Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Каб зразумець «як прарастае святасць...»
Усяго патроху
26.04.2014 22:59

У сваёй «Одзе на васьмідзесятае нараджэнне Яна Паўла ІІ» Чэслаў Мілаш пісаў: «Твой партрэт у нашым доме штодня нагадвае, што можа адзін чалавек і як прарастае святасць». Але, думаецца, каб па-сапраўднаму зразумець, як "прарастала святасць" Вялікага Папы, трэба найперш звярнуцца да яго духоўнай і інтэлектуальнай спадчыны: да энцыклікаў, адгартацый, апостальскіх лістоў, біяграфічных кніг і «Асабістых нататкаў».

Падлічана, што больш як за 26 гадоў пантыфікату Яна Паўла ІІ было апублікавана 85 тысяч старонак ягоных кніг, дакументаў і прамоваў. Сярод іх — 14 энцыклік, 14 адгартацый, 42 апостальскія лісты... Гэта сапраўды духоўны скарб Касцёла, які пакінуў усім нам выдатны мысляр, філосаф і тэолаг, прарок і містык, які вучыў нас не баяцца, які заклікаў «адчыніць дзверы Хрысту», адкрыць Яму свае сэрцы, які сцвярджаў, што «нельга зразумець чалавека без Хрыста...»

Зразумела, у параўнанні з усім напісанным Папам, яго беларускамоўная спадчына выглядае вельмі сціпла, але яна ёсць, і сёння — выдатная нагода да яе звярнуцца. Сапраўды, у гэты гістарычны момант, калі ўвесь Касцёл перажывае асаблівую радасць з прычыны кананізацыі двух Папаў, чаму б нам не заглыбіцца ў навучанне таго, каго мы ўсе так любілі і любім, чаму не асвяжыць у памяці яго думкі, не стаць на нейкі час вучнямі ў яго мудрай школе малітвы, любові і пакоры? Для гэтага трэба ўзяць у рукі ягоныя кнігі. І найперш я параіла б кнігу-бестселер «Пераступіць парог надзеі», выдадзеную на беларускай мове ў 1997 г. Яна складзена з адказаў Папы на пытанні вядомага італьянскага журналіста і пісьменніка Вітторыё Мессоры і з’яўляецца, па яго словах, «непасрэдным, вольным ад схемаў і фільтраў, адкрыццём рэлігійнага і інтэлектуальнага свету Яна Паўла ІІ <...>, ключом для зразумення і інтэрпрэтацыі ўсяго яго вучэння».

Асабіста мяне гэта кніга ўразіла гранічнаю шчырасцю яе Аўтара. Гэта быў мой першы досвед перакладу кніг Папы на родную мову і было сапраўднае адкрыццё асобы Яна Паўла ІІ, Вялікага Папы і незвычайнага чалавека, «Папы неспадзяванка», як яго трапна назвалі італьянцы на самым пачатку пантыфікату.

Ужо 20 гадоў прайшло з часу выхаду гэтай кнігі, якая з’явілася ў 1994 г. адначасова на дзвюх мовах: на італьянскай і польскай. За гэты час яна была перакладзена на дзесяткі моваў свету, бо тыя складаныя і цяжкія пытанні, на якія адказвае ў кнізе Вялікі Папа, па-ранейшаму хвалююць сучаснага чалавека, і галоўнае — дапамагаюць усім нам умацаваць сваю веру і яшчэ раз зразумець простую і важную ісціну, што толькі «Бог — першакрыніца радасці і надзеі чалавека».

У 1998 годзе на беларускай мове выйшла аўтабіяграфічная кніга Яна Паўла ІІ «Дар і Таямніца», якую Папа напісаў да 50-годдзя свайго святарскага пасвячэння. Ад «першых знакаў паклікання» да глыбокага асэнсавання незвычайнага дару святарства праводзіць нас Святы Айцец на старонках гэтай кнігі. Каб зразумець вытокі святасці Папы, каб заўважыць яе першыя парасткі, варта яшчэ і яшчэ раз увайсці ў просты і такі даверлівы свет «Дару і Таямніцы».

Калі ў дзвюх гэтых кнігах мы бачым Яна Паўла ІІ найперш як пастыра і чалавека, то энцыкліка «Fides et ratio» («Вера і розум») адкрывае нам яго як глыбокага філосафа і тэолага, які разважае пра адносіны паміж вераю і розумам, сцвярджаючы, што «Вера і розум (fides et ratio) — як два крылы, на якіх дух чалавечы ўзносіцца да сузірання праўды». У энцыкліцы, угрунтаванай на Святым Пісанні і навучанні айцоў Касцёла, яе Аўтар паказвае няпростыя, але магчымыя шляхі гарманічнага ўзаемадзеяння веры і розуму, тэалогіі і філасофіі на шляху пошукаў адвечнай і адзінай праўды.

Другая энцыкліка Вялікага Папы, перакладзеная на беларускую мову, «Ecclesiae de Eucharistia», прысвечана ролі Эўхарыстыі ў жыцці Касцёла. У гэтым апостальскім дакуменце, які Папа ахвяраваў Касцёлу ў Вялікі чацвер, акурат на 25-годдзе свайго Пятровага служэння, шмат асабістых перажыванняў і рэфлексій Святога Айца. Ён піша: «Больш за паўвеку, пачынаючы ад помнага 2 лістапада 1946 года, калі я цэлебраваў сваю першую святую Імшу ў крыпце св. Леанарда ў кракаўскай катэдры на Вавелі, мой позірк кожны дзень спачывае на белай гостыі і келіху, у якіх час і прастора як бы яднаюцца. <...> Вось скарб Касцёла, сэрца свету, абяцанне мэты, да якой кожны чалавек, нават несвядома імкнецца. Вялікая таямніца, якая, несумненна, нас пераўзыходзіць і выстаўляе на вялікае выпрабаванне здольнасць нашага розуму выходзіць па-за бачную рэчаіснасць...»

Яшчэ на адну вельмі важную энцыкліку святога Папы, выдадзеную па-беларуску, хацелася б звярнуць увагу — гэта энцыкліка «Evangelium vitae», прысвечаная вельмі важнай і балючай праблеме сучаснасці — абароне людского жыцця ад яго пачатку і да натуральнай смерці. Папа падкрэслівае, што святасць і непарушнасць жыцця грунтуецца на Божай запаведзі «не забівай». «Не можа існаваць сапраўднай дэмакратыі, калі не прызнаецца годнасць кожнага чалавека і не паважаюцца яго правы. Не можа існаваць сапраўдны мір, калі не абараняецца і не падтрымліваецца жыццё,» — піша Папа.

Вядома, што святы Ян Павел ІІ быў чалавекам малітвы. Менавіта малітоўная еднасць з Хрыстом, якая так моцна ў ім адчувалася, прыцягвала да яго тысячы людзей. Вядомая таксама яго глыбокая марыйная пабожнасць. Totus Tuus — цалкам твой, Марыя — такі дэвіз пантыфікату Святога Айца. І таму апостальскі ліст «Rosarium Virginis Mariae» («Ружанец Панны Марыі») — гэта вельмі асабісты дакумент, у якім выяўляецца ўся глыбіня марыйнай пабожнасці Папы. Ён піша: «Праз Ружанец хрысціянскі люд як бы ўваходзіць у школу Марыі, дазваляючы прывесці сябе да кантэмпляцыі хараства Хрыстовага аблічча і да перажывання глыбіні Ягонай любові». Каб глыбей зразумець і адчуць хрыстацэнтрычную сутнасць ружанцовай малітвы, якую так любіў святы Папа, варта перачытаць яго апостальскі ліст пра Ружанец...

Ян Павел ІІ быў прыкладам і ўзорам добрага пастыра. Яго кніга «Устаньце, хадзем!» — гэта разважанне, напісанае на аснове асабістага пастырскага досведу. Папа гаворыць, якім павінен быць сапраўдны пастыр, гэты «слуга слугаў Божых»; ён нагадвае пра тое, якая адказаная і важная місія біскупа ў Касцёле і ў сучасным свеце...

І яшчэ пра адну кнігу Вялікага Папы на беларускай мове хочацца абавязкова сказаць. Гэта апошняя кніга Яна Паўла ІІ «Памяць і самасвядомасць». Яе склалі размовы Святога Айца з вядомымі польскімі філосафамі кс. Юзафам Тышнерам і прафесарам Кшыштафам Міхальскім. Гэтыя размовы адбыліся ў летняй рэзідэнцыі Папы ў Кастэль Гандольфа. Яны закранаюць самыя розныя праблемы і тэмы: місію Касцёла ў свеце і адносіны Касцёла і дзяржавы, гісторыю і культуру, паняцце народа і патрыятызм і шмат-шмат чаго іншага, вельмі актуальнага ва ўсе часы і для кожнага чалавека. Хочацца працытаваць словы святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка з прадмовы да беларускага выдання: «Над гэтаю сваёю апошняю кнігаю Святы Айцец працаваў ужо стоячы на парозе Вечнасці. Як добры пастыр, развітваючыся, ён хацеў, каб усе мы пачулі і паверылі, што ў гэтым свеце, параненым злом і цярпеннем, ёсць Божае святло і надзея. <...> «Памяць і самасвядомасць» — гэта кніга-роздум, кніга-перасцярога, кніга-запавет... спадзяюся, што яна здолее вельмі шмат сказаць кожнаму, хто знойдзе час схіліцца над яе старонкамі».

А яшчэ ж ёсць у нас выдадзеная па-беларуску паэзія Караля Вайтылы і яго «Рымскі трыпціх», ёсць «Тэстамэнт» Вялікага Папы, што праўда надрукаваны пакуль толькі ў 2-м нумары квартальніка «Наша вера» за 2005 год, які можна прачытаць на сайце часопіса.

Давайце ж звернемся да спадчыны Яна Паўла ІІ у гэты асаблівы час, калі ён паўстае перад намі ў арэоле святасці, каб адкрыць для сябе невычэрпнае багацце ягонага свету, каб наталіць свае сэрцы яго любоўю, каб навучыцца ў яго пакоры і ўмацаваць сваю веру.

Крыстына Лялько, «Аve Maria»

Усе кнігі, пра якія ішла гаворка ў гэтым аглядзе, можна набыць у краме «Духоўная кніга» (Мінск, вул. М. Багдановіча, 25, тэл. 293 1753).

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.