, кожны дзень сутыкаемся з тым, што на зямлі пануе складаная шматзначная праўда. Тое, што падабаецца свету і што свет прадстаўляе як дабро і праўду, на самой справе не заўсёды з’яўляецца дабром і праўдай, не заўсёды адпавядае дабру і праўдзе, якія былі аб'яўлены Езусам Хрыстом.

Дарагія браты і сёстры! Малітва Езуса заахвочвае нас трываць у адзінстве і праўдзе, так як Езус трывае ў сваім Айцу. Ён хоча, каб нашыя сэрцы былі пераменены. Сапраўды, нам цяжка змяніць стан нашых сэрцаў уласнымі сіламі, але Езус можа вырашыць гэтую праблему. Якім чынам? Пра гэта пісалі яшчэ некаторыя прарокі, між іншым, Ерамія і Эзэхіэль: «Спашлю Вам Духа майго і забяру ад вас сэрцы каменныя, а дам вам сэрцы цялесныя». Езус спасылае нам з неба свайго Духа, каб тая любоў, якая ёсць у Яго сэрцы, была таксама ў сэрцы Яго Абранніцы — супольнасці Касцёла. Езус і зараз хоча спаслаць свайго Духа ў маё і тваё сэрца, каб з каменнага ўчыніць любячае. Каб былі адно. Бо Пан не пакінуў нас сіротамі, але прыйдзе і ўзрадуе нашыя сэрцы. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Адноўлена 25.05.2017 14:46
 
© 2003-2024 Catholic.by