Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Жанчына з гарбатнічкам
Усяго патроху
14.10.2014 09:25

14 кастрычніка – Дзень маці. Некалькі слоў пра жанчыну з гарбатнічкам, і з кубачкам, і з лыжкаю, і са згубленай дзіцячай рукавіцаю, і з ружанцам, ды хлебам свянцоным, і з поглядам святым і Богазадумёным.

... Зварочваю пад арку дома, што на Плошчы Перамогі, і іду праз дворык, які ўжо гатовы прыняць восеньскія лісты з дрэў і клапатлівую дапамогу ветру ў  добраўпарадкаванні, мінаю некалькі будак-гаражоў, галерэю “Ў”, якая яшчэ толькі распачынае новы працоўны дзень, і затрымліваюся, але не запланавана. Па вуліцы ідзе Ірына Міхайлаўна, прозвішча не пытайцеся, я ўсё роўна не ведаю, ды і імя выпадковае і змененае, проста не хацелася пісаць проста жанчынка, проста бабуля, проста кабетка, хацелася з першай узгадкі назваць чалавека па імені: так не хочацца абагульняць, асабліва калі пішаш пра тое, што вельмі канкрэтнае, убачанае і застылае ў свядомасці яркім абразком і эмоцыяй.

Дык вось, а Ірына Міхайлаўна ідзе і не спяшаецца, і нясе ў руках посуд, а дакладней, гарбатнічак, белы, з намаляванымі на ім фіялетавымі пралескамі, напалову схаваны ў цэлафан. Гэты гарбатнічак і яркія кветкі на ім — першае, што спыняе мой позірк у агульным сілуэце жанчыны. І яна нясе яго на выцягнутай руцэ. Навошта на выцягнутай? Яна ідзе, працягнуўшы руку з гарбатнічкам, і нешта кажа. Каму? Дрэвам, што гатовыя скінуць ужо сваё лісце, ці гаражам, ці сметніцы, што размешчаная ў квадраціку дворыка? Не. Мінакам.

Два мінакі, хлопцы гадоў дваццаці трох, праскокваюць каля яе жвава і энергічна, а яна спяшаецца паднесці гэты гарбатнічак да іх. Няўжо на гарбату запрашае?

Яны пралятаюць, не звяртаючы ўвагі, знікаючы за дзвярыма аўтамойкі, дзе шуміць і паглынае яе словы напор вады, пены, якой яшчэ іншыя хлопцы мыюць чарговы аўтамабіль.

Не ўдалося запрасіць на гарбату. Але рука не змяняе свайго стану, яна ўсё роўна працягнутая ад постаці жанчыны і скіравана да мінака, які вось-вось наблізіцца і стане запрошаным на гарбату ці на размову.

Яна адышла ад аўтамойкі, гул якой ужо не паглынае словы, не знайшла мінака і гаворыць сама з сабою, альбо з ветрам, які чакае лістападу, каб праявіць свой гаспадарскі клопат і рассцяліць з лістоў пышны клянова-ліпавы палас, па якім будуць ісці мінакі, мінаючы постаць Ірыны Міхайлаўны, якая разам з гарбатнічкам затрымалася ў дворыку, каб кагосьці затрымаць на гарбату, на размову, на хвілінную ўвагу ці на развагі, як мяне.

Я затрымалася тады вачыма і думкамі, потым падышла і замест гарбаты запрасілася на няшматхвілінную размову. Каб гэтая жанчына не заставалася для мяне проста жанчынай з гарбатнічкам, я спытала яе імя, нават запісала яго ў нататнік, нават ведаю, хто яна па прафесіі.

Апошняе, на што я яшчэ звярнула ўвагу, былі яе шэра-блакітныя вочы, якія здаваліся больш шэрымі, чым блакітнымі, напэўна, ад сівых валасоў, што выбіваліся з-пад хусткі. Таксама я паглядзела на яе прыгожыя рукі з гарбатнічкам, па якіх можна б было адразу прачытаць яе прафесію, але яна сама сказала пра сябе... І здагадкі пацвердзіліся.

Нядоўгая размова скончылася, а мне захацелася словам перадаць яе постаць, бо чамусьці падалося — не, не пыталася, ды і яна сама не распавяла, — што хутчэй за ўсё не напіша пра яе сын альбо дачка, і застанецца яна маці для мінакоў, якія не знойдуць часу на яе гарбату, не прылятуць на першую просьбу, як гэта робяць звычайна дзеці, калі іх просіць маці...

Напісала пра Ірыну Міхайлаўну, бо не ведаю ці будзе кінута слова пра яе ў неба. Напісала з заклікам, каб кожны не забываўся кідаць сваё слова пра сваю маці ў нябёсы, каб не прыйшлося гэта рабіць за нас камусьці іншаму.

Вобраз Ірыны Міхайлаўны застыў вобразам прыгожым і далікатным, нават сакральным, толькі сумным і з працягнутым гарбатнічкам.

А які ў вашай свядомасці, а які ў маёй свядомасці жыве вобраз маці, нашай маці? Не сустрэтай выпадкова жанчыны ў хуткаплынным жыцці, а вобраз той, што значна больш была побач, неаднаразова працягвала нам гарбатнічкі, кубачкі, талеркі, паліто і шапку, шалік і згубленую рукавіцу, востразаточаны аловак і вітамінку, хамяка, набытага па самай шчымлівай просьбе, нелюбімы падручнік, ці кішэнныя грошы, ружанец ці крыжык, ці хлеб святой Агаты на дарогу, ці абразок Маці Божай Будслаўскай, ці проста сваю цёплую, а часам шурпатую ад працы руку на развітанне, ці свой радасны ці смутны позірк, які часта малююць мастакі на абразах, стараючыся перадаць усю глыбіню Маці, чый Сын здолеў адкрыць чалавецтву любоў і збаўленне?

Аксана Ючкавіч
Мастак карціны "Жанчына з гарбатнікам" - Аляксандр Туманаў
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.