Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мучанікі зямлі беларускай, якія аддалі сваё жыццё падчас ІІ Сусветнай вайны і былі ўзнесены да хвалы алтароў Святым Айцом Янам Паўлам ІІ у 1999 годзе разам з мучанікамі іншых краін.
Ксёндз Мечыслаў Багаткевіч, нарадзіўся ў 1904 г. Падчас акупацыі быў пробашчам у Дрысе. Славуты сваімі палымянымі гаміліямі і міласэрнасцю да бедных. Быў арыштаваны гестапа за душпастырскае служэнне і праз два месяцы, 4 сакавіка 1942 г., расстраляны ў Беразвеччы каля Глыбокага разам з двума Слугамі Божымі: кс. Уладзіславам Мацьковякам і кс. Станіславам Пыртакам. Перад экзекуцыяй у лісце да маці і родных напісаў: «Не плачце па мне, а радуйцеся, што ваш нашчадак і брат здаў экзамен. Прашу вас толькі аб малітве. Усім маім ворагам прабачаю з усяго сэрца, хацеў бы ўсім ім выслужыць неба».

 

Ксёндз Уладыслаў Мацьковяк, нарадзіўся ў 1910 г., пробашч парафіі Іказнь. За адданую душпастырскую дзейнасць гестапа ў Вільні прыгаварыла яго да пакарання смерцю. Ён быў папярэджаны аб небяспецы, аднак дабравольна вырашыў застацца ў парафіі, каб надалей служыць вернікам. Быў арыштаваны 3 снежня 1941 г., а 4 сакавіка 1942 г. расстраляны ў Беразвеччы. Перад экзекуцыяй на вокладцы брэвяра напісаў да свайго біскупа: «Іду скласці апошнюю ахвяру з свайго жыцця. Праз 3 гадзіны стану перад Панам. (...) Радуюся, што Бог выбраў мяне, а больш за ўсё, што дае ласку і моц».

Ксёндз Станіслаў Пыртак, нарадзіўся ў 1913 г., вікарый парафіі Іказнь, у якой пробашчам быў кс. Мацьковяк. Таксама і яму пагражаў смяротны прыгавор за душпастырскае служэнне. Быў арыштаваны, калі пайшоў у паліцыю, каб заступіцца за арыштаванага пробашча. Разам з ім быў расстраляны ў Беразвеччы 4 сакавіка 1942 г.
Перад экзекуцыяй ён напісаў сваім родным: «Некалькі гадзінаў аддзяляе мяне ад нічым не заслужанай смерці. Абавязак святара - скласці і гэтую ахвяру за Хрыста. Паміраю за навучанне рэлігіі. Не плачце і не сумуйце па мне. Пасылаю вам святарскае благаславенне. Пасля трох месяцаў вязніцы радуюся, што я годны цярпець і паміраць».
Гэтыя тры асуджаныя на смерць святары перад расстрэлам усклікнулі разам: «Няхай жыве Хрыстус Валадар!»

Ксёндз Генрых Глябовіч, нарадзіўся ў 1904 г., прафесар тэалогіі універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні. З 1936 г. - пробашч парафіі ў Троках. Кожная праца і кожнае асяроддзе былі для яго магчымасцю прыцягваць душы да Божай справы. Кс. Генрых быў незвычайна ахвярным душпастырам, харызматычным кіраўніком у веры, апосталам еднасці хрысціянаў, сябрам для ўсіх, хто шукаў праўду. Сваім служэннем аказаў вялікі ўплыў на студэнцкае асяроддзе Вільні і архідыяцэзіі. 3 мая 1941 г. склаў акт аддання Богу свайго жыцця як ахвяру за ратаванне веры ў моладзі. За душпастырскае служэнне на Беларусі быў расстраляны гестапа 9 лістапада 1941 г. ў Барысаве.

Айцец Юзаф Ахілес Пухала, нарадзіўся ў 1911 г., пробашч у Пяршаях. Раней працаваў вікарыем у Гродне ў касцёле Маці Божай Анельскай. У Пяршаях за паўстанне ў суседнім Івянцы гестапа арыштавала шмат парафіянаў. Каменданту нямецкай жандармерыі, які хацеў даць пробашчу і вікарыю, айцу Каралю Герману Стэмпеню магчымасць выратавацца, мужныя францішканцы адказалі, што «пастыры не могуць пакінуць вернікаў». Яны далучыліся да арыштаваных і 19 ліпеня 1943 г. былі замучаныя ў гумне ў вёсцы Баравікаўшчызна.

Айцец Караль Герман Стэмпень, нарадзіўся ў 1910 г., выпускнік папскага тэалагічнага факультэта св. Банавентуры ў Рыме і тэалагічнага факультэта універсітэта Яна Казіміра ў Львове. Замучаны разам са сваім пробашчам а. Юзафам Ахілесам Пухалам. Ён мог уратавацца, але, як і яго пробашч, не захацеў пакінуць парафіянаў, якіх вялі на смерць.

 

 

Ксёндз Юры Кашыра, нарадзіўся ў 1904 г., апостал еднасці паміж католікамі і праваслаўнымі. Быў ахрышчаны ў праваслаўнай Царкве, у 18 гадоў прыняў каталіцкую веру. Нягледзячы на небяспеку, да канца застаўся з парафіянамі ў Росіцы, рыхтуючы іх да смерці. Быў спалены 18 лютага 1943 г. ў драўлянай хаце ў Росіцы разам з людзьмі.

 

Ксёндз Антоні Ляшчэвіч, нарадзіўся ў 1890 г. У супольнасць марыянаў уступіў у 47 гадоў. Перад гэтым, амаль на працягу 25 гадоў, выконваў душпастырскія абавязкі на Далёкім Усходзе, ніколі не наведваючы ані сям'ю, ані краіну. Ведаў пра карную экспедыцыю немцаў у Росіцу, аднак уцякаць адмовіўся. Калі яго забіралі, суцяшаў сясцёр: «Будзьце мужныя і маліцеся». Разам з групаю людзей быў спалены ў хляве ў Росіцы 17 лютага 1943 г., напярэдадні мучаніцтва свайго сабрата кс. Кашыры.

Сястра Марыя Марта ад Езуса, Казіміра Валоўская нарадзілася ў 1879 г. ў Любліне. У 1900 г. ўступіла ў кляштар Супольнасці сясцёр Беззаганнага Пачацця Найсвяцейшай Марыі Панны ў Язлоўцы. Пасля прыняцця вячыстых шлюбаў яна пісала: «Адзінае маё нясмелае імкненне перад Панам Езусам - гэта здольнасць служыць супольнасці да самай смерці». У жніўні 1939 г. с. Марта стала старшай у законным доме ў Слоніме. Падчас Другой сусветнай вайны дапамагала яўрэям, галадаючым, сем'ям вязняў і закатаваных. У ноч з 18 на 19 снежня 1942 г. гітлераўцы арыштавалі кс. Адама Старка (езуіта), капелана кляштара, с. Марту Валоўскую і с. Еву Наішэўскую, урача. Ранкам 19 снежня, пасля допыту і здзекаў, разам з іншымі 600 вязнямі іх вывезлі на месца масавых экзекуцый. Адзін са слонімскіх паліцаяў прапанаваў сёстрам уцёкі, але яны адмовіліся. Ацалелыя сведкі гавораць, што перад расстрэлам апошнімі словамі с. Марты былі: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што чыняць!»

Сястра Марыя Ева ад Провіду, Багуміла Наішэўская нарадзілася ў 1885 г. ў Асанішках. Яе духоўным кіраўніком быў Слуга Божы кс. біскуп Зыгмунт Лазінскі, які вучыў, што святасць трэба шукаць у кожным месцы, кожны час і на кожнай пасадзе. І сястра Ева старалася рэалізаваць гэты прынцып праз усё сваё жыццё. Пасля заканчэння медыцынскай установы ў Пецярбургу, у 1919 г. Багуміла ўступіла ў Супольнасць сясцёр Беззаганнага Пачацця Найсвяцейшай Марыі Панны. Пазней працавала настаўніцай і выхавацельніцай у гімназіі ў Язлоўцы і Слоніме, а таксама ўрачом у школе і ў Супольнасці. Сястра Ева ўмела ўбачыць патрэбы кожнага чалавека і дапамагчы кожнаму, не выяўляючы сябе. Мучаніцкую смерць прыняла 19 снежня 1942 г., калі яе разам з кс. Старкам і с. Мартай Валоўскай схапілі немцы і вывезлі на месца экзекуцыі. Там іх прымусілі распрануцца, стоячы над выкапаным ровам, а потым расстралялі. Такім чынам, просьба с. Евы да Пана Бога, запісаная ёю перад вячыстымі шлюбамі - аб дапамозе ў збаўленні люду Божага праз утоенае жыццё і мучаніцкую смерць - была пачута.

Да хавлы алтароў узнесена свецкая асоба
Мар'яна Бярнацкая, нарадзілася ў 1888 г. Бог, Яго закон і любоў да сям'і былі для Мар'яны каштоўнасцямі, важнейшымі за ўласнае жыццё. Падчас карнай акцыі гестапа яна ахвяравала сябе замест сваёй цяжарнай нявесткі. Стоячы на каленях каля ног эсэсаўца, прасіла: «Як яна пойдзе? Яна ж на апошніх тыднях цяжарнасці. Я пайду замест яе». Нявестка вярнулася дамоў. Мар'яну расстралялі 13 ліпеня 1943 г. ў Навумавічах каля Гродна. Чакаючы пакарання, яна мела толькі адну просьбу - каб ёй далі ружанец.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.