Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Католік і палітыка — паняцці несумяшчальныя?
Лікбез ад Catholic.by
13.09.2012 20:01
23 верасня — выбары ў Парламент Рэспублікі Беларусь. Ці пойдзеце вы на іх, ці не — рашаць выключна вам. Але напярэдадні гэтай падзеі хацелася б закрануць і нагадаць асноўныя моманты навучання Касцёла адносна ўдзелу католікаў у палітычным жыцці грамадства. 
 
Ітак, галоўнае пытанне сённяшняга лікбезу: навошта католіку ўлазіць у палітыку? На гэтае і іншыя пытанні адказвае кс. Кірыл Бардонаў
 
Удзел католіка ў палітычным жыцці грамадства — гэта яго абавязак як грамадзяніна ці як хрысціяніна? 

На свае абавязкі кожны католік запрошаны глядзець праз прызму хрысціянства. Выконваючы сацыяльныя ролі, асоба паклікана заўсёды заставацца вернай закліку да святасці. За дзвярыма святыні мы не перастаём быць хрысціянамі. Добры хрысціянін — гэта добры супрацоўнік, добры бацька і добры грамадзянін і г.д.
 
Якім Касцёл бачыць гэты ўдзел?
 
Кажучы пра свецкіх католікаў, то яны «ўсе і кожны па-асобку маюць права і абавязак удзельнічаць у палітыцы» (Ян Павел ІІ. «Christifideles laici», 42). Касцёл лічыць удзел свецкіх католікаў у палітычным жыцці праяўленнем іх місіі, якая вынікае з прыняцця сакрамэнтаў хросту і канфірмацыі. Асноўным крытэрыем удзелу ў палітычным жыцці з’яўляецца дасягненне агульнага дабра: як дабра ўсяго грамадства, так і кожнай асобы, пазбягаючы пры гэтым ужывання немаральных сродкаў для дасягнення мэты.
 
Ці ёсць адрозненні ва ўдзеле ў палітыцы свецкага католіка і духоўнай асобы? 
 
Неабходна размежаваць удзел у палітыцы свецкага верніка і духоўнай асобы. Касцёл мае апалітычны характар, а лепш сказаць — надпалітычны. Адным з заданняў духавенства з’яўляецца верная перадача навучання Касцёла адносна маральных нормаў, якія вернікі павінны захоўваць у грамадскім жыцці, а гэта значыць — і ў палітычнай актыўнасці. Місія духавенства скіравана да ўсіх, а таму мае ўніверсальны, надпалітычны харатар. 

Клопат духавенства павінен служыць лепшай арыентаванасці свецкіх вернікаў у грамадскім жыцці і дапамагаць ім рабіць правільныя выбары ў палітычнай сферы. Духоўныя асобы не павінны іграць актыўную ролю ў палітычных партыях і ў кіраванні прафсаюзамі, калі толькі згодна з рашэннем адпаведнай касцёльнай улады гэта не будзе прадыктавана неабходнасцю абароны правоў Касцёла або спрыянню агульнаму дабру (пар. Кодэкс Кананічнага Права. Канон 287 §2).
 
Ці можа святар/біскуп публічна выказваць свае палітычныя погляды? 
 
Прадстаўляючы вучэнне Касцёла, святар можа толькі гаварыць пра маральныя асновы палітычнай дзейнасці. Прыватна святар мае права свабодна выказвацца на кожную грамадскую тэму, аднак, у жыцці часта прыватнае меркаванне нейкага святара людзі памылкова ўспрымаюць як адлюстраванне афіцыйнай пазіцыі Касцёла, што можа прывесці да супярэчнасцей. Біскуп можа прадставіць афіцыйную пазіцыю мясцовага Касцёла. 
 
Ці могуць/павінны біскупы і святары раіць, за каго варта галасаваць, а за каго — не (падказаць, арыентаваць на тых, чыя праграма абапіраецца на хрысціянскія каштоўнасці)? 
 
Касцёл «ніякім чынам не атаясамліваецца з палітычнай супольнасцю і не звязаны ні з якой палітычнай сістэмай» (Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце «Gаudium et spes» 76), таму душпастыры, прадстаўляючы афіцыйную пазіцыю Касцёла, не могуць непасрэдна раіць, за каго варта галасаваць, пры гэтым яны могуць выказацца, ухваляючы тое, што служыць агульнаму дабру, і асуджаючы тое, што яму не служыць.
 
Ці могуць духоўныя асобы балатавацца?
 
Духоўным асобам, за выключэннем сталых дыяканаў (калі ў іх выпадку мясцовае права не прадугледжвае іншага), забаронена займаць публічныя пасады, якія спалучаны з удзелам у ажыццяўленні грамадзянскай ўлады, паколькі гэта не ўласціва іх паслузе (пар. Кодэкс Кананічнага Права. Канон 285§3 і 288). 
 
Ці павінна духавенства ўмешвацца ў палітыку для таго, каб абараніць правы вернікаў, хрысціянскія каштоўнасці? Калі так, то як гэта павінна выглядаць? 

Непалітычнасць Касцёла не азначае, што ён заўсёды захоўвае нейтральную пазіцыю. Дбанне пра супольнае дабро праяўляецца ў выказваннях Касцёла аб неабходнасці захавання годнасці чалавека, калі яны парушаюцца: «асуджаюцца ўсялякія формы палітычнага ладу, усталяваныя ў некаторых краінах, якія абмяжоўваюць грамадзянскую ці рэлігійную свабоду, памнажаюць колькасць ахвяр страсцей і палітычных злачынстваў, а дзейнасць улады скіроўваюць не на служэнне агульнаму дабру, а да выгады нейкай партыі ці саміх кіраўнікоў» (Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце «Gаudium et spes» 73)
 
Католік не хоча ўдзельнічаць у выбарах, мае на гэта права ці не? 
 
Неўдзел павінен быць абгрунтаваны справядлівай прычынай.
 
Як судакранаюцца паняцці грамадзянская адказнасць і грэх у сферы палітыцы?
 
Чалавек адказвае за тыя выбары, якія ён робіць. Калі ажыццяўленне палітычнай улады не адбываецца ў межах маральнага парадку для дабра чалавечай супольнасці і кожнага асобнага чалавека, і калі гэта адбываецца свядома і дабравольна, то такое парушэнне з’ўляецца грахом.

фНагадваем, што пытанні ў рубрыку, а таксама прапановы тэм можна дасылаць на нашу рэдакцыйную скрыню Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript . Заахвочваю таксама да дыскусій па тэме артыкулаў на нашай старонцы ў Facebook: нам важна ваша меркаванне.
 
Святлана Жылевіч

На дадзеную тэму раім паслухаць таксама выпуск аўдыёперадачы «Слова да вернікаў»

 Адкрыць у новым акне Download (0Мб)
 
 Адкрыць у новым акне Download (0Мб)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.