Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзеці ў Касцёле. Пытанні і адказы
Лікбез ад Catholic.by
16.08.2012 09:48

«Дазвольце дзецям прыходзіць да мяне» — гэтыя словы Хрыста ўзгадваю заўсёды, калі дзеці на Імшы пачынаюць весці сябе крыху гучней, чым хацелася б. Але ж няправільна думаць, што дзеці, якія прыходзілі да Хрыста, былі маўклівымі і ціхімі — гэта ўвогуле нехарактэрна для большасці дзяцей.

Думаецца, што гэта нават выпрабаванне для вернікаў і святара — прысутнасць дзяцей на літургіі. Перажываю за тых маці, якім пасля Імшы заўзятыя бабулі-каталічкі робяць заўвагі, што іх дзіця не можа прасядзець на месцы гадзіну, склаўшы ручкі, і што, значыць, яны не ўмеюць яго выхоўваць. Але ж калі не прывесці дзяцей цяпер, то наўрад ці мы пасля ўбачым іх у Касцёле. Ці ходзяць у касцёл дзеці і ўнукі тых бабуляў, якія любяць рабіць падобныя заўвагі?

Аднак, канечне, здараюцца і памылковыя дзеянні бацькоў, якія кантралююць кожны крок дзіцяці ці настолькі захапляюцца яго добрымі паводзінамі, што пачынаюць маліцца на яго.

Лепшым рашэннем, здаецца, з’яўляюцца спецыяльныя пакоі для дзяцей і бацькоў, дзякуючы якім, тыя не перашкаджаюць маліцца іншым. Але ў Беларусі падобны пакой я бачыла толькі ў адным з касцёлаў Баранавічаў. Што ж рабіць астатнім? Паспрабуем разабрацца.

На пытанні адказвае кс. Мікалай Ліпскі.

З якога ўзросту ахрышчанае дзіця павінна ўдзельнічаць у літургіі кожную нядзелю?

У літургіі дзіця павінна ўдзельнічаць ад самага малога ўзросту. Па прыкладзе Святой Сям’і, калі яны ахвяравалі Езуса Богу, як знак падзякі. Гэта для Езуса і была Яго першая літургія як сённяшняя святая Імша. Бацькі, калі бяруць з сабою дзяцей у касцёл, тым самым дзякуюць Усемагутнаму за тое, што атрымалі патомства ад Яго і даюць добры прыклад дзіцяці ад маленства. Тут нельга сказаць, што бацькі прывучаюць альбо павінны прывучаць дзяцей ад маленства, наадварот: яны павінны даваць прыклад, а не прывучаць. Толькі з прыкладу дзіця можа навучыцца, а не з таго, чаму прывучаць бацькі сілай. Бо аднойчы ўсё гэта страціцца, паколькі дзіця не будзе мець жадання выконваць якую-небудзь звычку.

Пра што павінны памятаць бацькі, якія бяруць з сабой на Імшу дзетак дашкольнага ўзросту?

На мой погляд, першае і асноўнае, што павінны памятаць бацькі — гэта не перашкаджаць свайму дзіцяці  быць у касцёле. Яно можа яшчэ не разумее, як трэба сябе паводзіць у святыні, але з’яўляецца самім сабой, такім, якім яно ёсць.

Па-другое, пытацца пасля Імшы, што дзіця зразумела, што спадабалася, а што было дрэнна, і на ўсе пытанні старацца адказаць мовай, зразумелай для дзіцяці, так як бацькі самі разумеюць тую альбо іншую частку святой літургіі.

Некаторыя псіхолагі радзяць не браць дзяцей на Імшу, калі тыя занадта гучна і актыўна на ёй сябе паводзяць. Як думаеце, ці правільна гэта?

Адразу можна адказаць, што гэта няправільна. Гучнасць дзяцей, беганне па касцёле і вялікая іх актыўнасць — гэта такая малітва, гэта малітва дзяцей, яны так праслаўляюць Бога праз свае паводзіны пакуль не разумеюць, чым ёсць святая Імша.

Езус казаў: «Не перашкаджайце дзецям, дазвольце ім прыйсці да Мяне». Менавіта па гэтых словах можна зрабіць выснову, што Езус хоча бачыць у касцёле дзяцей, як бы яны сябе не паводзілі. У другім месцы гаворыць Святое Пісанне: «Калі вы не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства нябеснае». Тут не маецца на ўвазе быць як дзеці, тут маецца на ўвазе «дзіцячасць,» а не дзяцінства, бо толькі дзіцячасць можа нам дапамагчы ў даверы Богу, бо толькі так мы пазнаём, што Бог наш найлепшы Айцец, бо толькі ў дзіцячасці дзіця давярае без межаў свайму бацьку.

Гэтаму бацькам трэба вучыцца ад дзяцей. Таму, што нават калі дзіця актыўна паводзіць сябе ў касцёле, яно адчувае, што яно як дома. Таму не перашкаджайце, дарагія бацькі, быць дзецям у касцёле такімі, якімі яны ёсць.

У чым спецыфіка Імшаў з удзелам дзяцей?

Першае гэта ж канешне малітвы якія ёсць у Імшале. Па-другое, гэта падрыхтоўка святара да гэтай Імшы. Імша з удзелам дзяцей мае спецыфіку і на ёй можна заўважыць, што дзеці паводзяць сябе інакш, чым, напрыклад, на Імшах для дарослых. Святар тлумачыць, што за чым адбываецца  на святой Імшы і як актыўна дзеці могуць удзельнічаць у адпаведных частках літургіі.

У якім узросце лепш за ўсё распачаць катэхезацыю дзяцей, падрыхтоўку да Першай святой Камуніі?

Лепш за ўсё, канечне, распачаць катэхезацыю да Першай Камуніі ва ўзросце ад 10 да 12 гадоў. Менавіта ў гэтым узросце дзіця пачынае лагічна думаць і прымаць якую-небудзь навуковую інфармацыю. Калі запытацца ў юнака альбо дзяўчыны, што ён (яна) памятаюць з катэхезаў, то можна пераканацца ў тым, што першыя адказы будуць аб тым, чаму яны навучыліся, калі рыхтаваліся да Першай Камуніі.

Назавіце найбольш частыя памылкі, на вашу думку, якія робяць бацькі ў стаўленні да дзяцей падчас Імшы? Як іх выправіць?

Першая і асноўная памылка бацькоў — гэта тое, што яны перашкаджаюць дзіцяці маліцца так, як дзеці гэта хочуць рабіць. Як выправіць гэта цяжкое пытанне, бо кожны з бацькоў жадае падчас Імшы трымаць дзіця пры сабе, бо што потым скажуць людзі? Не трэба, дарагія бацькі, баяцца крытыкі ад людзей, бо не дзеля іх вы самі, а таксама вашыя дзеці прыходзяць у касцёла. Вы прыходзіце маліцца і дзеці таксама гэта хочуць рабіць так, як яны ўмеюць. Не забараняйце ім гэтага!

Святлана Жылевіч

Нагадваем, што пытанні ў рубрыку, а таксама прапановы тэм можна дасылаць на нашу рэдакцыйную скрыню Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript .

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.