|
«Цела Маё — праўдзівы спажытак, а кроў Мая — праўдзівы напой»
У той час: Юдэі спрачаліся паміж сабою, кажучы: Як Ён можа даць нам есці сваё цела? Езус сказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі не будзеце есці цела Сына Чалавечага і піць крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця. Хто есць Маё цела і п’е Маю кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень. Бо цела Маё — праўдзівы спажытак, а кроў Мая — праўдзівы напой. Хто есць Маё цела і п’е Маю кроў, ува Мне ёсць, а Я — у ім. Як паслаў Мяне жывы Айцец, і Я жыву Айцом, так і той, хто есць Мяне, будзе жыць Мною. Гэта той хлеб, які сышоў з неба, а не той, які елі айцы вашыя і памерлі. Хто есць хлеб гэты, будзе жыць навекі. Гэта сказаў Ён у сінагозе, калі навучаў у Кафарнауме.
|