Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мой дыялог з «Дыялогам». 20 гадоў камунікацыі
Усяго патроху
18.01.2014 12:01

«Культурна-рэлігійнаму часопісу «Дыялог» спаўняецца 20 год! Амаль дагнаў мяне па ўзросце”, — падумала я, калі ехала ў цягніку ў Баранавічы, каб сустрэцца з тымі, хто на сённяшні дзень складае сэрца, душу і рукі гэтага выдання, побач з якім, як і разам з часопісам “Ave Maria”, расла я сама, мае старэйшыя і крыху малодшыя сябры, праўда, да той пары, калі друкаваныя сродкі масавай інфармацыі не замянілі інтэрнэт-выданні.

Перад тым, як сустрэцца з тымі, хто з’яўляецца бацькамі гэтага 20-гадовага хлапчыны па імені “Дыялог”, які прыходзіў у многія каталіцкія, некаталіцкія сем’і, як да практыкуючых вернікаў, так і далёкіх ад Бога і духоўнага жыцця, я вырашыла ўзгадаць пра свае першыя сустрэчы з гэтым выданнем.

 

Першы момант, які прыгадаўся.



Гэта было зімовае гасцяванне ў вёсцы Старое Сяло Докшыцкага раёна ў маёй бабулі Тосі, калі я і мой брат адшукалі ў стале некалькі чорна-белых і некалькі з каляровымі вокладкамі часопісаў, ды, прачытваючы толькі загалоўкі матэрыялаў, доўга разглядалі вокладкі і малюнкі. Памятаю, што мы абмяркоўвалі змены. Сядзелі ў тым пакоі, дзе ў бабулі ўзімку было звычайна холадна, да той пары, пакуль яна не прыйшла і не пагнала нас у цёплы пакой. Відаць, часопіс зацікавіў найперш малюнкамі, ды і добра зацікавіў, што холад не спужаў нас, гарэзаў.

Потым памятаю, калі ўжо была вучаніцаю і акрамя малюнкаў пачала нешта чытаць, то вочы мае кідаліся па ўсіх радках і старонках часопіса, апрача першых, дзе былі змешчаны навіны, якія чытаць ніколі не было цікава майму дзіцячаму розуму. Як гэта не дзіўна, але чытаць я пачынала часопіс заўсёды з вокладкі. Асабліва памятаю адну вокладку, дзе былі змешчаны зморшчаныя, старыя, пасівераныя рукі, пальцы якіх перабіралі ружанец. Для мяне гэта быў сімвал усіх рук беларускіх людзей, якія жывуць у вёсцы, так шмат працуюць і ніколі не забываюцца трымаць, не проста трымаць, але маліцца на ружанцы. Я ўбачыла ў гэтых руках рукі сваёй прабабулі, якой на той момант ужо не было на свеце, рукі маіх бабуляў і яе сябровак, усе рукі вясковых жанок, якія я кольвечы сустракала і заўважала за рознай працай, калі прыязджала да сваіх родных у вёску, а потым з бацькамі жыла ў вёсцы. Колькі пачуццяў і ўспамінаў у мяне выклікалі гэтыя рукі. Так было заўсёды, які б часопіс я ні брала ў рукі: я падоўгу разглядала вокладку, хоць і спяшаючыся ўбачыць тое, што хавае змест артыкулаў.

“Дыялог” я чытала звычайна ў нядзелю, калі мы ўсёй сям’ёю вярталіся з Імшы. У час дарогі я амаль ніколі не разгортвала часопіс, нават каб не чытаць загалоўкі, толькі вокладку. Памятаю, што завучвала нават верш, радкі якога месціліся на апошняй старонцы.

Аднойчы мама купіла часопіс і тата купіў таксама, памятаю тую радасць, калі падумалася: “О, як добра, не прыйдзецца чакаць, пакуль першымі часопіс прачытаюць бацькі!”

Такія былі мае першыя сустрэчы з выданнем. Памятаю і першыя радасныя моманты, калі адкрыла неяк часопіс, а там — артыкул маёй сяброўкі Вольгі, на той момант Рудніцкай, а зараз Фраловай. А пазней чакала асаблівым чынам, бо адшуквала ў ім артыкул свайго духоўнага правадніка с. Нунэ Цітаян, а таксама знаёмыя сяброўскія твары і думкі на моладзевай старонцы.

Вось такія ўспаміны прыйшлі, пакуль я прыехала ў горад Баранавічы студзеньскім, па-сапраўднаму зімовым, заснежаным днём, каб на ўласныя вочы сустрэцца з бацькамі і роднымі сценамі выдання, якое ўжо 20-ты год прыходзіць у беларускія хаты і кватэры, каб распачынаць дыялог з сэрцамі тых, хто патрабуе веры і Божага слова, хто патрабуе Бога ці толькі Яго шукае, а можа, і не ведае, чаго шукае.

З цягніка Мінск-Баранавічы ад Палескага вакзала да Дома Святой Тройцы, у якім і размяшчаецца рэдакцыя, я дабралася якраз на пачатак ранішняй Імшы, перад якою вернікі маліліся на ружанцы.

Пасля Імшы я сустрэлася і пачула голас тых, з кім звычайна сустракалася праз мастацкае афармленне і майстэрства слова і думкі: мастацкім рэдактарам, а зараз і галоўным рэдактарам Юрыем Серафімовічам, а таксама з журналісткаю Раісай Сушко, якая з’яўляецца і карэктарам, і рэдактарам усіх матэрыялаў.

Вось перада мною і адкрыліся таемныя дзверы, дзе ўзрастаў і сталеў “Дыялог”, які, як я зразумела і адчула, стаў для гэтых людзей значнай часткай іх саміх, іх штодзённасці.

Мае суразмоўцы ўзгадвалі імя сённяшняга біскупа Ежы Мазура, калі толькі пачыналі гаварыць пра сваю працу ў часопісе. Гэта быў той чалавек, які зрабіў першыя штуршкі і ажывіў ідэю, які паклікаў да супрацоўніцтва і Таццяну Шымковіч, цудоўную жанчыну і журналістку, якая шмат уклала свайго сэрца на пачатках стварэння і развіцця, станаўлення “Дыялога”.

Калі а. Ежы прыехаў у Беларусь, трэба было пачынаць працу з нічога, бо не было ўласных, адпаведных менталітэту беларусаў матэрыялаў ані для катэхізацыі, ані іншых матэрыялаў, патрэбных у працы Касцёла, напрыклад, элементарных пасведчанняў аб прыняцці хросту, Першай Камуніі, шлюбу, якія звычайна святары прывозілі з суседняй Польшчы.

Айцец Ежы Мазур меў дар знаходзіць патрэбных творчых людзей, мог убачыць здольнасці кожнага і даць чалавеку тыя задачы, якія б ён мог добра выканаць. Наладжаная праца на пачатку заклала вельмі добры фундамент для развіцця надалей.

Сустрэча і размова з гэтымі людзьмі, якіх зараз трое, як трое слупоў, якія трымаюць аснову часопіса і дабудоўваюць каркас аўтарскімі матэрыяламі, пазнаёміла мяне бліжэй з выданнем, наладзіўшы дыялог. Таму дыялог з «Дыялогам» адбыўся, а я зразумела, што дыялог для гэтых людзей — не проста назва часопіса, над якім працуюць, але назва таго стылю, у якім яны жывуць і павінны жыць, каб прыносіць і перадаваць сутнасць і галоўную ідэю часопіса людзям.

Менавіта такіх людзей, якія б працавалі разам з імі і маглі несці ідэю часопіса, яны і шукаюць, для часопіса гэта вельмі важна. «Мала сапраўдных журналістаў,– сказалі мне ў рэдакцыі, –  з якімі можна супрацоўнічаць. Не кожны журналіст можа перадаць той дух, які мы хочам, каб быў у нашым часопісе».

Як сведчаць дакументы Другога Ватыканскага Сабору, сучасныя медыйныя сродкі з’яўляюцца важным сродкам евангелізацыі. Таму Касцёл моліцца аб новых пакліканнях, аб тым, каб прыходзілі маладыя людзі, каго б можна было накіраваць на такую працу. Пры тым яны адзначылі, што, «калі Пан хоча, каб часопіс існаваў, то Ён будзе пасылаць такіх людзей».

Брат Корнэль Консэк, фотакарэспандэнт часопіса, у сваёй працы бачыць вялікую глыбіню, а пра тое, што яна дае яму, кажа наступнае:

“Для мяне гэтая праца прыносіць вельмі моцнае задавальненне, менавіта тыя паездкі, калі ездзім з журналістамі на інтэрв’ю. Мы аб’ехалі амаль усю рэспубліку.

У душы я ўражаны тымі людзьмі, якіх мы сустракаем, іх вераю, якую яны перадалі і перадаюць сваім родным. І менавіта гэты крытэрый робіць гэтых людзей нашымі героямі. Я думаю, што, наколькі гэта будзе магчыма, мы будзем гэтыя тэмы “захавання веры” працягваць. Я бачу, што менавіта вера дае жыццё гэтай краіне. Тое, што было ўчынена з людзьмі ў атэістычныя часы, пачынае сыходзіць.

І мы бачым духоўную аснову, якая праступае ў людзей, якія раней былі моцна напужаныя.

І для мяне асабіста вось гэта і дае асаблівую моц, каб працаваць тут. Я бачу вельмі глыбокі сэнс таго, сэнс у працы з людзьмі, якіх мы сустракаем. Народ беларускі вельмі добры, добрых людзей я сустракаю на кожным кроку.

Калі я раскрываю якуюсьці тэму, то імкнуся, каб сам фотаздымак гаварыў. Гэта асабліва тычыцца складаных тэмаў. Я хачу, наколькі гэта магчыма, у фотаздымку раскрыць тэму"
.

Уменне брата Корнэля працаваць з рознымі тэмамі, з асаблівымі «тэмамі нашага грамадства», «праблемамі беларусаў», часамі здзіўляе не толькі чытачоў часопіса, але і наведвальнікаў шматлікіх фотавыставаў, якія ладзяцца па ўсёй Беларусі. На гэты конт, а асабліва пра працу з хворымі дзецьмі, аўтар фотавыставаў брат Корнэль адзначае:

"Там, дзе я нарадзіўся, быў вялікі псіхіятрычны шпіталь, у якім сёстры законныя мелі сваю капліцу. З маленства я быў у той капліцы міністрантам, рос з тымі хворымі, таму ў мяне няма аніякіх праблем, каб навязаць з імі якія-небудзь кантакты. Гэтыя дзеці шмат не патрабуюць: толькі каб ім удзялілі крыху ўвагі”.

Слухаючы брата Корнэля, я ўзгадваю выставу, якая была ў Чырвоным касцёле падчас фестывалю «Magnificat-2013», пад назваю «Родам з дзяцінства», і ў памяці паўстаюць вочы дзяцей, якія лавіў фатограф, напэўна, вачыма сэрца, бо ніводны з тых фотаздымкаў не быў нямым — кожнае дзіця прамаўляла, было ў дыялогу з фатографам, а потым з гледачамі.

Брат Корнэль Консэк —  прызнаны фотамастак, персанальныя выставы якога праводзяцца не толькі ў касцёлах, але і ў свецкіх установах, і маюць статус рэспубліканскага значэння.

Акрамя брата, я паразмаўляла і з Юрыем, і з Раісай. Апрача таго, пачула голас касцёльнага кансультанта часопіса кс. Конрада Патыкі SVD, які спяшаўся, бо мае шмат абавязкаў і працы, і паляцеў, як вецер, далей.

Творчыя, думала я, разглядаючы сцены 4 кабінетаў рэдакцыі. Творчыя, калі слухала, як яны апавядалі пра сваю працу, а асабліва ўразіў той момант размовы, калі Юрый Серафімовіч распавядаў пра нараджэнне ў часопісе дапаможнага героя, каб весці старонку для дзяцей, — бусліка Яшкі.



Узгадаў ён і пра тое, як імя давалі Яшку, а даваў не хто іншы, як малодшыя чытачы, для якіх нават конкурс аб’явілі.

Падчас аповеду мастак прынёс і разгарнуў папку, якая хавала арыгіналы малюнка – Яшку, якога ён стварыў не проста для дзяцей, а для канкрэтных дзяцей, якія жывуць тут, у Беларусі.

Таму Яшка нарадзіўся ні какаду, ні кенгуру, а тым, пад белымі крыламі чыіх бацькоў малюецца Беларусь пэндзлямі нашых мастакоў ды апісваецца пёрамі паэтаў.

Яшка з’яўляўся то ў валёнках, то на каньках, то з Бібліяй, то з прыладамі даследчыка. Адным словам, ажываў на старонках часопіса і заклікаў дзяцей таксама да дыялогу.

Зараз рубрыкі з Яшкам у часопісе няма. Як адзначылі ў рэдакцыі, калі настаў той сумны час і больш не прыходзіла водгукаў на гэтую старонку, зразумелі, што форму дыялогу з малодшымі чытачамі патрэбна змяняць, і тут не абысціся без сучасных інтэрнэт-сродкаў.

Са студзеня мінулага года ў часопісе з’явіўся новы каляровы ўкладыш, на якім жыве праект «Касцёлы Беларусі». Гэты ўкладыш аздабляюць фотаздымкі брата Корнэля.

«Каб зразумець аўтара фотаздымкаў, — адзначае майстра слова Раіса Сушко, — трэба хоць раз пабачыць, як брат Корнэль робіць гэтыя фотаздымкі».

Хачу сказаць слова пра гэтую жанчыну.


Яе дыялог з «Дыялогам» пачаўся з выездаў з братам Корнэлем па Беларусі яшчэ тады, калі яна працавала ў мясцовай газеце ў Баранавічах. Перад тым, як пачаць супрацоўніцтва з «Дыялогам», усё сваё працоўнае жыццё яна  прысвяціла журналістыцы, якую, як прызналася, моцна любіла і любіць.

Яе жанр — гэта жанр псіхалагічнага партрэта. Яе артыкулы — слова пра тых людзей, якія жывуць побач з намі, пра нас, пра нашую рэчаіснасць, пра Бога і веру ў штодзённасці. Героі яе артыкулаў — простыя людзі, у якіх хочацца вучыцца веры. Гэта звычайныя людзі, без прыгожай акаёмкі, праўдзівыя. У слове пра іх для спадарыні Раісы важна ані дадаць лішняга, ані згубіць істотнага.

Журналістка – псіхолаг і пранікнёны знаўца слова, які не проста даносіць пэўную інфармацыю, але і вядзе чытача шляхам душы сваіх герояў.

Пакуль раскрыеш тэму — пражывеш разам са сваімі героямі ўсё іх жыццё: спачатку — калі ўважліва слухаеш іх аповеды, а потым – калі сядаеш за матэрыял,  думаеш пра героя, пра той час, у якім жыў, у якім прымаў рашэнні”, — кажа Раіса.

Калі яна апавядае пра сваю ранейшую працу і пра першыя спробы свецкіх журналістаў пісаць на тэму Бога, то ўжывае слова «далікатна», «робко».

«І гарадская газета паступова пачала звяртацца да Бога: павольна і вельмі далікатна. У свецкіх журналістаў не было дасканалага ведання тэмы, таму я свае першыя артыкулы ў газеце таксама  пісала вельмі асцярожна», – кажа яна.

Такім было прыйсце прафесійнай журналісткі ў культурна-рэлігійны часопіс «Дыялог», такое пакліканне. У тым, што гэта сапраўднае пакліканне, я ўсё больш пераконвалася, калі слухала, як спадарыня Раіса апавядала пра лёсы сваіх герояў, якімі разам з ёю пачынала жыць і я.

Што гэта пакліканне, я зразумела і з размовы з Юрыем, які распавёў мне пра сваё паступовае прыйсце і прысвячэнне працы «Дыялогу».

Сярод пытанняў, адказы на якіх я шукала, было такое: а якім чынам праца ў «Дыялогу» змяніла асабістае жыццё ці паўплывала на свядомасць супрацоўнікаў? На гэтае пытанне я пачула такі прыклад са слоў мастака Юрыя, калі ён доўга і падрабязна распавядаў пра эвалюцыю ў стварэнні вокладак, якія яшчэ ў дзяцінстве так прыцягвалі маю ўвагу:

«Калі я рабіў вокладкі, то ў мяне быў толькі адзін вопыт — вопыт у афармленні, дзе я працаваў з рэкламай. І нумар на Божае Нараджэнне зрабіў у адпаведным стылі. Прыйшоў тады а. Ежы Мазур, паглядзеў ды сказаў: “Юра, Юра, ты ж веруючы! А які зараз перыяд? Адвэнт. А ты што намаляваў?»

Нават у гэтай колераперадачы ён указаў, што ўжо першапачаткова мы павінны настроіць чытача на той перыяд, у які ён уваходзіць
».

І тады рэкламная бліскучасць змянілася на сціплы фіялетавы колер чакання прыйсця Збаўцы.

Спадар Юрый адзначыў, што з таго моманту, як ён прыйшоў працаваць у «Дыялог», у яго пачаўся дыялог з іншымі людзьмі і іншымі паняццямі. Адпалі паняцці такія, як «тэрмінова» і «грошы», адпалі і людзі, якія стаялі побач з тымі паняццямі.

«Дыялог» заўсёды стараўся і стараецца выконваць тую функцыю, якая крыецца ў яго назве: дыялог з чытачом, са сваімі героямі, са сваімі аўтарамі, якіх за 20 гадоў назбіралася добрая кагорта і якія з кожным годам ідуць на змену адзін другому. Сярод маладых аўтараў, якіх узгадвала спадарыня Раіса, гэта Людміла Бурлевіч, Ілья Лапато, Ірына Кульпекша, Роза Міхайлоўская.

Сярод аўтараў-святароў — а. Яцэк Дубіцкі, кс. Адам Дынак, кс. Славамір Ласкоўскі, кс. Андрэй Рылка, грэка-каталіцкі святар, айцец Анры Мартэн. Таксама на просьбу аб пастырскіх пасланнях да чытачоў ахвотна адгукваецца ардынарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка. Маюцца і асобы свецкія, напрыклад, з часопісам актыўна супрацоўнічаюць Уладзіслаў Валаховіч, кандыдат тэалогіі і дырэктар фонда «Адкрытыя сэрцы», іншыя аўтары.

З друкаванага часопіса, які калісьці меў тыраж больш за 12 тысяч, а зараз — 6 тысяч экзэмпляраў, часопіс пераходзіць у інтэрнэт-прастору, каб стаць надзейным “мосцікам” прыйсця да Бога для маладога пакалення.



У 220-м нумары 20-гадовага часопіса «Дыялог» адзін з аўтараў, а. Анры Мартэн, на пытанне, ці ёсць будучыня ў друкаваных хрысціянскіх СМІ, адказвае: «Як і ва ўсіх астатніх друкаваных СМІ. На мой век, хутчэй за ўсё, хопіць, а вось у крыху больш далёкай перспектыве… я б узмоцнена рэкамендаваў асвойвацца на электроннай глебе...».

Такім чынам, вяртаючыся ў Мінск і седзячы ў цягніку, я гартала старонкі папяровага 220-га нумара часопіса «Дыялог» з думкаю, што яшчэ крыху — і наступны юбілей будзе ўжо зусім інакшым, я ж на ўласныя вочы яшчэ з дзяцінства назірала не проста развіццё, а эвалюцыю «Дыялога», які робіць Бог праз працу людзей, у імя Яго Праўды і Любові.

Дыялог з «Дыялогам» праводзіла Аксана Ючкавіч


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.