Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
VI Міжнародны фестываль «Magnificat-2010»
Анонсы
06.09.2010 13:57

Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх дакументальных фільмаў і тэлепраграм «Magnificat-2010» сёлета распачнецца 7 верасня ў мінскай архікатэдры (пл. Свабоды, 9). У 10.00 распачнецца рэгістрацыя ўдзельнікаў. У 11.00 адбудзецца святая Імша, якую ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Затым фестываль працягне сваю працу ў Глыбокім, Удзеле і Івесі (Віцебская дыяцэзія). Завершыцца — 11 верасня.

Фестываль упершыню за яго гісторыю будзе распачынацца ў Мінску, што звязана з юбілеямі, якія адзначаюць мінскія святыні: архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі — 300-годдзе кансэкрацыі, касцёл св. Сымона і св. Алены (Чырвоны касцёл) — 100-годдзе пабудовы. Стартаванне фестывалю ў Мінску дазволіць таксама яго ўдзельнікам пазнаёміцца з беларускай сталіцай.

Акрамя месца распачацця фестывалю быў зменены і час яго правядзення. Звычайна конкурс распачынаўся 24 чэрвеня, аднак у сувязі з тым, што гэта час адпачынкаў і канікул, а таксама час пілігрымавання ў Нацыянальны санктуарый у Будславе, вялікая колькасць жадаючых не магла прымаць удзел у мерапрыемстве.

У гэтым годзе ў конкурсе прымуць удзел прадстаўнікі 14 краін: Беларусь, Расія, Украіна, Польшча, Аўстралія, Харватыя, Італія, Іспанія, Германія, Грузія, Індыя, Літва, Латвія, Англія. Найбольш актыўнымі ўдзельнікамі сёлетняга конкурсу, паводле колькасці дасланых прац, сталі Беларусь, Расія, Італія, Іспанія. Сярод дэбютантаў — Англія і Іспанія.

Праграма фестывалю абяцае быць вельмі насычанай і разнастайнай. Сёлета ў яе ўвайшлі 43 аўтарскія працы: 28 дакументальных фільмаў, 7 анімацыйных і 5 тэлевізійных праграм. Адзін з анімацыйных фільмаў створаны маладымі аўтарамі з Латвіі і Беларусі ў межах міжкультурнага дыялога.

За шэсць гадоў на фестывалі было прадстаўлена больш за 270 творчых прац. У кантэксце хрысціянскага кінафоруму арганічна суіснуюць фільмы каталіцкіх, праваслаўных і пратэстанцкіх аўтараў, рэлігійнай і свецкай тэматыкі.

На інтэрнет-старонцы www.signis.by можна атрымаць падрабязную інфармацыю пра фестываль  «Magnificat-2010». Тут размешчаны каталог і апісанне конкурсных прац, пратаколы, вынікі апытанняў, фотагалерэя. Відэаканал http://www.youtube.com/signismagnificat дазваляе прагледзець фрагменты конкурсных прац.

Журы па традыцыі будзе мець міжнародны склад. У склад журы пастаянна ўваходзіць прадстаўнік духавенства, дзеячы свету мастацтва і культуры.

Фестывалю папярэднічае конкурсны адбор дасланых прац. Акрамя гэтага, здзяйсняецца пераклад фільмаў і тэлепраграм на беларускую мову і робяцца дубліраваныя дыскі. Агучвае пераклад прафесійны дыктар Алег Вінярскі.

Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх дакументальных фільмаў і тэлепраграм «Magnificat» існуе пад патранатам Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Ля яго вытокаў стаялі таксама Віцебская дыяцэзія, часопіс «Дыялог» на чале з братам Корнэлем Консэкам SVD і УП «Стоп-кадр».

Галоўная мэта фестывалю — евангелізацыя грамадства, падтрымка агульначалавечых каштоўнасцяў праз працы беларускіх і замежных майстраў кіно і тэлебачання, створаныя ў розных хрысціянскіх традыцыях.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.