|
«Гэты брат твой быў мёртвы і ажыў»
У той час: Набліжаліся да Езуса ўсе мытнікі і грэшнікі, каб паслухаць Яго. А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: Ён прымае грэшнікаў і есць з імі. Але Езус расказаў фарысеям і кніжнікам наступную прыпавесць, кажучы: У аднаго чалавека было два сыны. Малодшы з іх сказаў бацьку: Ойча, дай належную мне частку маёмасці. І той падзяліў паміж імі маёмасць. Праз некалькі дзён малодшы сын забраў усё і ад’ехаў у далёкі край, і там растраціў сваю маёмасць, жывучы распусна. А калі ён аддаў усё, настаў вялікі голад у тым краі, і ён апынуўся ў нястачы. Тады пайшоў і наняўся да аднаго жыхара гэтага краю, а той паслаў яго на свае палі пасвіць свіней. Ён жадаў напоўніць жывот свой стручкамі, што елі свінні, але ніхто не даваў іх яму. Апамятаўшыся, ён сказаў: Колькі наймітаў у бацькі майго маюць удосталь хлеба, а я гіну тут з голаду. Устану і пайду да бацькі майго, і скажу яму: Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам. Прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх. І ён ўстаў, і пайшоў да свайго бацькі. А калі быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны, і зжаліўся, і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і пацалаваў яго. А сын сказаў яму: Ойча, зграшыў я супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам.
|