Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Як палюбіць восень?
Усяго патроху
13.10.2012 15:08

Калі б у вас спыталі: якая пара года вам падабаецца больш за ўсё, што б вы адказалі? Многія б назвалі ўсе, акрамя восені. Што ж рабіць, калі лета ў нас занадта кароткае і з яго завяршэннем заканчваюцца канікулы і адпачынкі, а халоднае надвор’е з шэрым настроем, хандрой і апатыяй нават душу не саграе.

Дрэнны настрой ≠ дэпрэсія

Як не паддацца дэпрэсіі і як палюбіць восень? Псіхолаг Наталля Станкевіч звяртае ўвагу на тое, што людзі часта блытаюць стан дэпрэсіі проста з дрэнным настроем. Важна ведаць, што дэпрэсія бывае двух відаў: эндагенная і экзагенная. Экзагенная («знешняя») дэпрэсія правакуецца псіхалагічнымі фактарамі, гэта тое, што мы найчасцей і маем на ўвазе, калі кажам «чалавек у дэпрэсіі». А эндагенная (унутраная) дэпрэсія правакуецца медыцынскімі фактарамі, перадусім — гарманальнымі збоямі, у тым ліку, звязанымі з няправільнай працай шчытападобнай залозы. Такая дэпрэсія, як заўважае спадарыня Наталля, лечыцца медыкаментозна і менавіта яна абвастраецца ўвось (як, зрэшты, шмат іншых хранічных хваробаў, напрыклад, язва страўніка). Прычыны — выключна медыцынскія.

«Але калі хочаце, можна казаць аб восеньскім суме, дрэнным настроі (бо сум і дрэнны настрой — гэта не дэпрэсія! Проста ў размовах мы часта блытаем гэтыя станы). Прычыны — зразумела, што змяняецца надвор’е, становіцца халадней, больш вільготна... да таго ж, у шматлікіх людзей восень асацыюецца са смерцю, паміраннем», — адзначае аўтар рыбрыкі на нашым сайце «Псіхалогія і вера» Наталля Станкевіч.

Як сабе дапамагчы?

Каб пазбегнуць асенняй хандры і тым больш дэпрэсіі, урачы рэкамендуюць заняцца спортам (запісацца ў басейн ці на аэробіку — усё, што вам па душы). Пазітыўны ўплыў на самаадчуванне аказваюць зносіны з дарагімі вам людзьмі, з роднымі і сябрамі. Часцей заходзьце ў кафэ на кубак пахучай кавы ці збірайцеся разам на прагляд любімай стужкі. Ад сяброў можна зарадзіцца добрым настроем і аптымізмам.

Правераным рэцэптам на добры настрой часта становіцца занятак любімай справай. Псіхолаг Наталля Станкевіч лічыць, што варта акружыць сябе таксама яркімі колерамі, найперш аранжавым, бо ён падсвядома падымае настрой.

«Старайцеся спажываць вітамінную і смачную ежу, каб падтрымліваць сябе ў добрым фізічным стане. Не адмаўляйце сабе ў салодкім, найперш — якасным шакаладзе. А таксама прыдумайце, як можна бавіць час увосень: сустракайцеся з сябрамі, наведвайце канцэрты, выставы, — тое, што вам цікава. Стварайце цёплую атмасферу вакол сябе — і восень не будзе страшнай», — дадае спецыяліст.

Хочацца, каб на гэтую восень вы здолелі паглядзець па-іншаму і змаглі знайсці свой рэцэпт добрага настрою. Канечне, крыўдна, што лета ў нас толькі тры месяцы, а ўсё астатняе — час да і пасля зімы. Але мы не ў стане змяніць прыроду, можам толькі хоць бы крыху змяніць сябе і свае адносіны да некаторых жыццёвых момантаў.

Палюбіць восень пяць гадоў таму мне дапамагло падарожжа па Беларусі і фотасесіі ў жоўта-аранжавых лістах. Тады нечакана для сябе я заўважыла, што восень таксама прыгожая і яшчэ больш — яна самая яркая. Цяпер жа, калі ўвосень раптам ахіне сум, уключаю «Службовы раман», раблю каву, закручваюся ў цёплы плед і…, як кажуць, увесь свет можа пачакаць.

Магчыма, палюбіць восень вам дапамогуць і парады нашых чытачоў на facebook:

Аляксандр Гелагаеў: «Сустракайцеся з сябрамі і будзьце больш актыўнымі: вандроўкі, любімая праца ці хобі — мой рэцэпт:)»

Хаім Барада: «Пішу вершы»

Ірэнка Рубінава: «Фатаапарат у зубы (пры наяўнасці — як няма, можна й так!) — і ў батанічны сад.  Якая восеньская дэпрэсія?! Восеньскае натхненне!»

Святлана Жылевіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.